Выбрать главу
5 Не хоча, Каб яе бачылі І разумелі, Але сама хоча бачыць І разумець.
Яшчэ ўсё магчыма — Яшчэ Сіла не варагуе з сілай І не смуткуе па смерці.
Яшчэ Слова само сябе чуе, А вобраз — Бачыць.
Размова пра н е ш т а , Што доўжыцца з веку ў век, Але не можа ні скончыцца, Ні пачацца.
6 З радовішча сну Абуджаецца, Каб нарэшце Прачнуцца нечым
Альбо сабой.
Вада забірае, Агонь збірае, І думка знаходзіць у ёй Сваё падабенства.
Цяпер сцеражыся, Каб не памерці
Раптам.
7 Захоўваешся ў цяні Усіх рэчаў І ўсіх істот І ў сабе Захоўваеш сэнс, Ім яшчэ не вядомы.
Каб насампраўдзе Прысутнічаць кожны раз тут, Даецца, Быццам сляпому доказ, Сама сабе Ў рэчах і ў постацях Рэчаіснасць.
А гліна Усё пераконвае ўсіх, Што можна Бачыць не гэтак, Што можа Усё быць інакш.
8 Нешта сабралася І разышлося, Але засталося ў памяці
Разам.
Нібыта і ёсць яна І нібыта Яе няма.
З іншага часу І з іншай прасторы:
Калі да яе набліжаешся — Адступае, Калі адступаешся ад яе — Трымае.
Памяць, Якая нікому ўжо не належыць, Але якой належаць Усе.
9 Паволі альбо раптоўна Мы адхіляемся Ад задум, Якія хацелі Спраўдзіцца намі, Калі не чуем, Ці адгукаецца наваколле.
А самае простае, На што не звярталася ўвагі, Спраўджваецца цяпер І застаецца заўсёды.
Блукае, Шукаючы павадыра, У гліне навобмацак
Сонца.
10 Упісаная ў прастору, Абжытую ўсімі, І ўсім свая, Усталёўваешся ў адлегласць, Якой немагчыма парушыць, Каб апынуцца З далёкім побач, А з блізкім яшчэ бліжэй.
Безліч нераспазнаных Сузор'яў Спластоўваецца ў табе I раствараецца мноства Млечных Шляхоў Невядомых.
Ціхмяна ляжыш, Утуліўшыся ў глыбіню, Галактыка Іншага вымярэння.
11 Пад чорнай карою глебы Белы хлеб плоці.
Не памятае, Ці, як зерне, Апала яна з вышыні, Ці ўзышла з глыбіні, Ці проста Тут затрымалася выпадкова.
Дух, Што стаў плоццю, Але перастаў быць Духам.
12 Любіць, Каб яе лашчылі, Песцілі, Бралі ў рукі.
Тады яна ажывае, Тады яна робіцца Чуйнай і паслухмянай І вучыцца разумець Чалавека.
Можа, чакае, Што ён Вылепіць з яе тое, Чым сам дагэтуль Яшчэ не здолеў зрабіцца,
Ці, можа, Наадварот, Вернецца ў яе лона —
І свет Нанава стане райскім.
13 Галеча Цябе ачышчае, Спакой прасвятляе.
Аблокі Спыняюцца над табой, Ручаі Хочуць завесці З табой размову.
Празрыстая для сябе, Зацемненая для старонніх, Яднаеш Выток і суток, А сама Застаешся на месцы Сам-насам з усімі —
Выйсце, Замкнёнае нацянькі.
14 Перацякаеш З самое сябе У сябе самую.
Няспынны кругазварот Унутры Адсутнай прасторы, Дзе думка, Калі яна пранікае Ў прычыну І асягае вынік,
Знаходзіць, што страчваецца, Рэчаіснасць.
А рэчаіснасць Распазнае, што яна Насампраўдзе ёсць
У несупыннай сустрэчы З сабою
Іншай.
15 У нетрах зямлі Вы спяваеш паволі. Чакаючы, Што ў чалавеку Выспее думка, Якая цябе зразумее.