Выбрать главу
Замарожвае словы лёд. Зоркі цэляцца, як байніцы. Здагадаюся: «Гэта палёт...» Гэта — бальніца.
Бы вужака ўзбуджаецца — ртуць... Будзе мозг мой хвароба жэрці не жыхар, затужу вярнуць не сябе ўжо, а нас ад смерці.
Што мільгала ў душы і ўваччу уваскрэсіцца да драбніцы... Ашаломлены, прашапчу... А пачуе мяне — бальніца.
Не світала — зноў вечарэць: час адцяты... сляпыя кадры... Адчаканена ў профіль смерць: выліваецца квадра ў квадру.
Сон — скамечаная прасціна. Цемра торгаецца ў задусе. Ўсе названа... Ўсяму цана... Я пад імем тваім кладуся.
Твар прыцемнены у вакне: дзева-маці!.. А сэрцу біцца у замкнёнае: не адамкне... Гэта — бальніца.
Азіраешся: не мая... Клікаць буду цябе — людскую... Я на скальпелі вастрыя. Што ў гарачым лісці цікуе?!. ТЫ НАЗВАЛАСЯ АМЯЛА...
1977

ПАЭМА ЗАПАЛЕНЫХ СВЕЧАК

Круціўся хмыз. Бяссувязны язык хваліў жыццё. Заблытаныя святы. Празрэнні апярэджвалі разлік. А людзі разумелі: блазнаваты.
Клаў вогнішчы. Сам побач клаўся.
Дым шукаў сваё. Шаптала штосьці лета. А над шурпатым розумам тваім згушчаліся зіхоткія сусветы.
У полымя апранутыя — сніў,— крычалі птахі: бацька твой галодны. А адыходзіў — вогнішчы гасіў. Каб адысці — пагаснуць неабходна.
Узбоч жыцця пазначацца крыжы. Чым захапляўся — тое наракае. Прыручаныя рухі. Адкажы, куды ідзеш?.. Ішоў да небакраю.
Усюды — ты: крывая іпастась. Каб распрастацца — мкнуцца да экстазу пытанні, што не ўмеюць папытаць, што адказаць не здолеюць, адказы.
З-пад рук — пясок. Жывое — спарышы. Паруш ваду — патайнае парушыш. А бацька гаварыў: не церушы — у матчыныя вочы нацярушыш.
Чароды сноў. Празрэнні — з чарады: ўдрукуюцца ў цябе, нібы ў вашчыну,— зайсці у неймавернае туды, адкуль ужо вярнуцца немагчыма.
Круціліся сцяжыны: дзе чыя? Жыццё разгаліноўваецца ў спробы. Аголенае сэрца ручая. А рэчы ацярушваюць аздобу.
Хто сустракаўся — ўжо той не чужы. Праточыцца сутонне пад павейкі. Прад чалавекам зоркі і крыжы. Куды? — пытаўся. __ Усім было данекуль.
Падзел яднае. Адкрыццё — на раз. Жыццё перабірае іпастасі. Змяркаецца прыручаны абраз. А бацькава вячэра засталася.
Напружваюцца пільна зрэнкі з'яў. Што набываў — адхіліцца ў прапажу. Куды жывеш? імёны называў, якія ўспамінаў: жыццё пакажа.
Дзе ў немачы, дзе ў моцы — пазначай. Празрэнні адмаўляюцца ад ежы. Да сэрца дакранаецца ручай. Я не сабе — сваё шукаў — належу.
У зрэнкі зазіраюць груганы. І лёс свае дарункі забірае. А бацька прыўзнімаецца з труны: удзень і ўноч ідзі да небакраю.
Праточваўся пясок. Да нейкіх меж ты набліжаўся. У сабе не ўжыцца. Дагэтуль — ты. Прачнешся і заснеш. А ўвечары падыдзеш да бажніцы.
Пытанні рассяроджаныя ў днях. Вышэптвае сутонне запаветы. І будзе бразгатаць падзёрты дах і — зазіраць у сэрца іншасветы. О думка неўтаймоўная, бяжы!.. Я — небакрай. У немачы знайдзіся. І я — хада: усюды па мяжы. А бацька патрабуе: нарадзіся. Дыханне свечак. Смутак абразоў. Зіхоткасцю аздобленыя строі. Адшукваўся сцяжынамі разоў. А сам ужо апрануты ў старое.
Груган наскрозь твой розум прадзяўбе. Назваць збіраўся, ў пераліках спробных, без імені, адгэтуль ты, сябе — апошні між усіх аднаасобнік.