Выбрать главу

БЫЛО БАЛОТА

І Як альшына мая — з-пад піл, як вужака мая — з-пад бота, застагну, упаду ў нахіл... Напачатку было балота.
Не вядзьмарка — не ажыву: як душа пакідае цела, апантанасці і жніву уступаю свае надзелы.
Па адстойніках і равах, праз малыя і буйныя рэкі паўтараецца даўні шлях, мой апошні — з вараг у грэкі.
Пераходзілі эры, святло пагасала, і сутарэнні нагрувашчваліся — было:
першаснасць... першатварэнне.
Немаўленства сівой зямлі — скамянее: пасля спарону... Навакольныя дрэвы знялі свае велічныя кароны.
Бор далёкі вее бяду, ахінаецца ў пыл і дрымоту... Неспадобнае — адыду... Напачатку было балота.
Вызначаючы цемру і бель і жыццёвыя пуцявіны, ўсцяж праносілася мадэль жыццядайнай душы буслінай.
Разляцеліся ўсе буслы — расцерушыліся абяцанкі: што насілі, тым абняслі... Бы кругі на вадзе — буслянкі.
Аднадзённы і хлеб, і век... Нерухомее горада постаць... На няўцямныя поспех і спех наклікаецца цямная помста.
Наганяючы небыццё, навастрыліся аэрадромы... Хай вядома ўсім: леціце...— залятаеце ў невядома...
З'явы звязваюцца ў чаргу, надыходзяць неспадзявана!.. Каб зыначыцца — не змагу, выпадае: само не стану...
Далягляд, бы ў слязе, ў смузе. Дзе шукаюць каровы напіцца — хмара дольняя папаўзе... Перасохлі мае крыніцы.
Разгубіліся пацеркі з рук — журавіны... Імшар сівее... З раўнавагі — у збойны зрух: прачынаюцца сухавеі.