Выбрать главу

– Вы фільм жахаў рэпетуеце? – не прамінула падкалоць адна з вучаніц.

«Ерэтычны трылер», – хацеў скаламбурыць я, але ўстрымаўся. Балазе падышла лепшая сяброўка Кіры з 11 «Б» Ніна Дарошка і вельмі спакойна з добрай усмешкай сказала:

– Эрнест Скіргайлавіч, вы не хочаце трохі паграбаць?

Падобная фраза з многіх дзясяткаў вуснаў вылецела б, як прэтэнзія. А Ніначка гаварыла нагэтулькі шчыра і бясхітрасна, што расчуліўся не толькі я, але і Кіра, нібы толькі што і не кідалася маланкамі. Я ўдзячна прыняў граблі, як рыцар прымаў блаславёны на геройскія ўчынкі меч, і мы разам сталі паціху вычэсваць з травы першае апалае лісцё. Дарошка стаяла побач і расказвала нешта вясёлае пра свайго малодшага браціка. І было нам шчасце.

Нашае дзіўнаватае трыа прыцягнула ўвагу Шчодрык і Зарыцкай. Я не чуў дакладна іх словаў, але верагодна яны паспяшаліся зрабіць выснову, што і без іх сяброўкі Цыпінай мне можа быць добра. Нашай працоўнай ідыліі не вытрымала нават Вядзёркіна, якая ўзяла граблі ў класнай кіраўніцы 11 «В», перадаручыўшы ёй Арыніну пляменніцу. Не ведаю, ці сапраўды ёй захацелася працаваць, ці можа яна мела спадзевы пачуць ад нас нешта сенсацыйнае. Кася Вядзёркіна не была пляткаркай, але надта любіла гаварыць па сакрэце. На гэты раз ёй не пашанцавала.

– Эрнест Скіргайлавіч, можна вас патурбаваць? – папытала Арына Зарыцкая.

– Толькі не трэба мас турбаваць! – засведчыла абазнанасць у сучаснай беларускай паэзіі яе сяброўка.

– Хадановіча цытуеш? Добра, – не прамінуў прадэманстраваць дасведчанасць я, і не чакаючы адказу, папярэдзіў: – Не дзівіся толькі потым, калі пазней пачуеш пра нас што-небудзь гэткае. Цябе зараз чуў не адзін я. І наўрад ці яны зразумелі цытату адэкватна.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ўсё так ускладняеце, – стала астуджаць мяне Арына. – Вы пасля суботніка куды?

Пульс мой імгненна пачасціўся.

– Спачатку ў школу, паперы розныя забраць. А потым дамоў. Трэба журнал да панядзелка аформіць. А справа гэта цяжкая, як карона Святарнай Рымскай Імперыі.

Наконт журнала я сказаў чыстую праўду, але яго запаўненне планаваў на нядзелю.

– А вы плоў любіце? – спытала Арына.

– З кальмарам, – удакладніла Міла.

– Смачны? – прапішчала малая.

– Смачны, – пацвердзіла Арына.

– Ну… Я… Гэта… – усе мае аратарскія здольнасці раптоўна канулі ў вогненную рэчку пад калінавым мостам. – Плоў я з мясам… Звычайна… Кальмар так… І ў салатах… Ці фаршыраваныя там… А каб плоў і кальмар разам… Не каштаваў… Ніколі…

– У вас ёсць унікальная магчымасць паспытаць гэтую эксклюзіўную страву, – тонам спрактыкаванага коміваяжора прамовіла Міла.

– Паспытаў бы рыбкі кот. Але як дастаць праз лёд? – сказаў я і адмоўна паматляў галавой, адымаючы ў дзяўчат магчымасць давесці свае асцярожныя запросіны да лагічнага завершання.

Так, я разумеў, што мяне хочуць запрасіць у госці. Я быў бы і не супраць, але становішча было і хочацца, і колецца. Цяжка сказаць з дакладнасцю, чаго я тады страшыўся: страты кантролю над сітуацыяй, сваіх потных шкарпэтак ці помсты Ктулху за пакрыўджаных братоў кальмараў. Але давялося адмовіць.

Суботнік неўзабаве скончыўся. Граблі (ці не сваім ходам?) вярнуліся на месца. Школьнікі разыходзіліся, развітваючыся з класнымі. У мой бок таксама ляцелі «да пабачэнні» і спадзевы «выпадкова сустрэцца» у нядзелю на «Дні горада». «На дні ці на дне?» – жартаваў я ў адказ, але жарт здолелі ацаніць толькі Зарыцкая са Шчодрык.

9.

Зразумела, што ні на дні, ні на дне я не аб’явіўся. Мне нават ломка было ў чарговы раз рэфлексаваць над невылечнай завядзёнкай маіх сугараджан сплаўляцца ў цэнтр для масавага баўлення часу ў фармаце in harelka veritas. І Арынчыны sms-віншаванні з нагоды дня горада я ўспрымаў не інакш, як з іроніяй, спадарожна крамсаючы лязом новенькі класны журнал, што ніяк не хацеў ахайна запаўняцца.

З панядзелка ж пачаўся паўнацэнны працоўны тыдзень з больш-менш стабільным раскладам і вучнямі пакуль што зацікаўленымі ва ўроках. За малым выняткам, канечне. Як заўжды адчувалася і ўласная натхнёнасць што да навучальнай часткі. Пагатоў узроставы абсяг маіх шкаляроў быў шырокі – з восьмага па адзінаццаты клас. Таму даводзілася гаварыць пра многае і рознае: пра гамлетаўскі цвішэнізм і посткаланіяльную перыядызацыю гісторыі Беларусі, пра дэканструкцыю міфа пра Сізіфа, зробленую Альберам Камю і бясконцую шматстайнасць чалавечых «Я-вобразаў», пра формулу Пратагора і глабалізацыйныя выклікі сучаснасці.