Выбрать главу

– Эрнест Скіргайлавіч, я пайду. Ну, што я буду ў тым парку рабіць?

– Кася, пабудзь са мной, калі ласка, – сказаў я так спакойна і цвёрда, што адразу ж адчуў фібры паслухмянасці, якія заструменілі ад дзяўчыны. У яе зайграў мабільнік. «Так, мама. Суботнік, мама. Няскора, мама. Эрнест Скіргайлавіч, папрасіў пабыць з ім, мама», – мамкала Вядзёркіна.

Арына з Мілай пасмейваліся. Два іншыя класы ішлі далёка паперад нас. Хлапцы з 11 «А» далучыліся да іх. Мы ж крочылі ціха. Крочылі і размаўлялі. Я адчуваў жахлівую корць запытацца пра Настассю, але змушаў сябе маўчаць. Дзяўчаты гэта разумелі і, нібыта між іншым, паведамілі, што ў Цыпінай сёння лекцыі, а то, безумоўна, выцягнулі б на шпацыр і яе. Ну, безумоўна ж. Таблетка пад язык. А размова ўсё вілася ля сумежных тэмаў: каханні, вяселлі, дзеці.

– Калі мы ўжо вас пабачым з вашым дзіцём? – спытала Вядзёркіна, як брытвай па мітральнаму клапану паласнула. Я адчуў, што мае былыя вучаніцы ледзьве стрымлівалі сябе, каб не сказаць Касі пару ласкавых словаў.

– Ну, мабыць, не сёлета, – мой спакой і цвёрдасць растаялі, нібы Снягурка на купальскім вогнішчы.

Дзяўчаты трохі замарудзілі хаду. Бакавым зрокам я ўбачыў, як Міла злёгку штурхнула Касю, прыгразіла кулачком і жэстамі загадала спыніць падобныя роспыты. Вядзёркіна пракашлялася і паскорыла крок, даганяючы аднакласнікаў.

– Я да хлопчыкаў, – папярэдзіла яна, каб я нічога такога не падумаў.

– А як вам класнае кіраўніцтва? – спытала Зарыцкая, нібы гэтая тэма была для мяне менш балючай (зрэшты, так яно і было!).

– Псіхалагічна мне гэта цяжка трываць. Гэта, як пастаянны ціск.

– Ай, не перажывайце, вы добры чалавек і справіцеся з усім выдатна, – здавалася, што яна казала шчыра, але ўвадначас адчуваліся лёстачкі.

– Да таго ж грошай больш. А ў канцы года падарунак файны атрымаеце, – супакойвала Міла чыста прагматычнай аргументацыяй.

– Я ўжо і не ведаю, якому богу падарунак зрабіць, каб у мяне класнае кіраўніцтва забралі, – патэтычна ўздыхаў я. – Бачыце, я нават на суботнік нікога сабраць не магу.

– Гэта несмяротна, Эрнест Скіргайлавіч, – вярнулася Арыніна чарга суцяшаць мяне. – Думаеце ў нашай класухі з намі ўсё гладка было?

– Вы ж прынамсі яе слухалі…

– Адным вухам слухалі, а другім выпускалі… – пракаментавала Міла.

Маленькая дзяўчынка, Арыніна пляменніца, глядзела па чарзе на кожнага з нас і ўважліва слухала. Верагодна, апошняя рэпліка яе зацікавіла найбольш і яна ціхенька запыталася: «Цёця, а чаму вы адным вухам слухалі? Другое заткнулі?».

У парку мы нарэшце нагналі астатніх. Каля «клеткі» нас сустрэла сэксапільная цётка. Яна выдала інвентар зусім не сэксуальнага ўжытку і павяла ўсю грамаду за сабой у бок палацу. Хлапцы з ахвотай крочылі за ёй. Вось толькі за граблі трымацца не вельмі хацелі. Але давялося. Хлапцам – грабаць, а мне ўгаворваць, каб яны грабалі.

Кася Вядзёркіна зноў прыклеілася да мяне і маіх спадарожніц, яўна не збіраючыся працаваць. Занурыўшыся ў свае перажыванні, я глядзеў на гэта скрозь пальцы. Нечакана высветлілася, што класныя кіраўніцы «бэшак» і «вэшак» не проста стаялі над сваімі вучнямі, але і самі актыўненька шоргалі граблямі. Гэта мяне збянтэжыла, як і касыя позіркі вучняў, асабліва дзяўчын. Арына і Міла пераглянуліся, не кажучы ні слова, схапілі пару вольных грабелек і далучыліся да працы.

Калі ж тая серада прайшла,

Як не еўшы на прыгон пайшла.

«Яны мяне проста песцяць», – падумалася мне. Незанятага інвентару я больш не бачыў. Пакінуўшы Арыніну пляменніцу пад апеку Вядзёркінай, я з раскурочаным сумленнем падаўся да выдатніцы з 11 «В» Кіры Краўзэ і папрасіў пазычыць мне каштоўную прыладу працы.

– Ідзіце, Эрнест Скіргайлавіч, шпацыруйце са сваімі дзевачкамі. Не замінайце працаваць, калі ласка, – рэзка адцяла тая, быццам я пакрыўдзіў яе, прынамсі, тройчы.

– Кірачка, чаго ты злуешся? – я не ведаў, куды схаваць лішак уласнай атарапеласці.

Я цудоўна памятаў, якія выдатныя адносіны ў нас былі з ёй, калі яна вучылася ў дзявятым класе. Пра нас нават пляткарылі, хаця паміж намі нічога і быць не магло, апроч незвычайнага сяброўства. Але чорны піяр, відаць, падзейнічаў: увесь дзясяты клас нашы дачыненні былі нацягнутымі, як струны на арфе багоў. Яна абсалютна ігнаравала мяне ў сэнсе інтэлектуальных размоваў. Я не разумеў яе раптоўнага захаплення двоечнікам з 9 «Б». Але адкрытых сутыкненняў між намі не здаралася. І на адзнаках у яе гэта ніяк не адбілася. Бо была яна працавітая і старанная, як Ефрасіння Полацкая… І вось цяпер пасля ўсяго, што не было паміж намі, яна не хацела мне даваць нейкія дзёўбаныя граблі! Мяне перакасіла ад злосці і сораму.