Нарэшце я даведаўся, як звалі Алісінага хлопца, і нават не здзівіўся, бо толькі дзімкамі маглі звацца ўсе гэтыя мужчынкі, што круціліся ля маіх вучаніц. Колькі мне ні выпадала такіх бачыць, усе яны для мяне выглядалі на адзін твар, быццам драўляныя салдаты казачнага героя Хведара Набілкіна. У галаве міжволі паўстала блюзнерская карціна: Аліса, яе драўляны муж і тры маленькія бураціны, што сноўдаюць між імі.
– А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца, – у адказ на Лерчына шкадаванне кінула Кляшторная і перавяла позірк на мяне.
Тым часам дух мой заняло, і я злёгку прыгнуўся, пачуўшы магутную артылерыйскую кананаду, рыхтык немец на Курскай дузе. Дзяўчаты ўздрыгнулі адначасова са мной.
– Вось да чаго глабальныя праблемы давялі, – абуралася Алёна, – амаль сярэдзіна цэнтральнаеўрапейскай восені, а божанька нас грымотамі адорвае.
– Але ж на небе ні аблачынкі, – Лера, як магла, праз голле дрэваў узіралася ў небасхіл.
Цяжка было паверыць, што вушы мне парэзалі не гарматныя стрэлы, а перуны.
– Ведаеце што, – звярнуўся я да сваіх адзінаццацікласніц, – калі нехта зараз хоча пайсці дадому…
– Да вас, Эрнест Скіргайлавіч? – перабіваючы, улезла са сваімі хітрыкамі Булатнікава.
Мне давялося перайсці на больш суворы тон:
– Калі нехта зараз хоча пайсці дадому, – павольна выразна, робячы націск на кожным слове прамаўляў я, – то можа збірацца і ісці. Толькі цур не шлындаць па горадзе, а прыйсці дамоў і паабедаць. Абяцаю, што ўсім патэнцыйным гулякам, – я ўедліва паглядзеў на Леру, а потым крыху мякчэй на Касю, – праз паўгадзіны патэлефаную на хатні нумар.
«Патэнцыйныя гулякі» трохі апанурыліся. А вось Алёна Караблёва захоплена заўсміхалася:
– Эрнест Скіргайлавіч, вы проста, як строгі татачка.
Я адказаў ёй прыязнай усмешкай. Дзяўчына адразу зразумела, што маё «можна збірацца і ісці» насамрэч азначала «трэба збірацца і ісці». Яна глянула на аднакласніц і па-завадатарску выгукнула:
– Ну што, сябровачкі, хадзем ужо?
Сябровачкі пагадзіліся, хаця па выразах твараў некаторых заўважалася неахвота, з якой яны мусілі развітвацца. «А чым жа было ваша нядаўняе нежаданне ісці сюды?» – спытаў я толькі ў думках, наканаваўшы пытанню застацца без адказу. Вучаніцы развіталіся і падыбалі ў бок моста. Я скіраваўся ў бок спартовай пляцоўкі, дзе гулялі нешматлікія прадстаўнікі мужчынскай паловы 11 «А» класа. Да маіх вушэй даляталі незадаволеныя рэплікі Булатнікавай. Яна наўмысна гучна плакалася Вядзёркінай:
– Такі непрабівальны. Ты з ім па-чалавечы: і пра п…ду, і пра Янку Купалу, а ён: «Ідзіце абедаць». Не, каб сам узяў ды ў барчык які запрасіў.
– Ну, ты сказанула, у барчык, – сцішана, азіраючыся, прамовіла Кася. – З якой такой прычыны ён павінен цябе весці ў бар? Супакойся.
– У-у, нас адправіў, а сам зараз з дзевяцікласніцамі языком малоць будзе.
– Ён з імі на нажах з-за джынсаў.
– Ну, значыць з васьмікласніцамі…
– Яго не цікавяць…
Даслухаць Касіны словы не ўдалося – па-першае, дзяўчына ладна аддалілася, а па-другое, неба зноў выбухнула грымотамі. «Дзеўкі, дзеўкі… Што ж у вашых галовах творыцца?» – зноў жа на ўсялякі выпадак моўчкі спытаўся я.
Хлапцы перапынілі свой футбол. Андрэй Дастаеўскі з заўсёднай мінай клоўна, які шукае справядлівасці, кіўнуў у бок аднакласніц і пацікавіўся:
– А чаго вы іх адпусцілі? Не цукровыя, не растануць. Ды і дажджу пакуль няма.
Я ведаў, што Андрэй можа спытаць падобнае, і зазбіраўся яго суцішыць. Аднак я не паспеў і рота разявіць, як яшчэ адзін смяхун Пеця Андропаў вырашыў адказаць замест мяне:
– Як ты, Андрэй, не разумееш? Можа яны і не цукровыя, але ж ім яшчэ нараджаць.
Хлапец яўна пакепліваў, абыгрываючы эпізод маёй класічнай гутаркі з дзяўчатамі 9 «Б». Прысутныя пачалі былі гагатаць у манеры герояў пустых амерыканскіх моладзевых камедый ці іх расійскіх клонаў. Я такога смеху не любіў. Хранічна не мог трываць. Пільна, без намёку на ўсмешку, я паглядзеў на Андропава. Ён умэнт адвёў вочы, павярнуў галаву ў бок і стаў вывучаць колеравую гаму яшчэ неапалага восеньскага лісця.
– Мы з вамі, мужыкі, дык дакладна не растанем, – прамовіў я, абводзячы позіркам усіх сваіх вучняў-хлапцоў.
– Гэта вы на што намякаеце? – з-пад клоўнскай маскі Андрэя Дастаеўскага паказаліся іклы.
Ва ўсім незразумелым для сябе ён бачыў варожыя падкопы.
– Я не намякаю, я кажу, што мы з вамі дакладна не цукар. І гэтую акалічнасць нам узаемна давядзецца трываць цэлы навучальны год.
Хлапцы пераглянуліся, але з пошукам адказу не патрапілі.