Выбрать главу

У кожным разе мы ўдвох спрабавалі раскачагарыць наш 11 «А», наіўна мяркуючы, што гэта магчыма ў прынцыпе. Валя праводзіла традыцыйныя псіхалагічныя тэсты. Дзеці традыцыйна кпілі з тэставых пытанняў і пісалі ў адказ чыстую бздуру. Вылучаліся тут найперш хлапцы, якія спрэс былі смехунамі першай гільдыі і нават уголас давалі з’едлівыя каментарчыкі, мала зважаючы на маё змяінае шыпенне. Аднак Валіны сацыяметрычныя ды іншыя абследаванні былі дзіцячым лепятаннем на лужочку ў параўнанні з грудам пытанняў, якія падкінула (атрымай фашыст гранату!) школьная сацыяльна-псіхалагічная служба, дзе самым нявінным было «Ці п’яце вы спіртное разам з бацькамі?», а самым пакручастым «Ці вы ўжо мелі полавы кантакт?».

Хлапцоў гэта весяліла. Дзяўчат бянтэжыла. У выніку адсотак шчырасці быў нянадта высокім. Мноства вучаніц перажывала, ці не пазнаю я іх почырк, бо думалі, што я адразу ж пабягу глядзець адказы на адно канкрэтнае пытаннечка. Думку гэтую агучылі адразу ж, але толкам не патлумачылі, дзеля чаго мне гэта варта было б рабіць. Адна толькі Вядзёркіна прашаптала нешта няўцямнае пра перспектывы сумеснага выпускнога вечара. Урэшце, з майго асабістага дазволу замест адказаў насупраць страшнага пытання яны ставілі прочыркі. Смехуны ж на тое адказвалі станоўча, а самыя балдэсы ўдакладнялі колькасць актаў у тыдзень.

– Не бярыце да сэрца, Эрнест Скіргайлавіч. Для іх узросту гэта нармальна, – суцяшала мяне Валя, нібы рабіла грандыёзнае псіхолага-педагагічнае адкрыццё.

– А мне здаецца, што ў іх узросце ўжо самы час падобныя пытанні успрымаць больш адэкватна, без лішніх выпіндосаў, – не пагадзіўся я.

– А можа ўсе гэтыя, як вы сказалі, выпіндосы, адно толькі абаронная рэакцыя на ўмяшанне ў іх прыватнае жыццё.

– Я ж не прасіў у іх падрабязную справаздачу.

– Усё адно. Дый узроставая розніца між імі і вамі дае аб сабе знаць…

– Чаго? – я пачынаў заводзіцца.

– Не такая вялікая, каб успрымаць вас выключна як педагога. І не кожная вучаніца, нават ананімна, захоча паведамляць класнаму кіраўніку пра сваё полавае жыццё. Вы ж не доктар.

– Ваша тэза безумоўна цікавая. Аднак ёсць закавыка – узроставая розніца акурат вельмі істотная.

– Колькі? Ну гадоў сем-восем. Гэта дробязь…

– У параўнанні з вечнасцю, канечне, – чмыхнуў я.

– Не, ну насамрэч дробязь жа, – не сунімалася практыкантка.

– Валя, гэта ў мяне з вамі розніца ў сем-восем гадоў, а з імі – адзінаццаць-трынаццаць…

Суразмоўніца збянтэжылася і мабыць крыху пачырванела, што цяжка было згледзіць пад важкім пластом касметыкі. Пасля секунднага здранцвення яна выціснула з сябе адну суцяшальную фразу:

– Як сведчаць псіхолагі, і гэта не самая крытычная разбежка. Большасць дзяцей з вашага класа успрымае вас толькі часткова прадстаўніком іншага пакалення, бо вы фізічна не маглі быць іхным бацькам…

– Давайце ўрэшце перастанем, як казалі даўней, дышкурсаваці, бо слізгацім па нейкіх небяспечных гранях. Дый характарыстыку вам трэба пісаць на іх, а не на Баластоўскага.

– Можна хоць яшчэ адно слізкае пытанне? – практыкантка пыталася, прымружыўшы вока.

– Ну, паспрабуйце, – злітаваўся я і абдарыў яе спагадлівай ўсмешкай.

– А кім вы самі хочаце быць для іх: класным кіраўніком ці сябрам?

Прызнавацца ў тым, што класнае кіраўніцтва сталася для мяне непрыемным сюрпрызам, не хацелася. Імгненна ацаніўшы ўзровень правакацыйнасці пытання, я стаў хітраваць:

– А хіба ж нельга быць і гэтым, і гэным адначасова? І ўвогуле мы з вамі з сэксу пачыналі…

Наша размова адбывалася ў настаўніцкай. Мы сядзелі на канапе і прамаўлялі дастаткова ціха, каб ніхто з прысутных маіх каляжанак асабліва не здолеў разабраць, пра што ўвогуле вядзецца. Аднак мая апошняя фраза прагучала ў такой крыштальна чыстай цішыні, што ўсе пяць настаўніц, якія сядзелі троху воддаль за сталамі, увадначас, бы па камандзе, адарваліся ад сваіх сшыткаў, кнігаў, газет і запытальна зірнулі ў мой бок. «Няўжо ты паспеў яе трахнуць, нягоднік?!» – чыталася ў іхных вачах. Я не рэагаваў на гэта, а Валя нічога і не заўважыла.