Выбрать главу

– Я ў курсе, – перапыніў мяне Сяргей Аляксандравіч.

Маё сэрца ёкнула. «Блефуе», – падумаў я. Але госць, як нічога ніякага, працягваў даваць мне зразумець, што ён ведае пра мяне вой як багата.

– Так, я ў курсе, – паўтарыўся ён. – І гэта адна з прычын, па якой мы мусілі звярнуцца да вас.

– Хіба я эксперт у гэтай галіне? Начуткам ведаю і не больш.

– Але прызнайцеся, што вы прыхільнік менавіта матрычнай тэорыі.

На гэты раз госць прадэманстраваў сваё ўменне ўсміхацца вачыма.

– Не, мяне не задавальняе ніводная з існых канцэпцыяў паходжання чалавека. Бо гаворачы пра тое, што чалавека стварылі багі, іншапланетнікі ці праграмісты, ніводная з іх не паведамляе, хто ж стварыў саміх багоў, іншапланетнікаў, праграмістаў. А ў эвалюцыйнай тэорыі шмат супярэчнасцяў і пытанняў іншага кшталту.

– Дык вы ў бога не верыце?

– Вы пра рэлігію? Ведаеце, я да канца з гэтым не вызначыўся. Не, бываюць моманты, калі я звяртаюся да бога, малюся. Але ў залежнасці ад сітуацыі я магу чытаць «Ойча наш», а магу казаць «Алах акбар»…

– Дзіўна, – сказаў Відаў-Вошчанка і марна паспрабаваў адшукаць у сваім багажы маску здзіўлення. – А не баіцеся за гэта ў пекле гарэць?

– Гарэць? Гарэць не баюся, – нечакана жвава я перахапіў у суразмоўцы мячык ініцыятывы, і мяне панесла да варотаў, дарма што поле было не меншым, чым поле бітвы пры Гаўгамелах. – Як-небудзь прыцярплюся. Беларус усё-ткі. Агонь, пэўна, не самае страшнае ў параўнанні з бясконцым зубным болем ці з пухірамі, якія надзімаюцца на целе ад лютага холаду. Зрэшты, вышэйшая існасць, калі яна ёсць і насамрэч жадае нас пасля смерці пакараць за правіны, напэўна здолее прыдумаць нешта больш выкшталцонае, чым які-кольвек расплаўлены свінец.

– Што вы маеце на ўвазе? – спытаў госць, нібы адзіны футбаліст супернікаў, які змог мяне дагнаць, але мяч перахапіць не мае сілаў.

– Бясконцае кола рэінкарнацыяў. Мяне гэта сапраўды пужае. Я гэта ва ўніверсітэце ўсвядоміў. На занятках фізічнага выхавання. Бяжыш, кругі наразаеш, шалёна стамляешся, язык на плечы вешаеш і, галоўнае, ніякага сэнсу ў гэтай бегатні не бачыш, але мусіш бегчы ў спадзяванні на залік аўтаматам у канцы семестра.

– Цікава, а пра што думаў на занятках фізкультуры Гары Потэр? – пытанне было настолькі неспадзяваным, што я адразу ж прымроіў рэзкую развязку прыдуманай футбольнай баталіі: супернік, які толькі што бег недзе за плячыма, апынаецца проста перада мной, і да таго ж у баксёрскіх пальчатках, апранутых не дзеля прыгажосці. Пытаннем пра Гары Потэра візітоўца даў мне зразумець, што казкі я магу баяць, але верыць у іх ён не збіраецца, як, зрэшты, і не збіраецца пераязджаць мяне камбайнам.

– Вы, безумоўна, маеце права верыць у рэінкарнацыі, лётаць на мятле ці мець падобна аднаму з Ілжэдзімітрыяў сваё ўласнае пекла – гэткі луна-парк навыварат, – прамаўляў Відаў-Вошчанка. – Вы нават можаце верыць у тое, што Святагор не ўвесь памёр, а недзе лёг спачыць. Але пры ўсім пры тым было б не кепска, каб вы нам дапамаглі канструктыўным супрацоўніцтвам.

– Вы хочаце мяне ўзяць да сябе на працу? – насцярожана, як вожык перад сцяной радыеактыўнага туману, спытаў я.

– Ну, што вы! – дзіўнавата схамянуўся Сяргей Аляксандравіч і накінуў на твар трагічную маску з запасаў старжытнагрэцкага тэатру.

Мяне ўвадначас стала пляжыць дураслівае пытанне: супрацоўнікам КНАКС выдаюць адразу гатовыя маскі ці толькі тэатральныя грошы, каб з маскамі яны расстараліся самастойна ў ходзе непасрэднай работы.

– У вашым канкрэтным выпадку гаворка ідзе аб разавай дапамозе. Прынамсі, на дадзены момант, – патлумачыў госць.

– І вы думаеце, я нешта ведаю пра «Кангрэгацыю кібернетычных байцоў»?

– Ёсць меркаванне, што секта можа цікавіцца вамі.

– З якой такой радасці? – перасмыкнула мяне ад неспадзяванкі.

– Яны шукаюць аднарога. А вы з’яўляецеся ці не адзіным на ўсю рэспубліку спецыялістам па аднарогах. Цудоўная публікацыя ў газеце «Над шумам дзён» – добрае таму пацверджанне.

Мае вочы не проста палезлі на лоб – яны з’ехалі туды хуткасным ліфтам.

– Гэта была ўсяго толькі літаратурна-гістарычная містыфікацыя і не больш, – з вышыні хмарачоса свайго здзіўлення спрабаваў запярэчыць я.

– Не мне вам тлумачыць, што містыфікацыі маюць неверагодную здольнасць абарочвацца рэальнымі наступствамі. Згадайце хаця б «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» ці псеўдадакументальную радыёпастаноўку рамана «Вайна сусветаў» Герберта Уэлса…

– І чым жа маё эсэ пра аднарогаў магло натхніць удзельнікаў хакерскае секты? – скочыў я з хмарачосу здзіўлення ў басейн скептычнасці. – Навошта ім аднарог пры іх веры ў свет як кампутарную сімуляцыю? Дый, што значыць шукаць аднарога, калі такіх жывёл не існуе?