– Ды косары яны! – з’едліва выгукнуў Майсюк, каторы гэтак жа, як і я, па выйсці з альма матэр ахвяраваў сябе Марсу.
– А з тваёй паралелі шмат хто паступіў? – згортваючы нялюбую мне вайсковую тэму, спытаў я.
– Ты, Эрнест, няправільна пытаеш, – уставіў свае тры срэбранікі фізік. – Пытай больш канкрэтна: «Цыпіна паступіла?».
Гэтым разам ён рэальна ўшчыкнуў мяне і майму арганізму давялося выклікаць аварыйныя службы, якія б спешна адпампавалі тую барву, што вось-вось мусіла цалкам запоўніць мой твар. Зрэшты, хваляванні былі марнымі, бо на счарнелым і спатнелым твары ніякую чырвань ніхто ніколі не разгледзеў бы. Дый ніхто, па вялікім рахунку, і не імкнуўся.
– Цыпіна? – з гагарынскай усмешачкай перапытаў Алесь і адразу ж адказаў. – Цыпіна паступіла. Ага. На матфак на бясплатнае. Пашэнціла, бо конкурс атэстатаў выцягнуў…
– А ў атэстаце адзін толькі гісторыка-грамадазнаўчы цыкл балаў на трыццаць заважыў, – зноўку ўплішчыўся Майсюк са сваімі дрэсіраванымі шпількамі. – Прызнавайся, Эрнест, ты ж сваёй любімай выпускніцы ўсе дзясяткі паставіў?
– У мяне такіх любімых у кожным класе па тры штукі, – штучнай бравадай адбіваўся я.
– Ну, гэта ясна. Ты яшчэ вельмі сціплую лічбу назваў, – Ярык пацерабіў бараду, дзякуючы якой ён нагадваў маладога таліба. – Але ж Цыпіна для цябе нешта асаблівае… Ты, дарэчы, чаму на выпускным не быў?
– Ага, Эрнест Скіргайлавіч, чаму? – падтрымаў пытанне Альхімовіч.
Па нейкай наіўнасці я меркаваў, што ніхто не стане знітоўваць маю адсутнасць на выпускным вечары з асобаю Настассі Цыпінай, каторай я і сапраўды вывеў самыя выдатныя выніковыя адзнакі, якія толькі можна было вывесці згодна з рэфармаванай сістэмай ацэнкі ведаў навучэнцаў.
– Чым жа асаблівае? – пачынаў я караскацца на трамплін хлусні.
– Адносіны ў вас з ёй хіба не асаблівыя былі? – нібы тэлевізійны астролаг-аналітык, сустрэў Майсюк пачатак маёй хлусні дзеля збавення.
– Ды якія там, на сухі лес, асаблівыя адносіны! – уваходзячы ў стос, грымнуў я. – Як трэ’ былі адзнакі добрыя, дык хвастом за мной хадзіла ўся такая ласкавая і пяшчотная. Эрнест Скіргайлавіч, у-цю-цю, ля-ля-ля. Паштоўкі на святы. Усмешкі на кожным уроку. А як я журнал у канцы года згарнуў, дык адразу ўсю тую ласку, пяшчоту, кунегу, быццам бульдозерам зрэзала. Упс! І не шманае. Асаблівыя адносіны… Апошні званок памятаеце? Кветкі настаўнікам! Каму панесла? Мне? Не! Географу панесла, бо трэцім экзаменам геаграфію выбрала. Памяняла коніка пасля пераправы…
– Нішто сабе, Эрнест Скіргайлавіч, – сумеўся Альхімовіч. – Мы і падумаць не маглі, што вы да Цыпінай так сур’ёзна ставіцеся.
– Так, хлопцы, спыніце гэты базар, – пасля працяглага маўчання ўрэшце азваўся Іскаліеў. – Рэч зусім не новая, і патэнт за яе вынаходку ты, Эрнесцік, трасцы атрымаеш. Можаш мяне дурня старога к чортавай матары адправіць, але я ўсё ж скажу табе сваё слова: кідай гэтае гіблае дзела. Я разумею ўсе твае спакусы. Але кідацца ў гэты вір з галавой вельмі небяспечная справа. Пакуль ты будзеш маладым, вочкі табе будуць строіць тысячы з іх. І ты халеры ўгадаеш, якая адна сапраўды жадае тваёй… кхе-кхе… ласкі, а не цудоўных гадавых адзнак. Пераключайся на каляжанак. Так будзе прасцей і бяспечней.
– Ды што вы такое прыдумляеце, Дзяніс Давыдавіч! – абурана выгукнуў я. – Я меў на ўвазе чыста чалавечыя адносіны, а не нейкія там спакусы.
Іскаліеў прамаўчаў. І фізік, і ўчорашні выпускнік таксама не выранілі ні слова. Павіслая пасля гучных рэплік цішыня дужа зацікавіла вісусаў са спортпляцоўкі. Алесь Альхімовіч зірнуў на іх і заспеў недаўменны погляд мацака-пераростка.
– Хімыч, што там? – звяртаючыся да Альхімовіча па мянушцы, на ўвесь школьны двор прашаптаў той.
– Разумееш, Лейка, калісьці даўным-даўно, гадоў так пяцьдзясят таму, калі школа толькі-толькі будавалася, адзін мужык замураваў у цагліне буйны брыльянт на 89 карат. Вось мы зараз шукаем, каб яго прадаць, а за атрыманыя грошы забамбіць у школе еўрарамонт, пабудаваць басейн з саўнай ды на сто год забяспечыць безлімітны доступ да звышхуткаснага інтэрнэту.
– А ты тут пры чым? – удакладніў Лейка і недаверліва плюснуў вачыма.
– А я ў долі, – зноў-ткі шэптам паведаміў Алесь. – Брулік жа вялікі…
– Адломіш кавалак? – хцівасць пераростка ўзяла верх над недаверлівасцю.
– Хе, «адломіш»! Па-першае, за якія заслугі? А па-другое, так проста яго не адломіш. Патрэбны станок «Жылет» з плаваючай галоўкай…
– Дык я, гэта самае, збегаю зараз. Куплю. На піве зэканомлю.
Мы ў чатырох пераглянуліся і, не стрымаўшыся, сталі трэскацца ад смеху.