Выбрать главу

Не павярнуўшы галавы, пiлёт уздыхнуў, перакрывiўся як ад зубнога болю.

- "Каўбаса" была, ды ветрам падрала.

Уазiк абмiнуў рабую казу, праехаўся па полi i загамаваў у двух мэтрах ад "кукурузьнiка", ля якога завiхалiся два шарагоўцы: чарнявы выцiраў анучкаю перапэцканыя салiдолам пальцы, а бялявы сядзеў на траве i смалiў цыгарэту.

У самалёта й сапраўды адсутнiчала задняе кола - хвост стаяў на калодзе, а пад хвастом, у поўным бязладзьдзi ляжалi падшыпнiкi, патрубкi, кувалда з манцiроўкаю, зашмальцаваная ватоўка, прыцiснутая да зямлi блiскучым валам; апрача таго да хваста быў прыхiнуты мэталёвы брус, цень ад якога перакрыжоўваў увесь гэты натурморт, а разам зь iм i ўсе палкоўнiцкiя надзеi ды спадзяваньнi.

Палкоўнiк паклаў рукi на цёплую абшыўку самалёта, прыцiснуўся да абшыўкi лобам i заплюшчыў павекi.

Апэрацыя была правалена, але ў душы палкоўнiцкай не было нi жалю, нi роспачы, нi хваляваньня. На душы было лёгка, прасьветлена i чыста. Палкоўнiк уявiў, як ён прыйдзе заўтра ў свой габiнэт, падцягне па старой звычцы гiру старога гадзiньнiка, потым нетаропка сядзе за стол i, ускудлацiўшы непаслухмяныя кучары, размашыстым почыркам напiша рапарт. Потым ён прысмалiць цыгарку, падыйдзе да вакна i, глянуўшы долу, убачыць буфэтчыцу Тосю. Тося адорыць яго белазубай усьмешкай, сарамлiва абцягне спаднiцу i тут жа крутнецца на высокiх абцасiках, падступна агалiўшы крамяныя сьцёгны.

Палкоўнiк уздыхнуў, сьлiзгануў даланёй па вiльготных павеках i пачуў раптам бадзёры голас чарнявага шарагоўца.

- Утулка паляцела.

- Цямiш, - адгукнуўся на тое пiлёт, з балесным вохканьнем выдыхнуўшы паветра.

- У прынцыпе, можна ўзьляцець i бяз кола, - iзноў падаў голас шараговец, трэба якi кавалак дрэва прымацаваць - зьняць кару, змазаць салiдолам...

Палкоўнiк страпянуўся, ляпнуў даланёй па абшыўцы, умольна зiрнуў на пiлёта. Пiлёт стаяў, як кол пракаўтнуўшы: лыпаў буркаламi, церабiў падштанiкi i невядома колькi б усё гэта доўжылася, ды тут палкоўнiк ляпнуў пальцамi па шыi, зганяючы казытлiвую кузурку й пiлёт, па-свойму зразумеўшы такi жэст, нясьмела прамармытаў:

- Можна паспрабаваць.

"Канешне можна!" - хацеў было крыкнуць палкоўнiк, але стрымаўся, адно захоплена пацёр далоняй аб далонь, а калi хлопцы кiнулiся да элiнгу - за пiлой i сякерай, - воплескамi прысьпешыў iхны бег.

У нябесным прыцiне залiвалiся жаўрукi, пад нагамi гулi чмялi i восы, жоўтае дзьмухаўцовае поле лашчыла пагляд, але палкоўнiк нiчога ня чуў i ня бачыў. Ён утрапёна хадзiў вакол самалёта, мармытаў сабе пад нос штосьцi дарэшты няўцямнае, вадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы дзеяньнi на зьнiшчэньнi паветранага шара й маёру давялося гучна гвiздаць - у два, а потым у чатыры пальцы, перш чым палкоўнiк ачуўся i зiрнуў у бок легкавушкi. Маёр тыцнуў пальцам у неба, паказваючы, што тэлефануе шэф i палкоўнiк у вадказ рашуча махнуў рукою: размаўляць з шэфам такой парой яму нiяк не выпадала.

... Мядовы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:

- ... Ажыцьцяўляем сачэньне... на перахоп паднятая эскадрыля зьнiшчальнiкаў... зьнiшчыць цэль загадана экiпажу самалёта... - галава маёрава на кароткае iмгненьне вытыркнулася з кабiнкi, - ... з бартавым нумарам ноль-дваццаць чатыры... Будзем рупiцца, таварыш генэрал...

"Як мянташкай лупiць", - прашаптаў палкоўнiк ды, цi не ўпершыню за ўвесь час знаёмства з маёрам, падумаў, што Кукарэка наогул някепскi малец.

- Квадрат чатыры-дванаццаць. Падлятае да базы, - крыкнуў тым часам Кукарэка, ляпнуў дзьверцамi ўазiка, а згледзеўшы шарагоўцаў, якiя цягнулi тоўстую лазовую крывулiну, пабег iм насустрач.

"Як Ленiн на суботнiку", - адзначыў палкоўнiк, пабачыўшы, што маёр падставiў плячо пад тонкi канец крывулiны i, цыкнуўшы сьлiнай, рушыў да пiлёта, якi цягнуў два тросы, скрутак дроту i яшчэ нейкае прычандальле.

Крывулiну прымацоўвалi ўсёй грамадой. Напачатку палкоўнiк ня мог дабраць ладу: як гэта можна прымацаваць гладкае бервяно да шпяня, на якiм сядзела кола. А хвiлiн праз дзесяць, калi, з дапамогаю кувалды, манцiроўкi i троса, крывулiна была прымацаваная, ляпнуў Кудзёлку па плячы i захоплена выдыхнуў:

- Зь мяне вядро гарэлкi!

Потым яны ўтрох - палкоўнiк з аднаго канца, два шарагоўцы з другога прыўзьнялi самалётны хвост на жалезным брусу, Кукарэка наехаў бампэрам уазiка на калоду, выпхнуў яе з-пад хваста, i пiлёт Кудзёлка, абабiўшы кальсоны, задыхана мовiў:

- Трэба выкiнуць усё лiшняе.

Праз пару хвiлiн з разнасьцежаных дзьвярэй "кукурузьнiка" паляцелi мяхi з калiйнымi ўгнаеньнямi, падраная раскладушка, два магiльных жалезных крыжы ды iншае ламачча. Пакуль шарагоўцы выкiдвалi хломазд, пiлёт з маёрам наладжвалi радыёсувязь.

- Палiва зусiм мала. Можам не ўзьляцець, - зумкнуў у дынамiку кудзёлкавы голас, калi сувязь была наладжаная.

- А ў бочцы цi ёсьць што? - запытаўся палкоўнiк, перахапiўшы з маёравых рук слухаўку.

Палкоўнiк наструнiў слых, але сувязь перарвалася.

- Дзесьцi тут было, - гукнуў Кудзёлка, цяпер ужо з самалётнага нутра i неўзабаве на паляну са страшэнным бразгатам выкацiлася пакарабачанае вядро.

З аграмаднай бочкi, што стаяла на ўзьмежку лётнага поля, нацэдзiлi чатыры вядры, пры гэтым шмат палiва пралiлi. Ня бачылi, як поўнiлася вядро, бо ў восем рук, крахтаючы i выпускаючы паветра, прызьнiмалi бочку з дапамогаю ўсё таго ж жалезнага бруса.

I вось яна насьпела, тая шчымлiва-трывожная хвiлiна, калi Кукарэка ўскiнуў на плячук кулямёт, шырокiм крокам пайшоў да самалёта, а сьледам, спрабуючы iсьцi ў ногу з маёрам, рушыў чарнявы шараговец.

- З богам! - прашаптаў усьлед iм палкоўнiк, залез у машыну i, стоiўшы дых, утаропiўся на нерухомы крыж прапэлера.

У нутры "кукурузьнiка" штосьцi загуло, заляскатала, прапэлер зварухнуўся, зрабiўся нябачным i пыльная вiхура, узьнятая самалётам, прымусiла прыкрыць даланёю вочы. Калi ж палкоўнiк растулiў пальцы й зiрнуў адным вокам на сьвет божы, самалёт з шалёным выцьцём бег па полю, не даючы рады ўзьняцца ў паветра, i з-пад лазовай крывулiны, здавалася, сыпалiся iскры.