Выбрать главу
Цікавіліся: нумар — для арэн. І цікавалі: радуюся сховам. І быў адзіны змест у перамен: як апынуцца ў целе пацуковым.
Упісаныя ў пляц, нібы ў квадрат, у век наступны слаліся пасылкі. Утоптваючы грунт, ішоў атрад. Патыліцы прадбачылі памылкі.
Я мыюся слатою і жарствой. Зламаны год — ці змыюцца пячаткі, накрэсленыя ім? Я ўжо не той, кім краявіду бачыўся спачатку.
Сам перашкодай стаўшы насланню, я перашкоду адсланю вачыма, каб хоць здалёк убачыць светлыню — дзе апынуся некалі — айчыны.
Страх адступаўся. Вецер ёю пах: каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць, усходзіла ў дзіравых чарапах, паволі распускаючыся, лотаць.

РАГВАЛОД

* Ты — першы.
Але не здагадваешся пра тэта.
Імёны ўвайшлі ў паданні, постаці — у далячыні i ад цябе яшчэ зусім недалёка. Ты нават ix можаш гукнуць i нават пачуць іхні водгалас. Ды ўсё адно
пачатак — ад Рагвалода.
* Прыйшоў i знайшоў на гэтым
пагорку горад, у гэтым краі - айчыну, у гэтых людзях — народ;
a ў гэтым народзе— справу, a ў гэтай айчыне — славу, a ў горадзе гэтым — лёс.
* Магчымасць пярэчыць магчымасці i брат — брату.
І тое, што настае, вышэй i важчэй за тое, што ўжо настала.
Але табе з дзвюх магчымасцяў трэба выбраць адну i з двух аддаць аднаму перавагу.
* Высноўвае шчыт, абгрунтоўвае меч i дзіда тлумачыць, як мусіць паводзіцца чалавек i што яму ў свеце належыць...
Змаганне займае сабою усе берагі, i згуба кіруецца да вытокаў.
* Прачнешся ўначы:
у чорным чэраве неба плыве i нырае ў аблокі бліскучы месяц, i недзе нехта крычыць.
* То адчыняюцца, то зачыняюцца дзверы.
Сваты то выходзяць, то зноўку ўваходзяць,
I нерухома сядзіць між князёў маладых, нікому не кажачы слова, Рагнеда.
* Спытаешся ў птаха, куды ён ляціць, спытаешся ў звера, куды ён бяжыць, спытаешся ў гада, куды ён поўзе таропка.
I кожны адкажа адказам, які цябе змусіць знямець: «Каштаваць Рагвалода».
* Некалі потым, але не цяпер!..
Хай ліха адхіліцца за лясы, хай гора схаваецца за пагоркі, хай у бязлюдных лядах заблудзіцца злыбеда!..
* Здзіўляецца князь у табе: як можа нехта чужы, іншародны, няпрошаны, самачынны уторгвацца ў княства тваё i гвалт несці з сабой на дзідах?!.
Здзіўляецца Бог у табе: як можа нехта чужы, іншародны, няпрошанны, самачынны табою валодаць i пагражаць гожаму целу твайму жалезам?!.
* Ці гэта людзі, ці лес? Ці гэта чаўны, ці аблокі?
Нешта наўмыснае, блытанае, сляпое цябе абступае:
памкнешся з ім ваяваць, але з кім — не ўгледзіш;
памкнешся ўхіліцца — расступіцца, як імгла, але не адступіць.
* Плыў у наступнасць — да Кіева i да самога Цар-горада — i ўзрушаў прастору крывіцкай гаворкаю,
а цяпер мусіш ісці i высільвацца, i цягнуць волакам човен;