Дэдэ адвёў вочы ўбок.
- Кажуць, так ужо збiлi, што аж не можа сесцi, - раўнадушна прамовiў Дэдэ.
- Ну, гэта ўжо выдумкi! Людзi самi не ведаюць, што плятуць. Ну, бiлi, вядома, па твары... Ты ж ведаеш маму... Не, каб памаўчаць ды спакойна гаварыць... Яна ж крычала, закатвала сцэны, сама задавала немцам пытаннi, а на iхнiя адказваць не хацела.
Дэдэ апусцiў галаву:
- А з бацькам што?
- Не ведаю. Падобна на тое, што з мужчынамi яны вельмi жорсткiя... Зрэшты, хутка я пабачуся з бацькам... Адзiн афiцэр абяцаў дапамагчы... Занясу перадачу... Ён жа, бедалага, не можа есцi хлеба... Як з'есць, дык адразу прыступ. Трэба будзе сабраць сухароў ды занесцi...
Качкi вылезлi на бераг i, валюхаючыся, па-качынаму, шпацыравалi па траве. Сярод iх вылучалася адна асаблiва гаваркая i рухавая качачка. Iвета глянула на яе i, успомнiўшы вядомы мульцiк пра качара Дональда, весела рассмяялася... Якая ж яна малайчына, гэтая мiлая, слаўная дзяўчынка...
- Iвета, а як было з табой? Як цябе дапытвалi?
- Ды так... глупства... Лейтэнант усё скардзiўся...
- Ах, лейтэнант нават? I малады?
- Малады i да таго ж бландзiн. Такi самы бялявы, як я смуглая. I ведаеш, такi ўжо чысценькi, такi акуратненькi, ну проста дзiва было глядзець на такога дагледжанага чалавека. Мы ж усе пакутавалi ў страшэннай гразi. Увогуле, я табе скажу, нямецкiя афiцэры ўсе такiя ладныя, стройныя, высокiя. Дык вось гэты лейтэнант усё скардзiўся, што ў нас жанчыны не вельмi згаворлiвыя, не хочуць нiдзе бываць з немцамi. Перад тым як прыехаць сюды, ён служыў у Парыжы i кажа, што парыжанкi куды лагаднейшыя...
- Прастытуткi ўсюды ёсць, - прамармытаў Дэдэ.
Iвета з цiкавасцю сачыла за рухавай качачкай, якая цяпер ужо горда плыла па люстраной роўнядзi, сарамлiва хаваючы пад вадой свае няўклюдныя лапкi.
- Я пайду, - сказала Iвета. - Мацi адна ў пасцелi. Плача, бедная, i плача. Як нi ўгаворвалi, як нi супакойвалi, а яна лье i лье слёзы.
- Я, бадай, праводзiць цябе не буду. Ты ж усё роўна на ровары, - неяк нерашуча сказаў Дэдэ i акiнуў яе разумеючым мужчынскiм позiркам...
Ён доўга глядзеў ёй услед... Загадкавая натура гэтая Iвета... Нiколi да канца яе не зразумееш, пра што яна думае, чаго хоча ад жыцця, да чаго iмкнецца?.. Доўга сядзеў Дэдэ, прыгнечаны нейкай беспрычыннай тугой, якая была не пад сiлу нават яму, мужчыну. А парк, гэты страчаны рай, рассцiлаў перад iм свой атлас, аксамiт, муар, свае шырокiя габелены, дзе з-за дрэў выглядваюць бiблейскiя ланi, грацыёзныя, наiўныя, прыгожыя i загадкавыя... Калi побач была Iвета, парк пераставаў быць паркам, ён нiбы рабiўся проста шлейфам яе сукенкi... "З маладымi i больш-менш прыгожанькiмi яны ласкавыя, ветлiвыя... Аж залiшне ласкавыя..." Дэдэ ўявiў сабе камеру. Ён добра ведаў, што такое камера. Уявiў сабе пакой, дзе вядуцца допыты, i афiцэра, высокага лейтэнанта-бландзiна.
Успомнiў позiрк Iветы, калi сам сказаў: "Прастытуткi ўсюды ёсць..."
Дэдэ агарнула страшэнная туга, такая туга, што пакiдае след на ўсё жыццё. Абы толькi Iвета стрымала сваё слова i напiсала яму. А раптам яе зноў забяруць? Немцы - як сабакi. А сабакi любяць вяртацца на тое месца, дзе хоць раз падымалi ножку. Так i гэтыя: калi пабывалi ў доме, то быць не можа, каб зноў не заявiлiся. Дэдэ закашляўся - як быццам у яго ёсць час хварэць!
* * *
"З бацькам я не пабачылася, - пiсала Iвета, - i перадач не прымаюць..."
"Бацьку перавезлi ў Парыж, у турму Фрэн, мне так i не ўдалося з iм пабачыцца", - пiсала Iвета.
"Нiякiх звестак ад бацькi няма", - пiсала яна.
* * *
Жалезныя шторы былi апушчаныя, i Дэдэ зноў мусiў iсцi ў кандытарскую да мадам Бенуа.
- Iвета ў шпiталi, - уздыхнула мадам Бенуа, - у яе перытанiт. Я ўпэўнена, што мацi не вытрывае i ўтопiцца, калi Iвета памрэ. А божа мой, якое няшчасце! Такая прыгожая дзяўчына, такая мiлая, добрая...
- Але ж яна жывая? Скажыце мне праўду!
- Ды што вы... у яе апендыцыт, ну... нейкi злаякасны апендыцыт... Мацi ўсiм кажа, што гэта апендыцыт...
- У якiм шпiталi яна ляжыць?
Не адразу загаварыла мадам Бенуа. Без нiякай на тое патрэбы яна перастаўляла з месца на месца пустыя вазы.
- Вядома, не мая гэта справа - даваць вам парады, але, месьё Дэдэ, лепш не хадзiць туды... Бедная мадам Валон, свету белага не бачыць ад гора...
- Паслухайце, мадам Бенуа, калi Iвета жывая i нават калi мёртвая, скажыце мне, дзе яна!
Мадам Бенуа разглядвала свае карункi на манжэтах, паправiла пярсцёнкi на худых маршчынiстых руках...
- Ну што ж, раз вы такi настойлiвы... Яна ў шпiталi доктара Машона.
Дэдэ куляй вылецеў з кандытарскай, прабег уздоўж крамы з апушчанымi шторамi... Немцы запрудзiлi ўсю вулiцу, кавярнi, крамы, тапталiся ля вiтрын, любуючыся дамскiмi кашулямi, станiкамi, настольнымi гадзiннiкамi, бiжутэрыяй... У касках i з аўтаматамi раз'язджалi на матацыклах, iмчалiся на шыкоўных машынах...
У гэтыя першыя вераснёўскiя днi было вельмi ветрана. У цэнтральным кiнатэатры iшоў фiльм "Вячэрнiя госцi"*. На крывых вузкiх завулках вакол сабора корпалiся мурзатыя басаногiя дзецi. Пасярод рыначнай плошчы, амаль бязлюднай у гэты час, каля самага фантана курчыўся ад болю хлопчык гадоў чатырох. Яго рвала. Побач стаялi дзецi i сумна пазiралi на пакуты малога. Адна дзяўчынка спагадлiва паклала яму на плячо руку i ўсё паўтарала: "Нiчога, Жано, пацярпi, пацярпi..." Малога рвала крывёю, але ён спрабаваў не падаваць выгляду, што яму балiць, i стараўся трымацца, як дарослы мужчына.
* "Вячэрнiя госцi" - фiльм, створаны паводле сцэнарыя Жака Прэвера. Стылiзаваны пад сярэднявечнае фаблiо, гэты паэтычны фiльм апавядае пра барацьбу Дабра са Злом, аб перамозе Кахання.
Дэдэ хутка перасек плошчу. Яго падбiтыя цвiкамi чаравiкi грукаталi, як падковы. Дыхнула смуродам ад канавы. Нейкiя чарнявыя людзi, не то цыганы, не то армяне, штосьцi абмяркоўвалi памiж сабой, энергiчна размахваючы рукамi...
Дэдэ прайшоў яшчэ з паўкiламетра. Далей горад канчаўся, i пачыналася шаша. Над уваходам вiсела шыльдачка. Там было напiсана, што тут i знаходзiцца шпiталь доктара Машона.
- Так, - сказала санiтарка, - можаце да яе зайсцi. Мадам Валон якраз пайшла трошкi адпачыць... Што вы, што вы, самая страшная небяспека ўжо ззаду...
Iвета ўсмiхнулася, калi ён зайшоў, а Дэдэ стала страшна. Усмешка не магла схаваць слёзы горкiх пакут, i ад гэтага рабiлася страшна.
- Бедненькая мая! Табе зрабiлi аперацыю? Ну як, усё нармальна?
Ён прысеў на светлую табурэтку каля белага жалезнага ложка. На акне вiселi светлыя, у гарошак фiранкi, сцены былi пафарбаваныя ў нябесна-блакiтны колер. На столiку, засланым карункавым настольнiкам, красаваўся букет кветак. Але нельга было схаваць эмалiраваных сасудаў i гэтага спецыфiчнага шпiтальнага паху.
- Нiчога страшнага не было, так сабе, - адказала Iвета i ўзняла на яго свае стомленыя вочы. Божа мой, ды гэта ж зусiм не яе вочы! I раптам яму здалося, што цяпер яна ўдвая старэйшая за яго... У яе былi вочы сталай жанчыны з усiм вопытам жаночага жыцця i жаночых бед. Ох, гэтая недасягальная Iвета...
- Табе не ўсё выразалi? - суха спытаўся Дэдэ. Гэта было не проста пытанне, а прыём следчага, пастка.
Яе як быццам i не здзiвiла гэтае пытанне... Зрэшты, хiба яе разбярэш, гэтую Iвету. Гэта магло азначаць i прызнанне, i неразуменне, а можа, гэта была хiтрасць... Дэдэ расшпiлiў скураную куртку - яму стала горача.
- Не, - адказала Iвета, - мне ўвогуле нiчога не выразалi. Дробязь... Нiчога сур'ёзнага са мной не было...
Далей распытваць пра хваробу Дэдэ не адважыўся.
- Ну, а як бацька? - запытаўся ён.
- Бацьку адправiлi ў Германiю.
Больш пытанняў Дэдэ не задаваў, бо сам стамiўся ад гэтай размовы не меней, чым Iвета. Ён не ведаў, што i думаць, нiяк не мог сабе ўцямiць, што гэта ахвярнасць або легкадумная разбэшчанасць...
Праз месяц Дэдэ прыехаў зноў. Iвета была ўжо на нагах, калi толькi гэтая не вельмi маладая i не вельмi прыгожая жанчына была Iвета. Яна стаяла за прылаўкам i нешта паказвала пакупнiцы.
- Дапамагаю вось маме, - сказала Iвета, калi пакупнiца пайшла, - яна адна тут не ўправiцца...
А мадам Валон не давала ёй спакою:
- Не стой, Iвета, табе нельга стаяць... Пакупнiкi i не здагадваюцца, што я ледзьве ў труну не паклала дачку. Дэдэ! Яна ж пятнаццаць кiлаграмаў страцiла. Iвета, дарагая мая, сядай, прашу цябе, сядай, не стой...