Выбрать главу

Беларусь сильная,

Беларусь красивая,

Самая моя,

самая моя

любимая!

«І ты паставіў ёй за год усяго толькі шасцёрачку?» – памысна каяўся я. Але адказваць не было калі. Надыходзіў час успомніць старты і фінішы нашых школьных спартоўцаў. Да мікрафона Алеся запрасіла жанчыну, якую на маёй памяці ніхто і ніколі не прадстаўляў інакш, як наша дарагая Ганна Мікалаеўна. Ні прозвішча, ні пасады, нават прыблізнай, не называліся. Гаварыла яна сцісла, нібыта жыхарка старажытнай Лаконікі. Хваліла поспехі. Замоўчвала заганы. Зычыла цярпення. Яе словы падмацоўваў акрабатычны эцюд, які выконвалі крохкія дзяўчынкі з дужымі рукамі. «Што будзе, калі гэткая маляўка захоча пераехаць табе па мардаглядзе?» – толькі і паспеў я паднесці запалку, каб падагрэць у сабе даследніцкі інтарэс, а ўжо мусіў абвяшчаць выступ першакласнікаў.

Малыя асабліва не тлуміліся – generation next! – праспявалі традыцыйныя прыпеўкі пра неадольную цягу да навучальнага працэсу і запатрабавалі адказнага слова выпускнікоў, з шэрагу каторых выйшла некалькі дзяўчат. «Чувакоў фіг падпішаш на гэты цыркус. Так дык мора па яйцы, а гэтак – саромеюцца», – пацягнула мяне ў натурфіласофію. Адзінаццацікласніцы рыфмамі кляліся ў любові да школы і (хо-хо-хо!) настаўнікаў, а сваім маленькім спадкаемцам зычылі светлай і чыстай, нібы нашая Белая Русь, дарогі ў краіну ведаў.

– Увага! Урачысты момант! – прагаласіў я.

– Нашы выпускнікі віншуюць настаўнікаў і сваіх малодшых сяброў! – падхапіла Алеся.

Загучала нешта лірычнае з творчасці гурта 30 Seconds To Mars, а пляцоўка на пэўны час ператварылася ў гэткую хадзільню. Адзінаццацікласнікі неслі кветкі педагогам і пакуначкі з дзіцячым шчасцем першакласнікам. Атрымаў букет і я. Падзякаваў. Усміхнуўся. Паспяшаў хутчэй збыць гэты каштоўны груз, перадаўшы, нібы на захаванне, Любартавай. Ніколі не любіў кветак, пагатоў тых, што мне дарылі на падобных імпрэзах. Што занадта, то нешакаладна.

Мая напарніца абвясціла выхад Скрэпкінай і нейкага малога. Я чакаў, што Наташа падыме таго і пасадзіць на плячо. Але не спраўдзілася. Яны ішлі побач і, трымаючы разам званок, выклікалі яго гук. Калі яны прайшлі кола цалкам я паклаў сваю тэчку на калонку, адправіў Рыбаньцы ледзь прыкметную буську і пабрыў у бок маіх адзінаццацікласнікаў. Цёмнавалосая старшакласніца зацягнула фінальную песню:

Не потеряй меня планета,

Не забывай, что я есть где-то,

Не растворяй меня лучами солнечных дней,

Не оставляй меня напрасно,

Не предавай, одно ведь ясно,

Просто когда-нибудь я тоже стану твоей.

Песня скончылася, і самотная Алеся стала зачытваць спіс класаў і класных кіраўнікоў, называючы нумар кабінета, дзе мусіў адбыцца першы класны час. Мяне трэсла ад залішняй канцэнтрацыі словаў з коранем «клас». Але зусім неўзабаве прагучала запрашэнне, што тычылася мяне і тых дваццаці шасці чалавек, якія стаялі за маімі плячыма, наўрад ці думаючы пра будучыню. Мы зрабілі свой пачэсны круг вакол пляцоўкі і рушылі ў школу, дзе няспынна дзынькаў стандартны электрычны званок.

Мы падняліся ў кабінет матэматыкі (клас жа мне дастаўся фізіка-матэматычны!), дзе я мусіў пагаманіць з дзецьмі на зададзеную тэму («Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь») і правесці падрыхтаваную мной віктарыну, а ўжо толькі тады брацца за рэкламаваныя перад лінейкай працоўныя моманты. Я глядзеў на сваіх вучняў і рукі мае (разам з сэрцам) калаціліся. Мне здавалася, што кожнае слова прамоўленае мною будзе ўважанае за фальшывае, падманлівае. Менавіта таму я не адважыўся агучваць дбала падрыхтаваны сцэнар з эпіграфам і пятнаццаткай пытанняў у стылі інтэлектуальнай карыды. Трэба было праз «не жадаю» прымусіць сябе. Але я не зрабіў гэтага, і вучні адчулі адну з маіх выразных слабінак.

«Ну, што ж, як вы напэўна зразумелі, я ваш новы класны кіраўнік, – вымавіў я, і ў класе засвяцілася некалькі ўсмешак. – Што паробіш. Так атрымалася. Я віншую яшчэ раз усіх вас з надыходам новага навучальнага і апошняга вашага школьнага года. Хай ён станецца для вас хуткім, простым і шчодрым на добры плён, каб урэшце вы змаглі ўдала выбраць сваю жыццёвую дарогу і годна крочыць па ёй у будучыню». Мяне нямала здзівіла, што гэтыя пафасныя словы прамаўляліся зусім шчыра, без якога-небудзь унутранага панукання ці знушчэння над сабой. Тады мне было неўпрыцям, што прамаўляў не я, а мая адзінота, якая каторы ўжо раз стаяла на парозе чужой будучыні, не бачачы наперадзе ні новай зямлі, ні новага неба, ні тысячы дарог да шчасця для мяне асабіста…