– Хакеры могуць палічыць вас за чалавека, які далучаны да сакральных ведаў, – спакойна, нетаропка, нібы збіраючы рассыпаны ў пясок мак, тлумачыў ён. – Аднарог тут паўстае як метафара для азначэння якраз такога чалавека. Вы прыводзілі ў сваім эсэ вытрымку з сярэднявечнага трактата пра галоўны спосаб палявання на аднарога: «панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых». Удзельнікі секты перакананыя, што падчас апускання аднарога да ног дзяўчыны ў кампутарнай сімуляцыі ўзнікае нешта накшталт пралому, своеасаблівага шлюзу ці каналу, з дапамогай якога выяўляецца магчымым кіраваць пэўнай часткай нашай рэальнасці і ствараць ці не любыя яе артэфакты з мінімальнымі намаганнямі. Прынамсі, яны лічаць, што маюць патрэбныя здольнасці, каб запраграмаваць усё, што захочуць – ад зубачысткі да міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Вы разумееце, чым небяспечны плён такіх праграмаванняў? Гэта ж азначае ўзнікненне наймагутнейшай тэрарыстычнай групоўкі, якая па забяспечанасці матэрыяльнымі рэсурсамі заткне за пояс усіх тэрарыстаў свету узятых разам. У бліжэйшай перспектыве яна можа стварыць важкую канкурэнцыю і яўную пагрозу нават самым развітым краінам свету. І тут яшчэ не бярэцца пад увагу імавернасць таго, што сектанты пачнуць ствараць людзей, бо нават падумаць страшна, якую армію яны ў выніку атрымаюць – пакорлівыя салдаты Урфін Джуса.
– Жаўнеры Хведара Набілкіна, – застаючыся ў басейне скептычнасці, я прыняў з рук паўаголенай афіцыянтачкі Свядомасці келіх іроніі з цытрынавым сокам.
– Вы не верыце?
– Я дапускаю тое, што нехта можа так думаць, але паверыць у рэальнасць усяго гэтага трызнення я адмаўляюся. Каналы, шлюзы, праломы. Суцэльная лухта, якая нават гістарычнаму канону не адпавядае. Мне не даводзілася бачыць ніводнага сярэднявечнага сведчання, што падзенне аднарога да ног цнатлівіцы можа адкрываць нейкія каналы. Людзям проста няма чаго рабіць, вось яны і гуляюцца ў цацкі, якія самі і выдумляюць, бо хочуць выдумляць. Камусьці карціць кубак Грааля адшукаць, а хтосьці задаволены удзелам у «Схватцы».
– Ваш скепсіс адносна хакераў цалкам зразумелы. Мы самі сумняваемся. Але мусім правяраць любую інфармацыю пра нечыя планы ці дзеянні, што могуць прычыніць шкоду не толькі культурнай спадчыне Беларусі, але разам з тым і бяспецы нашай дзяржавы. Вы як патрыёт, напэўна, усведамляеце значэнне нашай работы. Калі мы атрымліваем вестку, што дзядзька Харытон Куторга хоча зрабіць ядзерную бомбу, мы не маем права пакінуць гэты сігнал без увагі, хаця і разумеем, што ядзерная бомба не самагонны апарат, і яе проста са спадручных матэрыялаў не збярэш. Вось. Што да гістарычнага канону, дык вы цудоўна ведаеце, што заўсёды мажліва адвольна інтэрпрэтаваць, падганяць факты пад пэўную ідэю, нават самую абсурдную. У выпадку з «Кангрэгацыяй кібернетычных байцоў» маем грымучую сумесь легендаў, іх фантастычных інтэрпрэтацыяў і элементарнага дадумвання. Няма сведчання пра адкрыццё канала? Тае бяды! Можна ж прыдумаць, прыцягнуўшы за вушы сведчанні з пабочнага кантэксту. Народныя казкі не раз упамінаюць чароўны рог дастатку. З рога ўсяго многа, толькі паспявай жадаць. Чым жа з’яўленне прадметаў з ніадкуль не нагадвае маніпуляванне кампутарнай сімуляцыяй?
– Добра, дапусцім, што так яно і ёсць у іх свядомасці. Тады мяне цікавяць адказы на два пытанні. Першае – навошта хакерам сувязь з чорнымі археолагамі? Другое – як я пры сваёй камплекцыі магу прэтэндаваць на званне «прыгожага і статнага высакароднага звера інарожца»? Вы паглядзіце на маё пуза, я ж не аднарог, а хутчэй які-небудзь Жаўтун-Баўтун.
– Што тычыцца першага пытання, дык скажу, што ва ўсе названыя мной хітраспляценні дадаецца яшчэ адзін нюансік – шлюз адкрыецца пры іншых умовах, але толькі на месцы старажытных капішчаў ці іншых рытуальных месцаў. Могілак, напрыклад. Чорныя капачы маюць масу падобнай інфармацыі, і ў такім разе вельмі проста будзе суаднесці штодзённы маршрут патэнцыйнага аднарога з прыдатнымі для адкрыцця канала пунктамі. Нават калі супадзенняў не знойдзецца, маршрут заўжды можна падкарэктаваць штучным чынам: падстроіць катастрофу, бойку ўчыніць, толькі б аднарог зрушыў са свайго шляху. Што да другога пытання, дык паверце мне, аднарог не павінен быць прыгожым і статным, як яго апісвалі сярэднявечныя аўтары. Галоўнае не знешні выгляд, а ўнутраная сутнасць. Сёй-той можа быць з выгляду мяккім і пухнатым, а ўсярэдзіне ж ён biomechanical artificial lifeform assembled for ceaseless harm and online nullification. І наадварот.