Выбрать главу

– Класны час нам патрэбен, каб вырашыць процьму працоўных момантаў… Ну і я асабіста вас павіншаваць мушу ці не?

Апошняе пытанне было выключна рытарычным. Дзіва, што нават заўзятыя смехары, накшталт Пеці Андропава, не дазволілі сабе колкіх жартачкаў.

Калі мы рушылі на спортпляцоўку, Аксаніна мама не прамінула адзначыць жэстам, што ўсё добра, усё пад кантролем. Я адказаў ёй усмешкай. За маёй спінай дзеці перамаўлялі між сабою. Услухоўваючыся ў той слоўны гармідар, я пачуў, як Лера цікавілася ў Алісы:

– Ты заўважыла, што ён адрэагаваў зараз толькі на цябе?

– Глупства, – не згаджалася Селязнёва. – Ён зрэагаваў не на мяне, а на тое, што я сказала нешта дзельнае ў адрозненні ад некаторых.

Я ніяк на гэта не азваўся, хаця і быў перакананы, што шэпчуцца не пра кагось іншага, а пра мяне.

Пляцоўка паступова запаўнялася. Майсюк з Альхімовічам, які завіхаўся побач, яшчэ раз правяралі зладжанасць апаратуры, а найперш мікрафонаў. Урэшце, на належнае месца цугам пацягнуліся настаўнікі-прадметнікі (шчасліўчыкі без класнага кіраўніцтва!) і адміністрацыя школы з гасцямі. Таго госця, якога можна было назваць, высокім сярод апошніх я не прыкмеціў і, кінуўшы сваім падапечным «no pasaran», шляхетна пакрочыў да мікрафона, дзе мяне ўжо чакала Алеся Сяргееўна. Сотні поглядаў у тое імгненне былі скіраваныя на мяне, і трэба было добра выстарацца з духам, каб не спатыкнуцца ад гэтае ўвагі.

7.

Па нашай даўняй завядзёнцы мы з Алесяй пераглянуліся, сінхронна разгарнулі свае тэчкі з раздрукаваным сцэнарам і сталі чакаць умоўнага сігналу. Гэткім сігналам было адначаснае знікненне ўсёй фонавай музыкі. Усе прысутныя аціхлі. Рыбанька з пафасам чыстае манеты распачынала свята першага школьнага званка:

Ужо зямля змяніла ўбранне,

Святочны апранула строй,

Сягоння свята,

Школы свята

Ва ўсіх дзяцей, краіны ўсёй.

Мне нічога не заставалася, як з пафасам адмысловага фальшываманетчыка, працягваць распісаныя на паперы радкі:

Яшчэ паўгадзіны – і першы званок

Вас зноўку пакліча на першы урок!

Школьныя дзверы для вас разамкнуцца,

Ветла спаткае кожны вас клас!

Заўтра вучэбныя будні пачнуцца

Ну а сягоння – святочны ваш час!

Алеся тым часам ператваралася ў Левітана

– Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года аб’яўляецца адкрытай!

Ярык адразу ж націснуў трыманую напагатове кнопку і з калонак гучна панесліся першыя гімнавыя акорды. Маё неадціснутае мядзведзем вуха адразу адчула нешта не тое, і літаральна праз секунду я зразумеў прычыну гэтага адчування. З калонак вырваўся спеў:

Ще не вмерла України і слава, і воля,

Ще нам, браття молодії, усміхнеться доля.

Усе ўвачавідкі асалапелі, але эмоцыі стрымалі. Ззаду пачуўся ўстрывожаны шэпт чальцоў адміністрацыі. Руслан Альгердавіч спяшаўся суцішыць аднаго з невядомых мне гасцей. Любартава кінулася да Майсюка, які ўсё ж выключыў гімн суседняе дзяржавы і пачаў апраўдвацца: маўляў, спампаваў трэк з інтэрнэту, не пакалпаціўшыся загадзя праверыць яго змест. Адначасова ён корпаўся ў ноутбуку, каб сцягнуць з сеціва патрэбны гукавы файл. На гэты раз яму пашанцавала. Паўза занадта не зацягнулася, і ўрэшце можна было падхапіць словы нашага міралюбівага гімну:

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Я наўмысля варушыў губамі, дарма што ведаў новыя словы толькі прыблізна, і пільнаваў, ці робіць яшчэ нехта гэткае. Бальшыня шкаляроў, асабліва старшакласнікаў, проста стаялі і глядзелі ў зорнае нікуды. Падпявалі толькі малыя і ўсяго некалькі чалавек больш сталага школьнага веку. Мае ўсе чыста маўчалі, прымудраючыся на мігі паведаміць адно аднаму, што класны кіраўнік спявае беларускі гімн.

Калі галоўная песня нашай краіны адгучала, Алеся Рыбанька запрасіла да мікрафона дырэктара. Ён, павіншаваўшы ўсіх прысутных, стаў пералічваць выдатныя дасягненні школы за мінулы навучальны год. Я заўжды дзівіўся яго прамоўніцкаму імпэту і ўменню доўга гаварыць без паперкі. Дырэктар згадаў і медалістаў, і адрамантаваныя класы, і яшчэ плойму ўсяго ўсялякага, чым я і не падумаў бы хваліцца. Следам за ім прамаўляў госць, якога прадстаўляла Алеся, а я празяваў усё, што яна сказала. Госцеў спіч быў бадзёры. Ён абычас усміхаўся, напамінаючы сабе і ўсяму ваколлю, што нам пашчасціла быць грамадзянамі самай стабільнай дзяржавы ў свеце. Цалкам лагічным пасля яго выступу выглядала ўручэнне членскіх білетаў навабранцам моладзевага саюзу, якое паволі перацякло ў спеў яшчэ ненавернутай у членства, але надзвычай патрыятычнай старшакласніцы з даўгімі валасамі, пафарбаванымі ў цёмны-цёмны колер: