Вымкне будучыня маной,
непадманная — засумуе...
Плача кнігаўка нада мной,
хто аплача яе самую?..
ІІ
Баламуцячы сілу ліхую,
сінявокі, як дзень, валхвец —
у балоце глухім валхвуе
экскаватаршчык Абравец.
Нібы здані з дрыгвы паўсталі...
На гнілыя калоды, на мхі,
на паганыя воды ссылалі
дух нячысты і дух ліхі.
Індульгенцыя на памылкі:
прэч з абседжанага жытла...
Быццам скончаны тэрмін ссылкі
ці амністыя надышла.
Пойдзеш коса ці пойдзеш проста
не натрапяцца грэбля і гаць...
На усе навакольныя вёрсты
вокі чортавыя глядзяць.
Булькаценне... пасма рудая...
павуцінне... кшакі... брыжы...
Ноч настане —
ад небакраю
наварушваюцца міражы.
Чорным дымам душаць дыханне,
белай немаччу цвіляць кроў,
сутыкаюць,
нібы ў яднанні,
скрыгат сталі і рык звяроў.
У крутыя звіваюць завівы
непадобныя паясы,
адчыняюць нябесныя злівы
і падземныя галасы.
Патаемныя твораць чары
з чалавечых дзей і высноў...—
І ўстаюць —
тут і там —
пачвары:
грозны перад-і пасляслоў.
То не вочы цямнеюць — вачніцы,
целы круціць і торгае шал,
і вар'яцкая ўсмешка шчыміцца,
агінаючы рота правал...
Абравец, ты ўздыхаеш, нямы,
і нібы ад нуды заразнай,
не адробішся ад думы,
доўгай-доўгай і невыразнай.
І балота з табою ўздыхае,
непрытомныя сны снуе —
быццам маці, закалыхае,
быццам мачаха, апаўе.
Пракаветны балотны нораў —
не заб'ецца, не ўздыме бунт...
Рассцілаецца: у пакоры,
адымае — ў пакоры — грунт...
Прахапляешся незвычайна —
захлынаецца ў твані карэц,
экскаватар хрыпіць адчайна...
Абрываецца Абравец,
вырываецца...
А назаўтра —
тросы вытрымалі б хаця —
экскаватар, як дыназаўра,
вынатужваць з небыцця.
Залучыла балота ўпотай —
ні двара ў цябе, ні кала.
Ды ўжо хутка:
было балота...—
і пра будучыню:
была...
III
Рай адняты —
будуем рай...
Каб усё ў адну долю звесці,
аблажыла балотны край
экскаватарнае нашэсце.
Стрэлы выцягнуліся здаля:
не дацягнуцца — сцягнуцца ніты:
ахне ўражаная зямля,
разарваная дынамітам.
Па сваіх законах цвіла,
стала мала такой карысці —
будзе служкаю ля стала:
ўрыхтавалі прыродзе выйсце.
Ўздоўж і ўшыр — ля нарэзу нарэз.
Па крамяных маіх світаннях
перасоўваецца прагрэс,
збалансоўваючы на сланях.
Безаглядна, як рэжа штых,
рассякаюцца краявіды,
выпрамляецца кожны штрых:
геаметрыя па Эўкліду.
Разлічылі —
куды падзець,
куды ўкласці імпэт і працу...
Захапляльна наўзбоч глядзець,
ды пакутліва азірацца.
Абравец, памарудзь... замры...—
цяжка ўеліся твае лукі
і ў цякучае цела зары,
і ў свінцова-газетныя друкі.
Твой здабытак табе чужы —
бы душу атачыла сажа...
Што адолена — адкажы...
Што знядолена — хто адкажа?..
...Ураўняліся яма і груд,
і дарога гудзе скразная...
Я прыеду ў знаёмы кут
і знаёмага — не пазнаю.
Буду доўга тлуміць брыво:
іншы голас...
іншыя людзі...
іншы вынік...—
а скажуць: было,
і пра сёння,
як некалі: будзе.
Ці хвалю яго, ці люблю —
ў ім бяссілле сваё і сіла...
У прызначаны час на зямлю
пераможнае
заступіла...
І саступіць...
Што на дварэ
усталюе назаўтра?., на потым?.
Што пакіне і што забярэ?
Напачатку
было
балота.
ПАЭМА КАЛОДЗЕЖА
Д з я д а л
Ікар, спыніся!..
Беднае дзіця,
ляціш, уладай крыл апанаваны,
сугучны крылам — быццам цеціве
сугучная страла...
Ікар, спыніся!..
Як свет стаіць, ніхто не перайшоў
мяжу бязмежжа і бязмер'я меру,
якія адначасна тут і скрозь
і ўперадзе на ўзмах крыла заўсёды.
Ты згубішся ў нябеснай вышыні,
зняможашся ў бязмэтным намаганні —
і ўсё адно не выбераш палёт,
і ўсё адно не вычарпаеш космас...
Цяпер спыніся...
Неба не для нас...
Пусты міраж бясплоднае пустыні,
вышэй за нас узносіць нас яно,
не памыліся...— ў гэтым небяспека.
Ці чуеш ты мяне?., ці пазнаеш?..
Не пазнае... не чуе...— ўвесь у крылах.
Куды яны нясуць яго?!. Нашто?!.
Далі багі мне ўменне дарагое
з драўніны... гліны... каменя ствараць
усё, што ні задумаю,
уменне
ўсялякія прылады вынаходзіць:
і вынайшаў я крылы — вось яны...
Яны ляцяць і сына майго зносяць...
А я, Дзядал, сачу яго палёт
і не магу палёту перашкодзіць,
нібы я быў — і вось ужо няма,
застаўся толькі сведка непатрэбны.
Што ён надумаў?..
Ён пра ўсё забыў:
ляцець услед — між небам і зямлёю,
між небам і зямлёй...
услед за мной...
Маё дзіця загубяць мае крылы...
О лепей бы нічога я не ўмеў,
О лепей бы не кратаўся нікуды:
бяссільны царскі гнеў мяне вярнуць,
а мой адчай — няшчаснага Ікара...
Яшчэ хвіліна — і растане воск,
І пер'е расцярушыцца...
Нясцерпна
мне пазіраць угору, дзе ніхто
не быў яшчэ дагэтуль, проці сонца
і проці сына —
беднае дзіця.