Калегі-мужчыны глядзелі на гэта з розных вежаў. Яраслаў Леанідавіч Майсюк ставіўся да ўсяго збольшага нейтральна, пакепліваючы пры нагодзе з шырыні спектру маіх нявестушак. Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў пастаянна ўпікаў мяне за злачыннае бяздзеянне, абычас наракаючы на ўласныя гады, якія не дазвалялі яму выконваць пачэсную ролю джыгуна-залётніка. Няўлоўны Вальдэмар Мікітавіч Міроненка абсалютна не выяўляў сваёй цікавасці да праблемы. Мне нават думалася, што ён абазваў бы яе надуманай ці, таго горш, з пальца выссанай. Але ён напісаў мне на паперцы ірландскую прыказку, сэнс якой я адразу і не зразумеў: «Калі ў цябе чэрап, як яечная шкарлупіна, не ездзі ў Дублін на кірмаш». Зрэшты, усё гэта ў сукупнасці мяне хвалявала мала. Ярыка я па-сяброўску прасіў не дурыць мне сракі. Заўвагі Давыдавіча адпраўляў у жорсткі ігнор. А Вальдэмара яшчэ трэба было знайсці, каб што-кольвек адказаць на яго туманную прыказку.
Якой славай мяне ўзнагароджвалі вучні, я зноў жа мог толькі здагадвацца. Але сыходзячы з таго, што пераважная большасць старшакласніц не ўпускала магчымасці самым нахабным чынам састроіць мне вочкі, была мая слава дужа спецыфічнай. І хаця за тры вярсты літоўскія праглядалася, што за састроенымі вачыма тояцца выключна дзявоцкія дурыкі, сія-тыя мамзэлі верылі ў сваё магічнае ўздзеянне на мяне. Гэты стэрэатып, узрослы з невядомай мне плёткі і ўскормлены эфектам сапсаванага тэлефона, шпарка перакінуўся на медыка-біялагічны 10 «В» клас, які складаўся амаль цалкам з новапрыбылых дзяўчат. Стэрэатып не абмінуў і дзявятыя, і нават восьмыя класы. Было надзвычай дзіўна адчуваць на сабе незразумелыя праменні вачэй малалетніх шмакадзявак і шторазу скаланацца ад іх шматсэнсоўных усмешак. І чым дальш у лес, тым больш труску чулася вакол завядзёнкі «спакушаць Баластоўскага». Часам гэта нагадвала элемент нейкай навамоднай кампутарнай гульні, калі на галоўнага персанажа кідаюцца ўсе, хто хоча, бо паводле сцэнарных умоваў у таго наўмысна пагоршаная рэпутацыя, якую трэба тэрмінова папраўляць, робячы добрыя справы. У маім выпадку было абсалютна незразумелым, ці можна рэпутацыю палепшыць увогуле. Здавалася: што ні рабі, як ні круці, а ўсё адно ўчынак будзе трактаваны ў адпаведнасці з наяўным стэрэатыпам. Вось гэта акурат і хвалявала, падкідвала сур’ёзную шостку ў навучальна-выхаваўчы працэс.
Але ў тыя вераснёўскія дзянькі ўсё было толькі на стартавай стадыі і ўспрымалася такой сабе хохмачкай, якая пабудзе-пабудзе дый забудзецца за стратай актуальнасці. Ды нічога не забывалася, нікуды не знікала, а толькі назапашвалася, нібыта хлуд у скрынцы з надпісам «Несвядомае», якую я маляваў на дошцы для васьмікласнікаў.
12.
Набліжэнне першага бацькоўскага сходу выклікала ўва мне трымценне ў стылі апошняга жоўтага ліста. Я не баяўся таго, што бацькі пачнуць выстаўляць нейкія прэтэнзіі да мяне – нагоды не было. Але я нагвалт страшыўся дыялогу са стракатай незнаёмай мне аўдыторыяй. Каляжанкі спрабавалі мяне ўсяляк падбадзёрыць. Плёну гэта не давала. Сэрца круцілася, як стрэлка звар’яцелага сонечнага гадзінніка, прымушаючы рыхтаваць не проста план выступу, а цэлую нобелеўскую лекцыю, каб потым хадзіць туд-сюд між ложкам і кампутарам, рэпетуючы, як усё будзе. А хацелася – каб нічога не было. Чым бліжэй была дата сходу, тым большым рабіўся хмарачос маіх хваляванняў.
У належны дзень я напяў на сябе ўрачысты гарнітур і, ціпа красаўчэг, пашлэпаў па звыклым маршруце. Можна было не сумнявацца, што з аўтобусам, якім я збіраўся даехаць да школы, нешта здарыцца. Не, аварыі не адбылося. Адбыўся банальны, але надзвычай непрыемны затор каля кандытарскай фабрыкі. Давялося стаяць, пацець, лавіць носам карамельна-шакаладны пах і думаць пра вечныя глюкі вялікай кампутарнай сімуляцыі. За гэтыя думкі мяне яшчэ больш кідала ў пот, а «Ікарус» прасоўваўся наперад з хуткасцю чарапахі Тарцілы, якая кагадзе прыняла лішак снатворнага. Усё яно злавала мяне. Даставала мяне. Катавала мяне. Зрэшты, да школы насуперак затору я дабраўся ўчасна.