Эфект першага тыдня быў традыцыйна станоўчым, не гледзячы на пэўныя цяжкасці, звязаныя з наяўнасцю спецыфічна спартыўных класаў і бестэрміновага рамонту кабінета хіміі, дзеля чаго з восьмымі даводзілася займацца часцяком у актавай зале, адчуваючы сябе ў пэўным сэнсе гладыятарам. Ave caesar! Morituri te salutant!
Са сваімі ж дзеткамі я насіўся, як ведамы персанаж з пісанай торбай. Гэта ім яўна не падабалася. Хаця цешыліся з таго, што прагул многімі суботніка мінуўся беспакаранна. Насіцца яшчэ трэба было і таму, што 11 «А» клас распачынаў сезон унутрышкольных дзяжурстваў. Штоперапынак я бегаў да іх, выганяючы на пасты. Яны павольна, быццам цягнучы час, пакідалі аўдыторыі, але часцяком не паспявалі прайсці і пару крокаў па калідоры, як пачынаў гучаць парадаксальна выратавальны для іх званок на ўрок. Ніхто нават і не таіў сваёй радасці з гэтай прычыны. А мне тая радасць была, як горкія суніцы. Салодкіх вяршкоў у гэтыя суніцы спрабавалі дабавіць невядомыя кідальнікі «глушцоў» – штодня я меў на маім мабільным старэчы да паўсотні страчаных выклікаў з сама мала дзесяці розных нязнаных мне нумароў. Такія вяршкі не прыпадалі да смаку. Але ж мусіў цвердзіць сабе: «Цярпі гора, будзе і мёд». Наважыцца на анталагічны бунт я ніяк не мог, бо больш за ўсё на свеце баяўся страціць звычную сістэму быццёвых каардынатаў. Ды яшчэ і ў першы навучальны тыдзень, ды з дзяжурствам па школе. Зрэшты, як бы мне ні хацелася захаваць быццёвую стабільнасць, восі каардынатаў міма маёй волі хісталіся. І хісталіся добра… Гэтыя рухі, гэтыя бегі нябесныя надломлівалі маю душу, і неўпрыкмет для сябе я змяняўся і выразна не ў бок дасканаласці.
Як дзяжурны па школе мусіў пільнаваць, ці датрымліваецца вучнямі дзелавы стыль адзення. Калі шчыра, дык мне было да лямпачкі, у што апранаюцца дзеці, абы толькі не ў брудныя лахманы. Дый ніхто нікому не дазволіў бы пагнаць пераапранацца раніцой ладную палову школы! А яно ж так і было – на дзелавы стыль бальшыня вучняў з добрым сумленнем забіла вялікі цвік. Каб хоць неяк паказаць стродкасць і прынцыповасць у гэтым пытанні, я папросту не пусціў на свае ўрокі ўсіх вучняў, што прыйшлі ў джынсе. Найперш дасталося дыхты дзявятым. А ў 9 «Б» з гэтай нагоды прагучаў дыялог, які адразу стаўся класічным. Вучні тады былі збольшага агаломшаныя маім учынкам і наракалі на нястачу грошай, каб набываць адмысловыя апранахі. «Дзе ўзяць штаны?» – патэтычна ўсклікала рэшта хлапцоў. «Спадніцу дзе ўзяць?» – незадаволена гукала астача дзяўчат. Настрой у мяне быў забойны, і я без віхлянняў раіў заняцца перашыўкай бацькоўскіх рэчаў.
– Вы ўяўляеце, як холадна ехаць ранкам у школу? Мы ж у спадніцах сабе ўсё адмарозім, – не без правакацыйнага пасылу шуганула на мае парады пекная танкляўка.
– Што? – нават і паловай вока не міргнуў я, удакладняючы крыніцу яе клопату.
– Вы ўсё зразумелі, – катэгарычна, як скальпель няўмелага, але амбітнага, хірурга, урэзала дзяўчынка.
– Вы мабыць хочаце, каб мы не змаглі нараджаць, – уставіла свае тры грошыкі іншая вучаніца, якая без важкіх на тое падставаў спрабавала лічыць сябе самай прыгожай дзяўчынкай на паралелі дзявятых.
– Баюся, што ў цябе дзіцё з’явіцца значна раней, чым у мяне, – папудлівым языком прамянцеў я.
– Хіба што ад вас, Эрнест Скіргайлавіч, – бязлітасна габлянула дзяўчынка.
– Я не дастойны такога шчасця, – падбіраючы словы (добра, што не зубы з падлогі), трагічна прамямліў ваш пакорлівы служка.
– У вас заніжаная самаацэнка, – падала голас з апошняй парты сонная нефармалка ў чорным.
Трываць далей перакрыжаваныя двубоі было небяспечна, і давялося спешна вяртаць усіхнюю ўвагу на праблему паходжання чалавека ад малпападобных продкаў…
Не падзяліцца з кімсьці аповедам пра гэты інцыдэнт было б стопудовым грахом, і неўзабаве я разбалбатаў пра яго плойме сваіх калегаў. Збольшага яны ўсе ўсміхаліся. Толькі Міроненка зрабіў здзіўленыя вочы і вымавіў па-нямецку: «Седзячы ў шкляной хаце, не варта шпурляцца камянямі». Ён быў мудрым выключэннем.
Я здагадваўся, што ўся адміністрацыя школы неўзабаве даведалася пра маю педагагічную нягоду, але ацаніла, відаць, яе зусім па-свойму: як гераічнае кіданне грудзьмі на агнявую кропку праціўніка. Звання героя мне, што праўда, не далі, але палічылі мой педагагічны досвед дастатковым, каб прымацаваць (слова ж якое!) да мяне практыкантку-пяцікурсніцу, якая мусіла, быццам губка, уцягваць ўсе лепшыя метады і прыёмы работы класнага кіраўніка. Зрэшты, нельга выключаць верагоднасці таго, што прымацоўвалі да мяне Валю (так яе звалі) яшчэ і з аглядкаю на мой халасцяцкі статус і з стратэгічным разлікам: «ану нешта й выйдзе». Папраўдзе практыкантка, як і бальшыня яе напарніц, выдалася, як ніколі, харошай. Рэч тут не ў прыгажосці ці зваблівых вочках (гэтага дабра ў сезоны студэнцкіх практык заўжды было покатам), рэч у звычайнай камунікабельнасці напалам з абаяннем, пасыпаным іранічнасцю мала не постмадэрнісцкага кшталту. Такая рэцэптура выклікала зваротнае жаданне камунікаваць, а не праціраць моўчкі порткі дзе-небудзь на ўзбочыне лакальных інфармацыйных плыняў. Магчыма такая незвычайная для мяне цяга тлумачылася Валінымі прафесійнымі здольнасцямі ў журналістыцы, якая была яе другой спецыяльнасцю пасля беларускае філалогіі.