Выбрать главу

– Божачкі, – завойкала Булатнікава. – Гэта ж жахліва. Атрымліваецца, што ў нас не жыццё, а суцэльнае дадумванне.

– Самае жахлівае, што ўвесь наш свет можа быць усяго толькі дадумваннем Бога, – няшчадна ўрэзаў я.

– Не кажыце такія жудасныя рэчы, – ледзьве не ўзмалілася, хаця і са звыклым для сябе налётам тэатральнасці, Лера.

Іншыя вучаніцы ўспрынялі мае развагі моўчкі. Толькі Кася Вядзёркіна, змучаная прагай адказу на іншае пытанне, з абурэннем усклікнула:

– Кіньце вы гэтае дадумванне! Жанчына не стала б апісваць канапу без прычыны. Канстанцыя ў савецкі час проста не магла ўзяць і напісаць, што ў яе з Купалам быў сэкс. Але мабыць жа быў!

– І што ты хочаш гэтым сказаць? – удакладніла Караблёва.

– Гэтым нічога, – Кася зрабіла трагічныя цялячыя вочы. – Мяне цікавіць іншае: у іх жа была агромністая разбежка ва ўзросце. Так, Эрнест Скіргайлавіч?

– Гэта, як сказаць, – выціснуў я, – ён нарадзіўся ў 1882, а яна ў 1893 годзе.

– Адзінаццаць гадоў розніцы! – выгукнула Кася.

– Чаго ты ўсхадзілася? – з пякучай усмешкай спытала Лера. – Нармальная разбежка. Людзі і не з такімі разбежкамі шлюб заключаюць. А тут жа не пра шлюб гаворка.

– Ты хочаш сказаць, што такі вось сэкс – нармальная з’ява? – не суцішалася Вядзёркіна.

– Нармальная, калі натуральная, – адказала Булатнікава. – Калі ўсё дабраахвотна, без прымусу, то якія могуць быць прыдзіркі? Ніякіх.

– Дзяўчаты, – умяшаўся я, гатовы ад усіх гэтых размоў праваліцца ў Аргенціну, – сэкс у выпадку Купалы і Буйлянкі ёсць нашым дадумваннем. Калі ж мы не памыляемся, то мусім улічваць зорны фактар.

– Што за ён?

– Вы хочаце нас заблытаць?

– Зоркі спрыяюць?

Пасыпаліся пытанні ад маіх вучаніц.

– Я маю на ўвазе тое, што трэба разумець, кім Янка Купала для яе з’яўляўся. Ён быў для яе зоркай. А ў дачыненнях між зоркамі і адданымі фанаткамі нярэдка здараюцца раманы.

Мы асцярожна спускаліся па кепскіх прыступках, якімі сканчаўся мост, і павярнулі налева, кіруючыся пад шатамі таполяў да спартовай пляцоўкі, дзе ўрэшце мусіў распачацца паўнавартасны дзень здароўя.

– Мяне ваша апошняе выказванне, Эрнест Скіргайлавіч, збянтэжыла, – абарвала Вядзёркіна нашу кароткачасовую сцішанасць.

– А што тут бянтэжыцца, – не даючы мне зрэагаваць, загаварыла Караблёва. – Ты мазгамі раскінь і зразумееш, што для маладой сялянкі Янка Купала з нашаніўскай багемы гэта амаль тое ж самае, што для цябе Рыкі Марцін.

– Ай, – пакрываючыся барвай, заенчыла Кася. – Ну, колькі таго Рыкі Марціна можна мне прыпамінаць? Гэта было даўно і няпраўда.

– Не так і даўно. Гадоў пяць таму, – сказала Алёна, і прымружыўшы вока спытала ў расчырванелай аднакласніцы: – І хто тады паўтараў: «Ах, які мужчына, гэты Рыкі Марцін. Я з ім абавязкова загуляла б»?

Кася не стала адказваць.

– Усё досыць з гэтым, – прамовіў я. – Давайце хуценька да настаўнікаў фізкультуры, яны вам скажуць, што трэба рабіць.

15.

Мы падышлі ўшчыльную да спартовай пляцоўкі, дзе ўжо ўладарыла гамарня, мітусіліся дзеці рознага веку. Хлапцы паспелі падзяліцца на каманды і ганялі мячык, імітуючы чэмпіянат свету па футболу. Іншая група, якая складалася і з хлапцоў, і з дзяўчын гуляла ў валейбол без сеткі. Гульня выглядала вельмі зладжанай, хаця ў пэўныя моманты здавалася, што бальшыня ўдзельнікаў больш прызвычаіліся да пляжнага варыянту валейбола. «Эх, раздзецца б, як улетку», – гучна заяўлялі самыя адчайныя з іх. Крыху паводдаль, каб нікога не закрануць, здавалі нарматыў па кіданні гранат. А збоку на бегавой дарожцы вучні парамі трушком штурмавалі стометроўку.

Я стаяў у цэнтры усяго гэтага ўсяленскага рушання і думаў пра вечнасць. Маёй вечнасцю тады быў боль неўзаемнага, да таго ж няроўнага, кахання. Strangelove. Думкі, як карусель, круціліся вакол аднаго пытання: «Чаму?», адказ на якое знайсці было цяжка. Здавалася, што лягчэй можна адшукаць у цёмным пакоі чорную котку, нават калі б яе там не было. Я спрабаваў зноў пераключыцца на вакольную кругаверць, але нічога не атрымлівалася. Таму вяртаўся зноў а зноў на крукі таго самага ярэмнага пытання, не раўняючы, як героі «Паўсталых з пекла», якія дагуляліся з чароўным куфэркам – ключом ад брамы ў апраметную.