Выбрать главу

Узяла брата за руку, вядзе да парогу, тулiцца да яго. Далучылася да нас i Эма. Мы выйшлi. Мы iдзём на мост - яны праводзяць мяне. Iдзём i не гаворым. Каб што-небудзь сказаць, Дуся пытаецца ў мяне:

- А ты пушчаў мой вяночак на ваду? Ён плывець?

- Плывець, - ня думаючы, адказаў я.

Ягор i Эма не разумелi, пра што гаворка. Далi мне "Добрай ночы". "Добрай ночы" сказала i Дуся. Якая яна ўсё-ткi добрая дзяўчынка! - падумалася.

У вокнах маёй хаты сьвятла ўжо няма - ляглi спаць. Не дачакалiся мяне. Як мне ўвайсьцi ў хату, каб не пачулi? Мацi чуткая. Скрыпну - прачнецца. А мо яна й ня сьпiць? Чакае, каб калi я прыйду, сказаць, дзе я магу знайсьцi сабе нешта зьесьцi. Яна ў нас такая, хлiплiвая. Душа ў яе хлiпцiць па кожнаму, можа найболей - па мне.

Чую - нейкiя галасы, рогат на вулiцы. Недзе каля калгаснай канцылярыi. Успомнiў - сёньня-ж наш старшыня дазволiў моладзi танцаваць у канцылярыi. Гэта адзiнае, прыгоднае для гэтага мейсца. Хлопцы папрасiлi ў старшынi яшчэ на сходзе, калi падпiсвалi "Лiст" Сталiну. Я чуў, як адзiн з iх угаворваў яго: "Падпiсалi-ж лiст, значыцца зарабiлi, дык пусьцi ў сваю багадзельню патупаць". Дзяўчаты пляскалi старшынi ў ладкi, што дазволiў. Дык вось гэта яны там i "тупаюць". Пайду, можа там i сястра, з ёю лацьвей потым будзе зайсьцi ў хату. Заходжу. Дзяўчаты заўзята пяраць аб дрыўляную падлогу сваiмi босымi, бацькоўскiмi падэшвамi: танцуюць. Былi на сходзе босыя i тут на танцах босыя. Высока пад стольлю пыхцiць лямпа, уздрыгвае ад тупаценьня. Грае гармонiк. Б'юць у бубен. Да мяне падбягаюць хлопцы. Адзiн з iх просiць мяне "разлучыць" з iм адну, самую прыгожую пару, што цяпер кружыцца ў танцы: колькi да гэтай пары нi падыходзiлi хлопцы, каб "разьбiць" яе i танцаваць, але "харашуняў" нiяк не расшчапiць, кружацца, сашчэпленыя, самi з сабой, ведай пагарджаюць табою, iм давай нейкiх асаблiвых хлопцаў.

Калi зачынаюць граць танец, у круг, на пляцоўку, звычайна, выходзяць танцаваць першымi дзяўчаты i ўжо толькi тады iх "разлучаюць" хлопцы. Iх рэдка запрашаюць, калi яны, яшчэ ня выйшаўшы ў круг, стаяць недзе на ўзбоччы. Гэта было-б занадта iнтэлiгентна, пагарадскому.

Я адмовiўся ад прапановы "разлучыць" ганаровую пару. Угледзеў у кутку сваю сястру з... Агапкай. Сястру запрашае старшынёва дачка i яны выходзяць танцаваць. Той-жа самы хлопец просiць мяне "разьбiць" iх. Дзеля сястры я пагадзiўся. Танцую з старшынёваю. Агапка скоса i злосна зыркае на мяне, калi я з сваёю партнёршаю iду па кругу паўз яе.

Сястра радая, што я тут. Тая ўвага да мяне, як да студэнта, перападае i ёй. Брат i сястра на танцах - гэта добра: брат можа заступiцца за сястру, калi-б якi п'янчуга прыставаў да яе, або дзеля яе памiж хлопцамi паўстаў-б якi-небудзь канфлiкт.

Нам яшчэ тут гуляць i гуляць, ды я прашу сястру пайсьцi дахаты - заўтра-ж панядзелак, дый позна ўжо. Мы выходзiм. Сястра пытаецца, дзе я прападаў, сам-жа стараюся даведацца ў яе, што i як у хаце, цi мацi ня злуецца, што я ня прыйшоў на вячэру.

З сястрой я ўваходжу ў хату сьмялей. Сястра нi ў чым ня вiнаватая. Яна запрацавала сабе танцы. Упоцьмах яна намацала нешта з ежы на стале, просiць i мяне ўзяць што.

Я доўга ня мог заснуць. Мяне турбавала Агапкiна дзела. Як я заўтра пакажуся мацi на вочы? Канешне, мацi мне нiчога ня скажа, але як выстаiць самому перад ёй? Калiсьцi мацi магла папракнуць мяне Наташай, тады для мацi я быў яшчэ малы i яна лiчыла сваiм абавязкам аберагаць мяне ад спакусы. Цяпер ня тое - я дарослы, сказаць ёй што-небудзь мне ня так ужо лёгка, мацi разумее гэта, ды ўсё-ткi яна i цяпер, не спадзяючыся на мой розум, баiцца, каб я ня зьбiўся з дарогi, заставаўся чыстым, як i дасюль, да тэй пары, калi стану жыцьцёва дасьведчаны i буду магчы абраць сабе спадарожнiцу паводля развагi, а ня толькi паводля iнстынкту. I толькi тады, па закону, магу сабе дазволiць адпусьцiцца. Боязь бацькоў, асаблiва мацi, здiўным спосабам перадалася i мне я й сам баяўся ўлiпнуць дзе-небудзь, бярогся, ня йшоў на зблiжэньне да такой ступенi, калi мог-бы ўжо пераступiць мяжу дазволенага. Канешне, было тут i iншае - iдэалiзацыя жанчыны, як катэгорыi чыста эстэтычнай. Змалку бачыў у ёй толькi нябеснае, не цялеснае, толькi прыгожае, да чаго нельга дакрануцца, псаваць. I ўжо будучы дарослым, хоць i даведаўся аб жанчыне болей, - не хацеў разбураць, разьвенчваць створанага мною раней вобразу. Мiж iншым, Дуся падтрымлiвала ў мяне такi вобраз. Бацька нават турбаваўся маiм такiм настаўленьнем да жаночага роду. Уначы я неяк падслухаў (не цяпер, раней, калi я спаў у вадным з iмi пакоi) шэпат бацькi з маткай: "Што ты робiш з яго баязьлiўца, ён-жа будзе тады ўсяго баяцца". "Гэта не я, ён сам такi". "Ну дык i дрэнна". Я доўга думаў над тым, што казалi бацькi, хацеў зразумець сэнс пачутых словаў, асаблiва бацькава "ну дык i дрэнна". Цяпер я разумею - мяне навучыла Агапка.

Засынаючы, мне прысьнiўся Вяркееў - вобраз ягоны быў няясны, я ледзьве пазнаваў яго. Выразным быў толькi ягоны голас, званчэйшы, чымся ў сапраўднасьцi. Вяркееў быццам перадаваў мне сваю Акулiну, сплаўляў, а сам хацеў зьехаць ад яе. Я не пагаджаўся ("Нашто яна мне такая!") i ён крычэў на мяне з усёй сiлы. Доўга вярзлося мне ўсякае, пакуль не заснуў. А прачнуўшыся ранiцою, першае, што я пачуў - бацька клепiць касу на двары. Бацька зьдзiвiўся, што я так рана прачнуўся. Бо яшчэ мацi была не падняўшыся.

- Чаго ты гэтак усьпёрся?

- Хачу з табой пайсьцi касiць.

Бацька, седзячы за кляпаньнем, зiрнуў на мяне.

- Калi табе так захацелася - пойдзем. А можа-б пагуляў яшчэ?

Я вычуў - бацька рады, што я йду з iм, i толькi для прычэльля гаворыць, каб я пагуляў яшчэ.

Цi гаварыла яму мацi пра ўчарашняе? Хiба што не: вочы яго не паказалi гэтага.

Касiць мы пайшлi бяз сьнеданьня. Сьнеданьне нам прынясе сястра пазьней. Цяпер яшчэ рана сьнедаць. Касцы не чакаюць на сьнеданьне ў хаце. Трэба сьпяшацца пакуль раса. Сонца прыпячэ - трава ня будзе рэзацца. Замудохаесься.

Вось мы й на лузе, на залiўным. Стаiць яшчэ туман - ня ўзьняўся. Iдзём расяная трава хвошча па нашых штанiнах - у Супырыцу, на ўчастак, дзе бацька касiў у суботу. Яму яшчэ брыгадзiр не замяраў скошанага, не падлiчыў сотак, казаў зробiць гэта ў панядзелак. Бацька кажа - можа выкасiў цэлы гэктар. На лузе яшчэ нiкога - мы першыя. Ня спынiў яшчэ свайго занятку i драч - дзярэ на ўсю сваю моц.

Бацька адмыслова праверыў маю касу, як яна насаджана, цi ў кругу яна цi вонках яго, цi правiльна сядзiць "пупок", ня нiзка i не завысока, прыгледзiўся да "банькi", як у ёй сядзяць клiнкi, - агледзеўшы ўсё, бацька пайшоў наперадзе, я за iм. Лажыўся пракос за пракосам. Пры заходзе бацька радзiў мне не забiраць шырока, як ён, - можна падарвацца. Але я хацеў, каб мой пракос быў ня вузейшым за бацькаў - я хацеў быць у касьбе на роўнi з iм. Касiлi з ахвотай, без пярэдыху. Пакуль найшло болей касцоў (ня ўсе калгасьнiкi ўстаюць цяпер рана), мы ўжо з бацькам звалiлi цэлую плаху. Пракосы, як валы, разьлеглiся роўнымi радамi на вялiкай - як вокам кiнуць - прасторы, збрытай цяпер, зваяванай.

Сястра прынесла нам сьнеданьне, калi сонца было ўжо высока ўзьняўшыся. Калi мы зьелi, сястра пасьпяшалася назад, дахаты, каб пасьпець на сваю працу. Мы-ж з бацькам зноў узялiся за сваё, шчыравалi да самага паўдня, калi ўжо немiласэрна пачало пячы сонца i трава стала цьвёрдай. Косы прытупiлiся, на iхным палатне прыстыла зялёная смага - цяжка соўкаць касой. Трэба кляпаць. Вастрыць. Патрэбны адпачынак.

Мы леглi ў цяньку пад вярбой. Стомлены, я хутка заснуў. Ня чуў нават, як бацька кляпаў, адбiваў косы. Калi я прачнуўся, косы былi ўжо наведзеныя i ўторкнутыя цаўём у зямлю. Бацька закурыў i ўпяршыню, як пачалi касiць, кiнуў на мяне вачыма - бачу хоча са мною загаварыць. "Пра што? Няўжо мацi сказала яму?" Не, бацька мой не такi - ён лiчыць мяне дарослым i пра такое глупства ня будзе гаварыць, ня будзе саромiць мяне. Мы - мужчыны. Пра што-ж тады?"

- Я ня ведаў, куды ты пайшоў учора пасьля сходу. Шукаў цябе - ты быў мне патрэбны. Кыла Сiльпо цябе ня было. Пайшоў быў назад дахаты, аж нагнаў мяне Даўгаль, фiнагент. П'яны. Дый кажа: пылнамочны з табой гаварыў. Дык што ён табе казаў? Нешта дрэннае? Чаму, казаў мне Даўгаль, табе трэба ўцякаць? Цi ты што зрабiў?