Выбрать главу

– Але, Варонка, адразу бачна, як ты ў школе вучыўся, – заўважыў Майсюк, звяртаючыся да пераростка па прозвішчы.

– А што такое? – злёгку прыгаломшаны, круціў вачыма пацан.

– Ой, за ліхімі, за марозамі! Лейка, нават я ніколі не быўшы батаном, ведаю, што брыльянт ні «Жылетам», ні вось гэтым малатком не расколеш, – павучаў Альхімовіч. – А ты і павёўся на мой развод.

– Добрую варонку лейкай не назавуць, – нядбала кінуў я, прыгадваючы, колькі крыві мне ў свой час папіў гэты хлопец.

Варонка злосна зіркнуў на ўсіх нас, ненавідзячы за свой падарваны перад таварышамі-недалеткамі аўтарытэт. Яго погляд спыніўся на мне. Я не стаў адводзіць вачэй, колка свідруючы імі яго. Той намагаўся нешта сказаць, але ўрэшце толькі грэбліва махнуў рукой, буркнуў нешта сваім сябрукам і пасунуўся прэч. Тыя, быццам верныя янычары, пабрылі следам за ім.

– Ну, усё, хлопцы, трэба і меру ведаць. Досі ўжо працы, – урачыста аб’явіў Давыдавіч, і мы з ім пагадзіліся большасцю галасоў.

Наш невідочны напарнік Вальдэмар Мікітавіч паспеў нябачна для нас задаць лататы роўна а першай гадзіне дня – у зафіксаваны час сканчэння працоўнага дня настаўнікаў у час летніх вакацыяў. «Добра, што хоць ён не чуў пра Цыпіну», – чамусьці падумалася мне, і смутны, нібы шэрая зязюля, я пайшоў мыцца.

2.

Эпапея з цэглаю працягвалася яшчэ колькі дзён. Тэма настаўніцкіх спакусаў у нашых гутарках больш не ўздымалася. Хутчэй з меркаванняў прывіднай паліткарэктнасці, а не таму, што яна нікога больш не цікавіла. Нават Майсюк стрымліваў свой язык. Я ж, не зважаючы на ўласнае зацятае маўчанне, бадай што ні на хвілю не мог выкінуць Настассю з галавы. Мяне дапякала тое ж самае пытанне, з якім я, нібы з вернай сябровачкай, прабавіў цэлы адпачынак: чаму Цыпіна так не па-людску сышла? Колькі б я ні напінаў на сябе маску страшэннага цыніка, я не мог схлусіць самому сабе. Дый калегі наўрад ці паверылі ў маю абыякавасць да Насты.

Успамінаўся апошні школьны званок і нечуваныя парывы ветру, змяшанага з попелам, што выбіваў з маіх вачэй чырвоныя слёзы, і я мусіў хавацца ад усіх у пустой актавай зале. Успамінаўся дождж, што ліў падчас выпускнога вечара, на які я не пайшоў, бо ведаў – сэрца не вытрымае яе абыякавасці… Я нырцаваў у хвалях собскай маркоты па дзявочых вабнотах. Я ганіў сябе, яе і свет цэлы, улучна з новаадкрытай планетай Сэднай. І пры ўсім, пры тым недзе ў глыбіні душы, недзе ў Марыянскім жолабе маёй збалелай душы я цепліў надзею на тое, што зусім неўзабаве адбудуцца змены на лепшае і мы будзем з Настачкай разам. Ну, з кім жа ёй яшчэ быць!

Магчыма таму яе наступнае з’яўленне ў школе выклікала ў мяне змяшанае пачуццё – келіх спадзяванняў напалам з роспаччу, залітай па вострым лязе нажа. Я столькі гадаваў і кунежыў боль галавы бясплённым пытаннем: «Дзе яна?», і вось Наста пераступіла школьны парог. Прыйшла, праўда, не адна. Дакладней яе адмыслова прыканваявалі ў школу дзве сяброўкі-аднакласніцы – таксама мае былыя вучаніцы – Арына Зарыцкая і Міла Шчодрык. Абедзве дзяўчыны паступілі на гістарычны факультэт. Арына на чыстую гісторыю. Міла на гісторыю з ангельскай мовай. Мне неяк адразу стала ясна, што і адна, і другая, памятаючы пра мае любасныя няпрухі, намагаліся хоць як палепшыць справы. Яны ўважліва сачылі за маёй рэакцыяй на прыход Цыпінай. У той момант я мог ім нагадваць Азірыса, які ўваскрос, або хлопчыка Васю Вясёлкіна, якому мама купіла яго любімае марозіва за 20 капеек. А што ж Настачка? А яна, як у кепскіх раманах, спачатку папросту не заўважыла мяне. А калі потым мы ўсе перайшлі ў кабінет гісторыі і сталі размаўляць пра жыццё, Наста была самай маўклівай, нібы сапраўды не мела чаго сказаць, а мусіла бегчы на цэнтральны рынак, каб зрабіць тэрміновыя закупы. Калі ж Арына і Міла выйшлі з аўдыторыі, каб праведаць іншых настаўнікаў, а я застаўся з Цыпінай сам-насам, яна раптоўна падскочыла з месца і стала нервова хадзіць па класе, знарочыста разглядаючы стэнды з партрэтамі беларускіх магнатаў ды шафы з кнігамі, якія яе ніколі дагэтуль не цікавілі.

Становішча для абаіх было няёмкім. Я павінен быў сказаць нешта важнае, істотнае, тое, што адразу б праясніла мае пачуцці да яе і ўпарадкавала нашы з ёй дачыненні. Але ж я прамаўляў глупства пра цэнтралізаванае тэставанне, перапоўнены гарадскі пляж і гандаль валгаградскімі памідорамі. А на глупства ў адказ таксама гэткае ж глупства і гучала. Аднаскладовае. Так. Не. Хм. Павісала маўчанне, ад якога ніякага спасу не было. Ні мядовага, ні яблычнага. Наста рабіла ўсё магчымае, каб не злавіць майго погляду. Яна тупілася ў вакно, на дошку, на столь, у парту – куды заўгодна, абы толькі не ўбачыць маіх вачэй. Урэшце ёй добра ўстыла трываць гэты сеанс, і ад’яда сэрца майго паспяшалася пакінуць клас пад маё амаль дзяжурнае «прыходзь яшчэ».