Арына і Міла хітра ўсміхнуліся і зноў жа рэкламным дуэтам перапыталі адразу ва ўсіх:
– Вы гэта пра што?
– Ну, як жа? Там пад пуцеправодам машына гарыць, якую… – забалабоніў Алесь.
– Няма там ніякай машыны. І не было, – рашуча абвясціла Зарыцкая, а Шчодрык заківала галавою, моўчкі пацвярджаючы словы сяброўкі.
– Дзеўкі, не дурыце галавы, мы ж зараз у гаўне па вушы, – гізаваў фізік. – І вашы жарцікі тут недарэчы.
Аднак дзяўчаты трымаліся свайго меркавання. Гэта яшчэ больш раз’юшыла Ярыка. «Колькі можна з мяне дурня строіць?» – закрычаў ён, спыніў машыну і выйшаў, каб разгледзіць драпіны ад куляў. Гэта задума выявілася цалкам марным заняткам. Ніводнай драпіны, апроч той, якую ён сам некалі зрабіў і прыхаваў пад дэкаратыўнай налепкай, на «жыгулёнку» не было. З машыны выбеглі Бухоўскі і Альхімовіч. З неахвотай выйшаў і я, каб паназіраць за тым, як мае сённяшнія напарнікі, зноў будуць ламаць сабе галовы ў спробе вытлумачэння невытлумачальнага. Я са шкадобай глядзеў на мітуслівыя рухі Майсюка. Ён узіраўся і ўслухоўваўся ў напрамку пуцеправода. Жадаў убачыць дым ці пачуць сірэны машын адпаведных службаў. Альхімовіч нават працягнуў яму бінокль. Але і з біноклем выглядзець нешта надзвычайнае не атрымалася. Плыні машын спакойна рухаліся па аўтастрадзе ў патрэбных ім напрамках. Фізік не вытрымаў, загнаў усіх у машыну, сеў за стырно і скіраваўся туды, дзе Арына падбіла «бумер». Але ўсе гэтыя кіданні былі суцэльнай дарэмнасцю. Ніводнага сведчання здарэння знайсці не ўдалося.
Ехалі ў горад моўчкі. Чарговае рашэнне спісаць усё на анамалію далося маім напарнікам вельмі цяжка. Але яны мусілі яго прыняць, пагатоў я, як і мае нядаўнія вучаніцы, цалкам адмаўляў расповеды пра гранатамёт і падбіты «бумер». Зарыцкая і Шчодрык выйшлі на першым жа прыпынку пасля моста праз Сівую, пакінуўшы нават мяне без тлумачэнняў. Зрэшты, мне іхныя тлумачэнні ўжо і не надта былі патрэбнымі. Мае ранейшыя здагадкі на іх конт пацвярджаліся. Я гарэў адной думкай, адным жаданнем: шпарчэй дабрацца да школы і выкарыстаць артэфакт. Каб не цягнуць за сабой хвост у асобе Бухоўскага, я даў яму грошай на пляшку гарэлкі. Майсюк і Альхімовіч паспяшаліся з’ехаць, каб заліцца геймерскім азартам, забываючыся на няўцямшчыну, што вычваралася з імі па гэты бок манітора.