Выбрать главу

– Нясцерпна чакацьму.

– Усяго добрага, Эрнест Скіргайлавіч.

– Бывайце здаровы.

Колькі секундаў я трымаў слухаўку ў руцэ, спрабуючы ўтаймаваць узрушанне: божачкі, мне ж пазваніў сапраўдны супрацоўнік КНАКС! Але ўзрушанне не было доўгатрывалам і хутка сышло на нулі. Кінуўшы слухаўку, я пайшоў дапіваць шампанскае.

13.

Наступны дзень, дэклараваны як дзень здароўя, не абяцаў амаль нічога новага. Новым быў толькі мой статус удзелу ў ім. О, так! Гэтае салодкае слова класны кіраўнік! Вызваліўшы практыкантку Валю ад лішніх для яе клопатаў, я паспяшаў у сталоўку, каб атрымаць для сваёй паствы сухі паёк: бутэрброды з вэнджанай каўбасою, апельсіны, пакуначкі з малаком і маннай нябеснай. Паціху сталі падыходзіць мае адзінаццацікласнікі, якіх я змушаў узяць належны ім харч. Яны какетліва аднекваліся, прыкрываючыся словазлучэннем ранішняя наетасць. Я настойліва цыкаў. Мне зусім не хацелася валачы ўвесь гэты гастранамічны цяжар на той бераг ракі Сівой, куды школа звычайна скіроўвалася ў гэткія аздараўленчыя дні. Урэшце, за кошт некалькіх ці то галодных, ці то прагных да халяўкі хлапцоў мне ўдалося збольшага разгрузіцца. Настаўнікі фізкультуры заклікалі выводзіць дзяцей на двор і рушыць традыцыйным маршрутам.

Я крочыў у атачэнні сваіх вучаніц. Хлапцы, традыцыйна, пабеглі наперад, прымкнуўшы да кампаніі сябрукоў з 11 «Б». Дзяўчаты пачыналі заводзіць старую катрынку і пыталіся: «Ну, навошта нам гэты дзёўбаны дзень здароўя?». Я намякаў, што катрынка сёння не ў модзе.

– А што тады сёння ў модзе? – хмурачы броўкі, удакладніла Лера Булатнікава.

– Зараз модна не хмурыцца, а ўсміхацца, – нечакана мяне падтрымала Алёна Караблёва.

– Твая усмешка, позірк твой мяне штурхнулі ў бездань мрояў, – працытаваў я эмігранцкага паэта.

– Гэта вы, Эрнест Скіргайлавіч, напісалі? – пераадольваючы сваю адвечную маўклівасць, пацікавілася Карына Кляшторная.

Калі б я быў страшэнным нахабам, дык пэўна ж, не міргнуўшы вокам, падмануў бы і Карыну і астатніх дзяўчат.

– Не, – сцісла вымавіў я.

– Вы нас разводзіце, – з усмешкай умяшалася Кася Вядзёркіна. – Мы ж ведаем, што вы пішаце вершы.

– Ці мала хто піша, – ухіліста адказаў я. – Трэба быць чыстым фанабэркам, каб налева і направа цытаваць самога сябе.

– Фана кім? – не зразумела Кася.

– Фанабэркам, – выразна прамовіў я.

Выпярэджваючы мае тлумачэнні, Алёна стала разважаць над сэнсам гэтага – таксама незнаёмага ёй – слова:

– Ну «бэрка», мабыць, памяншальна-ласкальнае ад «бэр», што значыць «мядзведзь». А «фана», напэўна, ад «фанаграмы», пад якую толькі рот раскрываюць, робячы выгляд, што пяюць. Такі сабе мядзведзь-фанаграмшчык.

– Ага! Мядзведзь-фанаграмшчык, які сам сабе ў дзяцінстве на вуха наступіў, – падхапіла развагі Вядзёркіна.

– А мядзведжае вушка, калі верыць пэўным анекдотам, гэта нешта непрыстойнае, – злаўмільна заўсміхалася Булатнікава.

– Цікава што? – з пэўным выклікам спытала Кляшторная.

– П…а, – адказала Лера.

– Сама ты п…а, – вомільгам агрызнулася Карына.

– Ды не ты п…а, а мядзведжае вушка п…а, – раззлавалася знаўца пэўных непрыстойных анекдотаў.

– Дзевачкі! – нібыта супакойваючы, выгукнула Кася.

Усё адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных:

– А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?

Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу:

– Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван П…аты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.

Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.