– Мама! – дакорліва выгукнула Аксана.
Лізавета Адамаўна ніяк на гэты выгук не зрэагавала і працягвала адорваць мяне Ніягарай сваіх развагаў:
– Таму Андрэй тут не паказчык. Нерэпрэзентатыўны тып, як любіць гаварыць наш шэф. У любым выпадку ён будзе проста ціхенька сядзець і сапець у дзве свісцёлачкі… А Андропаў, калі меркаваць па расказах дачкі, проста блазен-пераростак, якому ў школе ўжо няма чаго камусьці даказваць, і застаецца толькі строіць з сябе дурня.
– Вы так спрытна выдаяце ім характарыстыкі, ажно мне страшна становіцца, бо я вось так адразу не змог бы.
– Змаглі б. Абы патрэба была, – жанчына ў чарговы раз засвяцілася ўсмешкай. – Нічога страшнага. Будзем з Аксанай вам дапамагаць.
Я падзякаваў зусім на аўтамаце, не намагаючыся ўбачыць у хвалях змоўніцкіх інтанацыяў вострых падводных камянёў. Каля школы мы нарэшце разышліся. Наказаўшы Аксане гуртаваць усіх астатніх аднакласнікаў, я рушыў да Любартавай.
Марыне Нарымунтаўне на той момант было асабліва не да мяне, бо даводзілася канчаткова вырашаць, хто з выпускнікоў варты гонару даць першы званок. Клопаты гэта былі не абы-якія, бо ў каторы ўжо раз узнікала верагоднасць прыезду на лінейку надта высокіх гасцей. Прыедуць ці не прыедуць ніхто, як заўжды, не ведаў, але патэнцыйная небяспека зрабіць перад госцем плясь у гразь, вымушала варушыцца.
З хлопцам-званаром выйшла загваздка. Грыша Стахіевіч з майго 11 «А», на якога спадзяваліся яшчэ суткі таму, прыйшоў на ўрачыстасць хоць і ў светлай вопратцы, але зусім не ў класічнай, як таго патрабаваў дрэс-код нашага мерапрыемства. Ісці пераапранацца ён катэгарычна адмаўляўся, прадказальна аргументуючы гэта тым, што іншае адзежы для лінейкі няма.
Любартава напружана думала і ўрэшце пстрыкнула пальцамі, што сведчыла пра нараджэнне крэатыўнай ідэі. «Паколькі варыянт з Грышам адпадае, званок дасць Наташа Скрэпкіна. Хаця такога, каб дзяўчына-адзінаццацікласніца давала званок, на маёй памяці не было. Але што паробіш, калі годных хлапцоў днём з агнём не адшукаеш… А Наташа ўсё-ткі наша даўняя актывістка, пераможца розных конкурсаў і алімпіяд. Адным словам, цуд, дый годзе!» – абгрунтавала яна для ўсёй творчай групы свой выбар. Ніхто і не пярэчыў. Я ж нарэшце змог спытаць Марыну Нарымунтаўну, як мне быць – Фігара тут, Фігара там – і вядоўцам, і класным кіраўніком? Яна ўдзяліла мне пятнаццаць секунд, за якія растлумачыла ўсё належнае, і пад яе блаславенне я хутка падаўся да сваіх дзетак.
Народу каля школы станавілася шторазу болей. Раніца выдалася сонечнай, але не спякотнай. У гэтай яснай прахалодзе луналі воклічы дзяцей, іх родзічаў і старыя савецкія песні пра школьны тытанік. Мяне зноў пачало злёгку штарміць. Я ледзьве сабраў усе сілы, каб гучна звярнуцца да раз’яднаных групак маіх адзінаццацікласнікаў. Яны збольшага млява, але з усмешкамі сталі падыходзіць да мяне.
– Слухаем уважліва класнага кіраўніка, – дапамагла мне Аксана Багуслаўская, звяртаючыся найперш да гаваркіх хлапцоў.
– Слухаем, слухаем, – адказалі чамусьці не яны, а дзяўчаты на чале з Лерай Булатнікавай.
– Дзеці мае, – ненавідзячы сябе самога за падабраны зваротак пачаў я, – зараз мы ідзем на баскетбольную пляцоўку і шыхтуемся ў колькі шэрагаў у тым месцы, дзе крэйдай на асфальце…
– Ды ведаем мы. Так кожны год, – перабіў мяне вечны працмыга і нястомны праўдашукальнік Андрэй Дастаеўскі, пра якога ў гэтым сэнсе нельга было сказаць, што ён ні рыба, ні мяса.
– Я гэта кажу для таго, – не робячы заўвагі, працягваў я, – каб вы ўсе былі там, а не боўталіся недзе з боку, калі да нас высокі госць глядзець будзе…
– А што, высокі госць прыедзе? – спытала ўвішная Кася Вядзёркіна. – А ён сам малады?
Клас засмяяўся. Я смех стрымаў і гаварыў далей.
– Удакладняю, што перад пачаткам лінейкі мы з вамі будзем разам, а потым я сыду.
– Што? Куды? Навошта? – загуў хор недаўмення.
– Дык вы не будзеце нашым класным кіраўніком? – з пэўнай крыўдай спытала Алёна Караблёва.
– Ай, Лена, якая ж ты… недасведчаная, – я пазнаў голас Алісы Селязнёвай, – Эрнест Скіргайлавіч вядзе ўрачыстасць, як і заўжды.
– Блін, я і забыла, – сумелася і тут жа заўсміхалася Алёна.
– Дзякуй, Аліса, што нагадала ўсім пра гэтую прыемную акалічнасць, – сказаў я. – Вось жа, я адвяду лінейку, а калі загучыць фінальная песня, я вярнуся да вас і мы пашыбуем у кабінет на класную гадзіну.
– Ой, навошта нам тая класная гадзіна? – хлапеча-дзявочае шматгалоссе спрабавала спраўдзіць, ці хутка я схіляюся на ўмаўленні.