Выбрать главу

Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог

Раман

Вользе

Гэта прыгожая ілжа,

Гэта цудоўнае адмаўленне.

Такая прыгожая ілжа, што верыш ёй.

Джарэд Лета

А ўкруг мяне стаяць старожы, гатовыя вароты расчыніць,

калі я мыта аплачу душы маёй аздобамі.

Вацлаў Ластоўскі

Сквозь

Толщу микросхем ваш взгляд,

Как звезда, далёк,

На пути на млечном.

Віктар Аргонаў

Заплыў сізы сілязенька,

Ой, заплыў сізы сілязенька

На чужую старану.

Беларуская народная песня

З мілосцю да цябе сыду ў зямлю,

З мілосцю да цябе з зямлі ўздымуся.

Амар Хаям

1.

Той жнівень выдаўся нагвалт спякотным. Я, як заўсёды, выйшаў на працу з летняга адпачынку адным днём раней. Не таму, што мне аж задужа карцела хутчэй прыйсці ў школу, а таму, што зноў аблічыўся з працягласцю адпачынку. Раней я ўвесь час забываўся даплюсаваць да агульнай колькасці адпачынкавых дзён вялікае дзяржаўнае свята – Дзень Рэспублікі. Але той жнівеньскай парою мне пашчасціла забыцца, што яшчэ адзін дзень мне быў гарантаваны кантрактнымі ўмовамі. Руслан Альгердавіч, наш паважаны дырэктар, традыцыйна зрабіў выгляд, што здзівіўся майму заўчаснаму з’яўленню. Я ж паціснуў плячыма і сказаў, што мне не шкада ахвяраваць лішнім вольным часам дзеля карысці роднае ўстановы адукацыі.

Можа быць таму я з казачнай асалодай штодня драбіў цагліны, каб атрыманай у выніку друзоўкай аздобіць школьныя клумбы. Работа не была ювелірнай і адбывалася пад праменнем бязлітаснага сонца, якое, здавалася, на паўстаўкі ўладкавалася ў гестапа. Шчыраваць на гэтай інтэлектуальнай ніве давялося не аднаму мне. Настаўнік чортава тузіна еўрапейскіх моваў Вальдэмар Мікітавіч Міроненка рабіў гэтую справу асобна ад астатніх у прахалодзе школьных сутарэнняў пры святле цьмянай лямпачкі на 40 ват і ў заклапочаных роздумах пра макраэканамічныя працэсы ва ўласных кішэнях. Цагліны ён крышыў павольна, але ператвараў іх амаль у парашок. Гэта мяне бянтэжыла. Я таксама біў цэглу нетаропка, але аскепкі ўрэшце атрымліваліся дужа кабаністыя. Спытаўшы ў Міроненкі парады, я атрымаў у адказ хітрую ўсмешку і бясплатную ангельскую прыказку: «Кепскі работнік свае інструменты ганіць». Няўлоўнасць і прыказкі з прымаўкамі былі яго галоўнымі адрознымі рысамі.

Побач са мной на школьным двары каля спартовай пляцоўкі тую ж самую работу выконвалі два маіх іншых калегі. Непапраўны пафігіст і дыскутант Яраслаў Леанідавіч Майсюк, хаця і быў частковым цёзкам на прозвішча знанага паэта-песенніка, паэзіі ўсё ж не любіў. Але абагаўляў прозу. Ды не проста прозу, а прозу жыцця. Абагаўляў за ўсе выбрыкі і нечаканасці, якія цяжка было прыдумаць самаму таленавітаму пісьменніку нашай, як яму здавалася, безнадзейнай планеты. Такім пісьменнікам ён лічыў аднаго расійскага фантаста, што ўдала эксплуатаваў тэму барацьбы між святлом і цемрай. Вось жа і Майсюк следам за тым фантастам падзяляў усё чыста на святло і цемру, і нядбалым вучням (а выкладаў ён фізіку) даводзілася зусім нясоладка апынацца ў катэгорыі «іншых цёмных». Пад пільным наглядам бога Ра, які зухавата спальваў нам плечы, Ярык прымудраўся да ўсяго паліць цыгарэціну і разважаць пра высокія матэрыі, накшталт маральных аспектаў прысутнасці зямлян на Марсе.

А вось Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў – палкоўнік запасу, колішні ваенрук, а тагачасны выкладчык курсу «АБЖ», які выглядаў гадоў на шэсцьдзесят – нязменна гаварыў пра сэкс. Дакладней ён гаварыў пра што заўгодна, але ўрэшце збіваўся на сэксуальную тэматыку. Толькі той факт, што стары колісь чытаў у паўарыгінале творы Імануіла Бацькавіча Канта, ратаваў нас ад пытанняў пра колькасць пакаштаваных за лета жанчын. Зрэшты, Дзяніс Давыдавіч увесь час дзівіўся, чаму, працуючы ў амаль выключна жаночым калектыве, ні я, ні Ярык не карыстаемся становішчам. «Хлопцы, працы ж непачаты край!» – усклікаў ён, маючы на ўвазе не тройчы выклятыя цагліны, а ўсіх нашых паважаных каляжанак. Я ў тысяча першы раз прапускаў гэтыя словы міма вушэй, усміхаўся і, заліты віленскімі вёдрамі поту, працягваў махаць малатком, удаючы з сябе Тора.

На спортпляцоўцы віліся дзеці і адзін пераростак, якога ў свой час ледзьве справадзілі пасля дзявятага класа. Ён выхваляўся паляўнічымі трафеямі свайго бацькі. Сябручкі і слухалі яго, і назіралі за нашай працай, не разумеючы яе сэнсу. І хоць цікаўнасць даймала, спытаць наўпрост яны не наважваліся. Іхняя ўвага трохі злавала, бо даводзілася пачувацца бясплатным клоунам на арэне месяцавага цырку. Але ж – цярпі, казача, не выпадае іначай. Біццё цэглы пад прыцэлам чужых вачэй працягвалася.