Мадам Валон была непрычасаная, хадзiла ў запэцканым халаце i стаптаных туфлях. У краме таксама панаваў беспарадак. Усюды валялiся нейкiя скрынкi, пакеты, паламаныя крэслы... У бакоўцы побач з прылаўкам вiдаць была гурба вугалю, i на ўсiм, да чаго нi дакранешся, ляжаў тоўсты слой чорнага пылу. Вугаль паскрыпваў нават пад нагамi. I ў бакоўцы, i ў самой краме стаяў змрок пабiтыя шкляныя вiтрыны амаль усюды былi залатаны дошкамi i фанерай.
- Нас абакралi, - растлумачыла Iвета, - пабiлi шкло i вынеслi ўсё, што можна было панесцi... Як не шанцуе, дык не шанцуе, - неяк мiла падагульнiла яна.
А Дэдэ аж кiпеў ад злосцi. Гэта ж трэба! Над ёй наглумiлiся, наздзеквалiся, змяшалi з гразёю, а ёй, бачыце, не шанцуе! Толькi i бяды! Якая сцiпласць...
- А што з бацькам? - запытаўся ён, спадзеючыся пачуць у адказ штосьцi страшнае, абы толькi выбiць яе з раўнавагi, абы толькi яна заплакала, загаласiла, пачала раскiдаць праклёны!..
- Тата ў Германii. Атрымалi дазвол на пасылкi. Паслалi ўжо некалькi... Невядома толькi, цi даходзяць яны да яго...
Яна гаварыла спакойна i яшчэ спрабавала хоць трохi прыбраць на прылаўку. Пазногцi ў яе вельмi адраслi i чаплялiся за шоўк сукенкi, якую яна складвала ў скрыначку, а збялелыя, бяскроўныя пальцы здавалiся яшчэ даўжэйшымi. Дэдэ чамусьцi прыгадалася бульбiна, якая пусцiла парасткi... Звычайна Iвета коратка падстрыгала свае густыя чорныя валасы. Цяпер яны падалi на шыю няроўнымi жорсткiмi прамымi пасмамi. I сама Iвета, здавалася, яшчэ больш вырасла... Голыя худыя бледныя ногi, пакрытыя чорнымi валаскамi, выцягнулiся i сталi да непрыгожага доўгiмi. Цяпер Iвета трохi сутулiлася, i ад гэтага яе грудзi здавалiся ўпалымi. Як i раней, зачароўвала яе ўсмешка, але цяпер ужо толькi таму, што яна была недарэчы на гэтым твары...
- А я вось атрымаў позву ў Германiю, - сказаў Дэдэ, адхiнуўшы заслону над сваiм замкнёным загадкавым жыццём, - дык я змываюся...
- А куды?
- Ну, ведаеш, у мяне няма нiякага жадання пакiдаць табе мой адрас! зарагатаў Дэдэ. - Я з ахвотай прыхапiў бы i цябе з сабой, ды падполле - гэта не для хворых дам. А зрэшты, табе адно пальцам пакажы - да немцаў ты пабегла б без аглядкi...
Дэдэ пацалаваў у руку мадам Валон, а Iвеце па-ваеннаму аддаў чэсць.
* * *
Вярнуўся ён акурат пасярод зiмы.
- Ну, як маешся, Iвета?
Як i тады, у iх апошнюю сустрэчу, парадку ў краме не было.
- Можа, пройдземся ў парк?
- Давай пройдземся.
Яна хуценька зняла свой старэнькi швэдар i апранула чорнае паношанае палiто з футравым каўнерыкам. Яна заўсёды ўлазiла ў палiто, падняўшы ўгару абедзве рукi, нiколi не чакаючы нiчыёй дапамогi.
Маўчанне парушыла Iвета, калi яны сышлi з апошнiх прыступак белай лесвiцы:
- У цябе так i няма адраса?
- Не... А што чуваць пра бацьку?
- Пасля яго прыезду ў Германiю мы атрымалi толькi адно пiсьмо. Ён пiсаў, што яго пакiнулi ў Берлiне i ён будзе працаваць па сваёй спецыяльнасцi, краўцом. Усё гэта, вядома, добра. Але ж цi доўга ён пратрымаецца без цёплай вопраткi, без нармальнай ежы... Мы-то пасылаем яму ўсё, што можам...
- А вам удаецца дастаць сёе-тое? Калi не, то, ведаеш, хлопцы з макi дапамогуць.
- Ну, як табе сказаць... На чорным рынку можна купiць усё, што хочаш... Ды толькi да бацькi нiчога не даходзiць. Некалькi пасылак вярнулiся назад...
Каля дзiцячай пляцоўкi голая гiпсавая жанчына зябка прыкрывала грудзi, маленькiя блiшчастыя кропелькi iнею ўсеялi яе плечы, i здавалася, што яна ўся дрыжыць.
- Добра яшчэ, што хоць вяртаюць назад, а не забiраюць сабе! - прамармытаў Дэдэ.
- О, калi б яны вярталi тое, што мы пасылаем! А то швэдары - з адным рукавом, а кожная кансервавая бляшанка абавязкова будзе прасвiдравана.
Ад нечаканасцi Дэдэ спынiўся.
- Ды яны проста насмiхаюцца з нас, - сказала Iвета i села ў белае ад iнею жалезнае крэсла. Яна ўзняла галаву i ўсмiхнулася. I ўсмешка тая была горкая, як палын, горкая, як доля абылганай жанчыны, горкая, як яе паламанае жыццё!.. Бедная Iвета!
Яна не плакала. Яна ўвогуле нiколi не плакала - нi тады, калi ў маленстве ўдарыла сабе ножку, бегучы па алеi, нi тады, калi гадзiнамi не магла дачакацца ў парку Дэдэ, а той усё не прыходзiў, нi тады, калi нямецкi лейтэнант не стрымаў свайго абяцання, за якое было заплочана такой дарагой цаной, нi тады, калi ёй рабiлi аперацыю, нi тады, калi яе змешвалi з гразёю i ў тым сумна вядомым шпiталi выкрадалi ў яе маладосць, здароўе, веру ў людзей, - гэтую бясконцую, дурную, злачынную, подлую веру прыгажунi-дзяўчыны, для якой увесь свет быў падзелены толькi на мужчын i жанчын. Iвета ўстала. Дэдэ моўчкi падаў ёй руку. I на гэты раз ён адпусцiў яе адну, а сам застаўся ў крэсле каля качынага стаўка.
Ён глядзеў, як усё аддалялася i аддалялася Iвета. Яна трохi накульгвала: пэўна, ёй цяжка было iсцi на высокiх абцасах па жвiрыстай алеi, а можа, у яе балелi ногi... Адной рукой яна прытрымлiвала палiто, а другой - жорсткiя чорныя пасмы валасоў, i таму паходка ў яе была нейкая няроўная... Здавалася, што i парк, якi нiбы разам страцiў i сваю красу, i свае кветкi, i сваiх птушак, - здавалася, што i парк маркотна пазiраў, як адыходзiла Iвета...
Iвета, недасягальная, неспазнаная Iвета, панесла з сабой сваё неразгаданае жыццё... Яна iшла да аголеных гор пясчанага колеру, чые вяршынi даставалi да самага неба... Дарэчы, чаму яна iдзе не ў горад, а зусiм у другi бок?..
Банальная, банальная гiсторыя ваеннай пары... калi толькi можна назваць злачынства банальным.