Я быў сам па сабе, узіраючыся ў халодныя пяскі майго персанальнага пекла, а ваколле са сваёй мітуснёй-гамарнёй – само па сабе. Ледзяныя вятры маёй геены выбівалі з вачэй кроплі гранатавага колеру. Праз мружыва гэтых кропель я не заўважаў ні каляжанак, якія падыходзілі з незразумелымі пытаннямі, ні жвавых вучаніц, якія спрабавалі дэманстраваць спанатранасць у какецтве. Я толькі ўзіраўся ў пясчаныя далягляды маёй інтымнай апраметнай, намагаючыся разабраць, што за плямкі трымцяць на гарызонце. І чым больш пытанняў задавалі каляжанкі, а вучаніцы ўлягалі ў баламуцтва, тым ясней мне бачыліся постаці каля падножжа крыштальнага купала – бялютка белы аднарог і юная дзяўчына. Яны проста стаялі і глядзелі ў мой бок, быццам не верылі, што акром іх, сцюдзёных вятроў і музыкі нябеснага крышталю ў той пустэльні нехта ёсць…
Да рэчаіснасці мяне вярнула блюмканне мабільніка. Старэча Сімэнс сігналіў аб прыходзе sms’кі. Выскачыўшы з пякельнае сцюжы, я схапіў тэлефон у спадзеве прачытаць пару суцешлівых словаў. Але іх не было – кляты «Дульком» прасіў тэрмінова папоўніць баланс. Буйнейшаму айчыннаму аператару сотавай сувязі было абсалютна насраць на тое, між якімі сусветамі балансавала мая душа.
– Эрнест Скіргайлавіч, чаго вы такі маўклівы? – вяртаючыся з бегавой дарожкі спытала Вядзёркіна. Следам пляліся астатнія адзінаццацікласніцы.
– Маўчанне ягнят – золата Макены, – вырвалася нешта няўцямнае з маіх, пакрытых ледзяной корачкай, вуснаў.
Мой адказ адначасова і здзівіў Касю, і стрымаў ад далейшых роспытаў. Напэўна, баялася, што з яе асабістай шафы можа вываліцца яшчэ адзін шкілет Рыкі Марціна ці якога-небудзь Брэда Піта.
– Ну, і прабежачка, – цяжка дыхаючы, скардзілася Караблёва. – Ледзь не нарадзіла.
Дзяўчаты, не зважаючы на стому, ажывіліся.
– А хто тата? – не прамінула пацікавіцца Булатнікава.
– Гэта я вобразна кажу. А будзеш трындзець атрымаеш па попе, – з усмешкай адказала Алёна.
– Па попе?! Які жах! – заблагала Лера. – Ты ж мне ўсіх жаніхоў адаб’еш.
– Можна падумаць, у цябе іх шмат, – недаверліва заўважыла Карына Кляшторная.
Булатнікава магла б сказаць: «А ў цябе хоць адзін ёсць?», аднак не хацела крыўдзіць сваю нецалаваную аднакласніцу. Валерыя ў каторы раз загарэлася неперадавальнай усмешкай, прыперчыўшы яе для смаку драбкамі падробленай сарамяжнасці, і падкрэслена млявым голасам прамовіла:
– Колькі ні ёсць – усе мае.
– Гучыць неяк цьмяна і непераканаўча, – зазначыла Караблёва.
– А каго тут трэба пераконваць? – з невялічкім выклікам спытала Булатнікава і абвяла ўсіх прысутных выпрабавальным позіркам. Дураслівыя агеньчыкі ў яе вачах раз-пораз давалі знак, што ўсё дужа несур’ёзна, абы паблазнаваць. У гэтым блазнаванні яна схапіла за руку васьмікласніка, які акурат спрабаваў прашмыгнуць міма нашага таварыства.
– Хлопчык, ты мой жаніх? – звярнулася Лера да збянтэжанага мальца. Што праўда, яго збянтэжанасць імгненна мінула, і з усёй імавернай нахабнасцю вырваса перыяду гарманальнага выбуху «жанішок» астудзіў дураслівасць выпускніцы:
– А ты ў люстэрка на сябе хоць раз глядзела?!
– Ах ты, казёл! – не ўцярпела Булатнікава і спрабавала стукнуць падлетка па галаве. Але той спрытна адхінуўся, вызваліўся з Лерчынай рукі і пагарцаваў на футбольную пляцоўку.
Ловячы ўсмешкі сведак гэтага інцыдэнту, Валерыя намагалася захаваць добрае аблічча:
– Вось бачыце, як? З малалеткамі толькі звяжыся.
– Бачым, бачым, як цябе, нявестушка, адшылі, – адказала за ўсіх Карына.
– Калі так справа і далей пойдзе, – паспрабаваў рэзюмаваць я, – то нікому тваіх жаніхоў у цябе адбіваць не давядзецца, бо ты сама іх падобнымі выбрыкамі адпудзіш.
– Нічога страшнага, – ураз знайшлася Булатнікава і хітра паглядзела мне ў вочы. – Адзін жаніх, дык дакладна застанецца. А ўвогуле я пакуль замуж не збіраюся і пра сямейны побыт будучы не думаю.
Раптоўны ўхіл у сям’ю і сямейны побыт быў бяспройгрышным варыянтам перамены тэмы.
– Ай, Лерка, не гані ты, – не паверыла Вядзёркіна. – Усе мы пра гэта думаем.
– Ага, – пагадзілася Алёна. – Вунь Аліса Селязнёва нават вызначыла, колькі дзяцей у яе будзе, і як яна іх назаве.
Чарговая згадка пра Алісу зноў змусіла мяне скалануцца. Мне вельмі хацелася ведаць пра яе сямейныя планы.
– І колькі ж дзяцей яна сабе намеркавала? – як мага больш нейтральным тонам пацікавіўся я.
– Трох, – адказала Караблёва.
– Які жах, – выгукнула Булатнікава. – Цяжка ўявіць такое. Цэлы вывадак. Бедны Дзімка.