Каляжанкі заўважалі маё трымценне і спрабавалі даць пару-тройку экспертных меркаванняў з нагоды дыджэінгу на бацькоўскім сходзе. Не мямліць. Не вохкаць. Не пачынаць з кепскага. Гарцаваць на ўдалым рысаку паміж бацькоўскімі рэплікамі. Не даваць апамятацца. Не дапусціць стварэння непадкантрольных бацькоўскіх груповак. Запальваць сэрцы, ствараючы або рэанімуючы бацькоўскі камітэт. Пераконваць у мэтазгоднасці ахвяраванняў на карысць школы. Ім так лёгка гаварылася, што ў мяне ажно падкошваліся ногі, а сківіцы свавольна торгаліся, прымушаючы няўцям клацаць зубамі.
Бацькі збіраліся ў актавай залe на першую частку марлезонскага балету пад непаўторнай кодавай назвай «Агульнашкольны сход». Вучнёўскіх прашчураў было шмат, а крэслаў у зале – мала. Маса людзей стаяла па абодва бакі ўваходных дзвярэй. Прамова дырэктара трывала біты час. Рознаўзроставя дзядзькі і цёткі (апошнія складалі пераважную частку) рабілі выгляд, што слухаюць, млеючы ад навальнае духаты, што хутка апанавала памяшканнем. Калі дырэктарскі спіч скончыўся, рушылі па аўдыторыях, дзе мусілі адбыцца лакальныя версіі другой часткі памянёнага балета, якая кодавай назвы не мела. Я паспеў падрыхтаваць дошку, напісаўшы там нумары сваіх хатняга і мабільнага тэлефонаў.
Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі перад пачаткам сходу, я паўтараў у думках толькі адно: «Галоўнае пачаць, а там, як па лёгкай каляінцы». Гэта быў самагіпноз. Самаўмушчэнне, як сказаў бы, напэўна, легендарны Вацлаў Ластоўскі, калі б ведаў пра маю злыбеду.
Я глядзеў на дзясятак матуль і двух татуляў, спрабуючы здагадацца – хто ёсць хто. Усе здаваліся знаёмымі, але намаганні самастойна персаніфікаваць прысутных завяршаліся поўным правалам. У выніку толькі Лізавету Адамаўну Багуслаўскую я і вызначыў, бо за месяц ад нашага знаёмства і пачатку майго класнадзейства памяць мне ўсё ж не адбіла. Матулі і татулі сваім чарадом глядзелі на мяне і, пэўна ж, узважвалі магчымыя плюсы і мінусы такога мультыфрукта, як я. Многія з іх ведалі пра маё існаванне даўно, але толькі ў той вечар маглі ўпершыню ацаніць гісторыка Эрнеста Скіргайлавіча без медыятараў і мадэратараў. Вось гэтае прыцэньванне і было для мяне самым вялікім цяжарам. Я адчуваў сябе доранай кабылай, якой спрабуюць зазірнуць і ў рот, і яшчэ ў некалькі месцаў. Невядома, куды б занесла нас агульная напружанасць, калі б у дзверы не пастукаўся мужчына, які з дзіўнаю ўсмешкай запытаўся:
– Дык што ж? 11 «А»?
– Так, праходзьце, калі ласка, – я быў выключным прыкладам ветлівасці.
Ён нясмела ўвайшоў у кабінет, зірнуў сакаліным вокам на грамаду, сеў за першую парту ля дзвярэй і, не пакідаючы ўсміхацца, раптоўна выявіў сумнеў, які, верагодна, ні з тога, ні з сёга стаў яго кусаць дзікім сабакам дынга:
– Прабачце, – сказаў ён, – а Фама Андрыёнак у 11 «А» вучыцца?
– Раней вучыўся, – заўсміхаўся я.
– Што значыць раней? – яго голас выдаваў здзіўленне, але рысы твару пры гэтым анічуць не змяніліся.
– Значыць, у мінулым навучальным годзе. А цяпер ён перайшоў у медыка-біялагічны 11 «В» клас, бацькоўскі сход якога праходзіць у суседнім кабінеце.
– У медыка-біялагічны? – нарэшце здзіўленне здолела змяніць ягоны твар.
– Так, – павучальна хітнушы, адказаў я.
– Дык што ж, гэта ліцэй імя Юрыя Гагарына? – нібыта хапаўся за апошнюю саломінку, удакладніў ён.
Аўдыторыя не змагла стрымаць смеху, чым ладна збянтэжыла няўдачлівага госця.
– Не, гэта сярэдняя школа №XXXL імя Марціна Пачобут-Адляніцкага, – прамовіў я, а бацькі пацвердзілі мае словы, жвава ківаючы галовамі.
Дзядзька на секунду зацяўся і пасля ў паўголаса ўздыхнуў, нібыта мацюкнуўся:
– Збой дае матрыца.
Гэтая лаянка здзівіла мяне ці не болей за ягоны прыход. Мяне нават паспеў адолець кароткачасовы сумнеў у выпадковасці такой памылкі. Але сумнявацца не было калі, і я ўсё-ткі распачаў мерапрыемства.
Трымаючы прамову я быў ласкавы, як фразеалагічнае ласкавае цяля, і пафасны, як амерыканскі прэзідэнт кіношнага памолу. Я рабіў беглую самапрэзентацыю і прэзентацыю настаўнікаў-прадметнікаў. Я сто разоў паўтараў словазлучэнне «нашы дзеці», спадзеючыся вытачыць у мамуляк слязу замілавання. Я цвердзіў, што зычу дзецям толькі дабра і таму галоўнай задачай лічу спакойна і годна завершыць сярэднюю школу, не забываючы дбаць аб удзеле ў пазакласных мерапрыемствах. Я абяцаў як прадметнік па мажлівасці нікога не крыўдзіць з адзнакамі. Я біў сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы, што буду стаяць за дзетак – нашых дзетак! – цар-гарою. У замен я прасіў толькі разумення і спрыяння. Не ведаю, наколькі шчыра і пераканаўча гучалі мае словы. Не знаю, упала зерне майго паслання на ўрадлівую глебу ці ўсяго толькі на каменне. Бацькоўскі камітэт уваскрашаў я з асцярогай. Прысутныя маўчалі. Кандыдатаў вылучаць не хацелі. Адно тады, калі я паведаміў, што каардынацыяй дзейнасці займуся асабіста, колькі мамаў з палёгкай і амаль нават падзякаю згодна заківалі галовамі.