Зарыцкая і Шчодрык неўзабаве вярнуліся, каб развітацца. Яны ледзь хавалі сваё засмучэнне, але ўсё адно спрабавалі мяне падбадзёрыць, у чарговы раз просячы пацвердзіць, што я абавязкова запрашу іх на маё патэнцыйна імавернае вяселле. Мне нічога не заставалася, як пацвердзіць. Нюансы накшталт часу вяселля і імя нявесты выносіліся за дужкі. Да лепшых часоў.
З гора давялося пайсці ў суседні кабінет да каляжанак. Тыя хуценька нарэзалі для мяне сала і памідораў, а таксама ўручылі вялікую філіжанку кавы. Я моўчкі сядзеў і варочаў сківіцамі, праганяючы сваю скруху. Настаўніцы ціхутка разважалі пра бляск і мізэрнасць аральных ласкаў. Іх развагаў я амаль не слухаў. Не таму, што аральныя ласкі мяне зусім не цікавілі. Проста мая свядомасць ўключыла нейкае адмысловае абароннае поле, як гэта бывае ў крытычна настроеных людзей падчас рэкламных блокаў.
З іншага боку, сам факт падобных разважанняў мяне ў пэўнай ступені вар’яваў. Я не хацеў нічога чуць, а пагатоў запамінаць. І ўсё ж мой свядомасны антыспам, мой глуздавы брандмаўэр раз-пораз даваў збоі. Прылёгшы паўбокам на адной з партаў, я чуў рэплікі пра трэба прыпуціць гэтага манаха, пра лета прабаўленае з толкам ці без яго, пра парадачных дзевушак, якія сябруюць з кожным па парадку.
Так, я даўно ўпісаўся ў грамаду маіх каляжанак, і яны мала пільнаваліся ў хаванні ад мяне многіх жаночых сакрэтаў. Наскі хлопец, пане дабрадзею. Ушчэнт наскі, і не калыша. Можа таму і губляўся інтарэс да іх як да прадстаўніц процілеглага полу. Можа быць таму ўсе парады Дзяніса Давыдавіча ўспрымаліся мною адно старэчымі скалананнямі паветра. Маладосць вадзіла нас у шабельны паход!
– У вас Баластоўскі? – з дзвярэй прагучаў голас маладой сакратаркі.
– А ты яго сабе злапаць хочаш? – ухілілася ад адказу настаўніца матэматыкі Рагнеда Іванаўна Андрамедава.
Контрпытанне было агучана з усмешкай. Але чамусь здавалася, што паводзіцца настаўніца так, нібы бароніць сваю крэпасць ад няпрошанага ворага.
– Бач ты якая! Баластоўскага ёй падавай. Дзе так падавалі? – другім разам затакавала Рагнеда Іванаўна.
Сакратарка троху збянтэжылася, не разумеючы, як трэба рэагаваць на пачутае.
– Між іншым, я замужам, – урэшце адказала яна, памылкова палічыўшы гэтую фразу пераможнай.
– Ды мы ўсе, дзевачка, замужам, калі трэба… А калі трэба іншаму, сама ведаеш: муж не сценка, у бок пасунецца.
Сакратарка пачырванела: ці то Рагнеда абразіла яе цнатлівыя маральныя прынцыпы, ці то акурат наадварот зачапіла за нешта балеснае.
– Досыць да паненкі са сваімі дурыкамі чапляцца, – як гультаяваты ланцуговы сабака, падаў голас я.
– Эрнест Скіргайлавіч, – абрадавана ўскрыкнула тая. – Вас да Любартавай выклікаюць.
Я падзякаваў і рушыў да дзвярэй. Мае сатрапезніцы, пачуўшы прозвішча намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце, не прамінулі кінуць пару сваіх заўваг:
– Ну, гэта ўжо лінейку рыхтаваць.
– Дадуць табе сцэнар.
– Будзеш рэпетаваць.
– Да ночы.
Мне карцела ўжыць бязбожны сеціўны слэнг і сказаць пра сасуд, куды варта было скласці іх каментары, але я ўчасна ўстрымаўся. Мяне адольвала неймаверна жудаснае прадчуванне, што сцэнарам першавераснёўскай лінейкі не абыдзецца.
– Марына Нарымунтаўна, вызывалі? – спытаў я з парога яе кабінета.
– Так, Эрнесцік. Заходзь, сядай, калі ласка.
Спецыяльна для мяне ўжо было падрыхтавана крэсла. Мае прадчуванні абвастрыліся. Любартава ніколі не вытрымлівала такую доўгую паўзу, калі размова ішла пра нешта будзённае, кшталту падрыхтоўкі школьнага мерапрыемства.
– Паслухай, я тут з пытаннем ад Богута, – урэшце пачала яна, прыгадаўшы прозвішча дырэктара. – Ты ведаеш, якая ў нас зараз складаная вытворчая сітуацыя на паралелі новаспечаных адзінаццатых класаў. Чарнабог звольнілася і з’ехала на п.м.ж. у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Аня Бялун па сямейных абставінах папрасіла значна меншую нагрузку, чым меркавалася папярэдняй тарыфікацыяй. І вось за тыдзень да пачатку новага навучальнага года мы маем вялікую праблему – у 11 «А» і 11 «Б» няма класных кіраўнікоў. З-за цякучкі кадраў на ўсёй паралелі не хапае настаўнікаў па некалькіх прадметах… Ты скажаш, што прыйдуць новыя прадметнікі, хай і бяруцца за гуж класнага кіраўніцтва. Але ж ты мусіш паставіцца з разуменнем да наяўнага становішча. Па-першае, невядома, калі тыя прадметнікі прыйдуць і што гэта будуць за людзі. А па-другое, Руслан Альгердавіч хацеў бы прапанаваць гэты пачэсны абавязак табе. Акурат пяты год, як ты ў нас працуеш. Асвойтаўся. Дзяцей ведаеш. Яны цябе ведаюць і любяць…