– Вольная аўдыторыя патрэбна, – сілячыся ўдаваць крэпкага арэшка са згушчонкай і каньяком, тлумачыў я. – Дзядзька адзін прыйдзе. Гутарка сур’ёзная мае быць.
– Ды, калі ласка, – Ярык працягнуў мне ключ. – А дакладна дзядзька? Бо калі цётка ці там лялечка якая, то я магу і лабаранцкую саступіць. Пад тваю адказнасць. Кушэткі, праўда, там няма. Але ёсць нядрэнны, як для нашых теренів, – ён чамусьці ўкруціў украінскае слова, – выбар напояў. Зноў жа, пад тваю адказнасць.
Адмовіўшыся ад яго велікадушнай прапановы, я неўзабаве перацягнуў сшыткі ў кабінет фізікі. Было душнавата. Я адчыніў вакно і з хвіліну ўзіраўся ў незвычайную нябесную сінь. Рабілася мутарна. Давялося прымушаць сябе ўзяцца-ткі за праверку табліц. Напалеонаўскія войны ў Еўропе. Храналогія. Асноўныя падзеі. Вынікі. Вуркатанне жывата. Фіёлкі ўваччу. Ваенная дыктатура з апорай на буржуазію. Горш за ўсё – чакаць і даганяць. Знішчэнне феадальна-абсалютысцкіх парадкаў. От беспорядка всяко дело шатко. Работы не правяраліся. Думкі скакалі. Позірк слізгацеў па вучнёўскіх грымзолях. Выхапіць каліва сэнсу было цяжка. Я кляпаў дзясятку за дзясяткай адно толькі за прысутнасць ахайна выкананай табліцы без увагі на змест, дзе Напалеон зусім спакойна мог скарыць увесь белы свет і нават дастукацца да нябёсаў, будучы ўсяго толькі смачным торцікам…
Старэча Сімэнс адарваў мяне ад штампавання адзнак. Відаў-Вошчанка ўдакладніў, ці я на месцы і на якім канкрэтна. Голас ягоны гучаў так, нібыта ён званіў з поля бітвы пад Ватэрлоо. Мой голас гучаў так, быццам я міма маёй волі апынуўся ў сталіцы Хазарскага каганату. Пасля тэлефанавання мяне пачало мліць ад аднаго выгляду сшыткаў. Я стаў нецярпліва хадзіць па аўдыторыі, раз-пораз высоўваючы галаву ў вакно, каб глытнуць уяўна свежага паветра. Я хваляваўся. Я спрабаваў намаляваць у думках фінал гэтай сустрэча, але не мог, як ні стараўся. «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання».
Праз дзесяць хвілін пасля тэлефанавання дзверы ў кабінет расчыніліся. На парозе стаяў невысокі незнаёмец у чорным гарнітуры пры гальштуку. На ўсялякі выпадак, ён спытаў, ці я гэта насамрэч я, а потым, працягваючы руку для вітання, яшчэ раз поўнасцю назваў сябе. Я прапанаваў госцю сесці за першую парту. Ён зрабіў выгляд, што сумеўся, але прапанову прыняў. Мы абодва ўселіся на цяжкую дубовую лаўку – парадаксальна ацалелую спадчыну савецкіх часоў.
– Я ў горадзе, можна сказаць, новы чалавек, – пачаў гутарку супрацоўнік. – Зямляк і сябар вашае калегі Марыны Нарымунтаўны. Са Старапалеску. Вось. А да вас, Эрнест Скіргайлавіч, маю некалькі пытанняў.
– Калі меркаваць з таго, што мне казала Любартава, я наўрад ці магу быць вам карысным. Адкуль мне ведаць пра чорных капачоў?
– Папраўдзе гаворка не пра звычайных чорных археолагаў, а пра секту «Кангрэгацыя кібернетычных байцоў». Дакладней, пра яе тутэйшых прыхільнікаў. Чулі пра іх?
– Абсалютна нічога.
– Гэта секта хакераў, – як цярплівы педагог, паведаміў госць. – Ведаеце, хто такія хакеры?
– Сёння, бадай, і першакласнікі гэта ведаюць, – усміхнуўся я. – Але якая сувязь паміж кампутарнымі злачынцамі і нелегальнай археалогіяй?
– Сувязь прамая і вельмі шчыльная: яны адначасова і хакеры, і капачы.
– Ваў, – на заходні манер выразіў я здзіўленне, спрабуючы зразумець, ці не сыплюць мне жвір у вочы, а калі сыплюць, дык з якой мэтай.
Візітоўца мяне заінтрыгаваў. Я ўважліва паглядзеў на яго. Твар Сяргея Аляксандравіча быў цалкам сур’ёзным, як традыцыйны падручнік па вышэйшай матэматыцы. Я, калі б нават вельмі захацеў, такой ступені сур’ёзнасці прадэманстраваць не здолеў бы. Вочы ўсё адно выдалі б усмешлівы агеньчык. Гэта ведалі многія мае калегі і вучні. Некаторыя з апошніх нават згадвалі пра гэта ў сваіх творчых работах, прысвечаных адметнасцям чалавечае псіхалогіі. У гэты раз мне рабілася ніякавата ад таго, што смяшлівасць маіх вачэй будзе сведчыць супраць мяне, і прадстаўнік КНАКС не стане верыць маім словам. Я намагаўся паходаць сваю ніякаватасць і пастанавіў не ўтаймоўваць тое, што стала не проста звычкай, а сапраўднай фізіялагічнай з’явай.
– Усё ж не разумею сэнсу нашай сустрэчы, – я заўсміхаўся на ўсе вочы, але твар госця не змяніўся.
– Названая секта, – сцішаным, але цвёрдым, бы сэрцы сталінградцаў, голасам прамовіў ён, – вызнае веру ў тое, што наш свет ёсць кампутарнай сімуляцыяй, а ўсе людзі з’яўляюцца часткай вялізнай кампутарнай праграмы невядомых магутных творцаў.
– Так званая матрычная тэорыя. Я распавядаю пра яе поруч з іншымі тэорыямі сваім вучням, – прыткнуў і я ў гутарку свае тры грошыкі.