Апамятаўшыся ад раптоўнага наслання, я стаў кавалерыйскім наскокам вырашаць актуальныя праблемы, звязаныя з фармаваннем актыву класа і запаўненнем анкет, якія б мне дапамаглі пазней займацца бюракратычным віндсёрфінгам.
Выбары класнага актыву сваёй безальтэрнатыўнасцю маглі паспаборнічаць з камуністычнымі. Старостай абралі Аксану Багуслаўскую. Віцэ-старосту абіраць не сталі, дамовіўшыся, што ў разе чаго Аксана сама прызначыць адказную асобу. Потым выбралі адказных за журнал (Лера Булатнікава і Карына Кляшторная), а следам і рэдкалегію, якую склалі Алёна Караблёва і Аліса Селязнёва. Аліса напрасілася сама. Але, як я зразумеў, зусім не дзеля любові да насценгазетнага мастацтва, а з прычыны асцярогі, што я прызначу яе на нешта больш пільнае. Але пасады на гэтым, хвала Алаху, скончыліся. І мне, спатнеламу, прыходзілася чакаць, калі ж вучні пісьмова адкажуць на дзіўны набор анкетных пытанняў. На збянтэжаныя позіркі дзяцей я паведамляў, што самыя дзіўныя анкеты будуць яшчэ наперадзе. «Не хацеў бы я пабачыць гэтага пераду», – пажартаваў Грыша Стахіевіч.
8.
Наступным днём я імкнуўся быць з маім класам, як мага большую колькасць часу, хаця ўрокаў у іх не вёў. Наведваўся на перапынках. Пытаў пра справы і пра злевы. Мне нешта адказвалі. Хто млява, хто жвава. Хто разумна, хто з выклікам.
– А што, вы будзеце ўвесь час так за намі хадзіць? – ненатуральна пісклявым голасам спытала Лера Булатнікава.
– Мне ж трэба з вамі пазнаёміцца больш шчытна, – ненаўмысна дапусціў двухсэнсоўнасць я.
– Вы на што, Эрнест Скіргайлавіч, намякаеце? – удаючы гэткую маміну дурніцу, адрэагавала Лера.
– Гэта ты сама стрэлкі пераводзіш, – нібыта няўрокам кінула Караблёва.
– Во, во, з хворай галавы на здаровую валіш, – падтакнула Селязнёва.
Булатнікава троху спахмурнела, але адказваць на закіды аднакласніц не стала, адно буркнула на Карыну Кляшторную, якая стаяла побач моўчкі і ледзь прыкметна ўсміхалася. Знайшла крайнюю.
– Ну, дзяўчаты, так мы кашы не зварым, – мне не хацелася быць нагнятальнікам канфлікту ў дзявоцкай палове класа.
– Быстрасупам абыдземся, – працягвала бурчэць Лера.
Я павінен быў неяк улагодзіць сітуацыю і ў наступную хвіліну зрабіў чарговую памылку – папрасіў у насупленай дзяўчыны прабачэння. А так нельга было рабіць. Такім чынам я прадэманстраваў яшчэ адну сваю слабінку. І гэта відавочна не замарудзіла стаць па маім сыходзе з кабінета прадметам абмеркавання сярод дзяўчат. Дакладней не ведаю. А хлусіць не стану.
Не было б дуды – не было б бяды: праз урок паступіла ўводная, што на заўтра спланаваны суботнік. З карабля на баль, а з балю да Папялушкі – яна ж з работай ані трасцы не спраўляецца. Каляжанкі маёй іроніі зразумець не маглі. Я і сам асабліва не смяяўся. Прыйшоў да сваіх дзетак і тонам начальніка Чукоткі загадаў прынесці мне на перапынку спіс дзесяці добраахвотнікаў, што будуць дапамагаць беднай Папялушцы. Усе дружна скрывілі насы, нібыта іх запрашалі пачысціць Аўгіевы стайні. Пачуўся цэлы шэраг аднекванняў.
– Мы больш на беласнежках спецыялізуемся, – паспрабаваў карчомна пажартаваць Андрэй Дастаеўскі.
– Дас іст фантастыш, – падтрымаў непрыстойную лінію Пеця Андропаў са сваім заўсёдным паваротам галавы ў бок і скіраваннем вачэй у столь.
– Я выслухаю вас заўтра. А зараз спрачацца не буду. Праз трыццаць хвілін, будзьце ласкавыя, падаць мне спіс.
Староста ніякавата пазірала на мяне, пераглядваючыся з аднакласніцамі.
Я не ведаю, як мая актывістка ўгаворвала аднакласнікаў, якія аргументы прыводзіла, да чаго апелявала. Прыйшла, аднак, са спісам у належны час.
– Эрнест Скіргайлавіч, на жаль, я заўтра не змагу быць сама, – сказала Аксана, нібы прапускала бясплатную экскурсію ў Галівуд. Я зірнуў на прынесены шматок паперы з прозвішчамі і спытаў:
– І ўсе прыйдуць?
– Калі нехта не прыйдзе, скажаце мне, – прамовіла староста.
Аксаніна фраза мяне і цешыла, і пужала: не я, а яна будзе разбірацца з прагульшчыкамі. Гэта таксама было няправільна.
Для падстрахоўкі я абтэлефанаваў усю дзясятку шчасліўцаў. Але гэта мала дапамагло, бо на суботнік з’явілася толькі палова. Астатнім выгодней было раптоўна засаплівіць, з’ехаць з бацькамі на шашлыкі ці папросту стаць часова недасягальным абанентам. Сітуацыя ў калег па паралелі была трохі лепшай. Атрымаўшы інструкцыі ад Любартавай, наша працоўная брыгада рушыла ў бок парка высокіх тэхналогій культуры і адпачынку. Па дарозе да нас далучыліся Міла і Арына. Апошняя была з маленькай пляменніцай. Мая зорка Кася Вядзёркіна выразна адчула нястачу ўвагі да сябе.