Выбрать главу
I адвячорак Яго ўжо сцiрае З памяцi i з увагi…
Але ў iмгненне, Падобнае трэшчынцы На шчыце Чыстай паверхнi, Нас нечакана Кране адчуванне, Што мы Ходзiм над безданню —
А глыбока, На дне, Унiзе, Уводзячы бездань У наваколле, Шарэюць Вунь тыя I гэтыя
Камянi.
25 Зжывае Свой век чалавек I тое, Што дагаджае яму, Уважае За свой набытак.
Але калi Счужэе наўколле I ў рэчах Задыхае пустата, Спахапляецца — I тады Просiць у каменя, Каб сказаў, Каб нагадаў яму, Чаго сам Успомнiць не можа:
Нашто ён I хто.
26 Далей i блiжэй:
Час-почас Цябе перакочваем З месца на месца I ў нешта Ўбудоўваем цi ўкладаем.
А ты Сам укладаешся да астатку Ў сваю невымерную здольнасць — У думку — I набываеш У ёй сябе.
27 Той, хто пайшоў Ад цябе малады, Прыходзiць стары — Так многа здабыўшы, А страцiўшы яшчэ больш…
Тлумачыш Сваёй нематою, Сваёй Нерухомасцю арыентуеш:
Належыць Iсцi ў с ё й iстотаю, Бо таму, Хто здольны iсцi Ў с ё й iстотаю,
Ўжо не трэба Перамяшчацца ў прасторы, Змяняцца ў часе.
28 Не адкасаешся нi ад чога, Не прыхiнаешся нi да чога, Нi з кiм не прыязнiшся I не варагуеш…
Дабро цябе вучыцца Разумець, I зло Над табою не мае Улады.
Роўнавялiкi свету, Пераўзыходзiш Умовы свету —
Генiй самаспазнання.
29 Аблiччы, Што нас ужо выказалi I што нам Ужо не цiкавы, Нас акружаюць знаўкола…
I камень Iх аддае, I завулак, I двор… Так многа паўтораў У аднастайнай Гульнi люстэркаў,
А што настае, Не хоча Ўсталёўвацца, Як мясцiна, А вабiць насустрач — Як вестка
I як вясна.
30 Што прыгнятала I мела вагу, Займее Сваiм прыстанiшчам Яму;
А тое, Што мела вагу I само трывала,
Узыдзе…
Хвiлiны, Якiя раздвойваць iснае, Абцякаюць З абодвух бакоў, Раздваiўшыся самi, Камень.
31 Як птушкi, Лунаюць думкi У маляўнiчых аблоках,
Як рэчы — Прывязваюцца да людзей,
Аднак Самая пiльная думка Шукае камень, Якi яна абмiнула,
Каб запытацца, Цi сапраўды Яна ёсць.
32 Думны без думак, Чысты без чысцiнi, Тойсамы Знутры i знадворку, Утульваешся ў нябыт —
I смак, Якiм насычае праяўленае Усе рэчы, Цябе не п’янiць Жыццём,
Цябе не цвярэзiць Смерцю.
33 Целам Не тоесны духу, А духам — целу, Нашу ў сабе Тую далечыню, Дзе дух Становiцца новым Целам, А цела — светам…
Там камень Ужо не мёртвы, А чалавек Не жывы.
34 Слухаеш споведзi I бярэш На сябе ўсе вiны — Абы Лягчэй было Чалавеку.
I водгукам, Што напоўнiў Цябе да краю I захаваўся ў табе, Не разлiўшыся, Вызначаеш,
Як споведзi спавядацца I колькi важыць Вiне.
35 Быццам заснулi яны, Займелi Рэчы с в а ё бытаванне, А сутнасцi рэчаў — С в а ё.
I нiяк не можа Супасцi наноў Чалавек з сабою,
А тое, што ёсць, З тым, што мае
Быць.
36 Пачатак чагосьцi, Што паспяшалася Спраўдзiцца I не змагло Утрымацца на каменi…
Пазычае У вечнасцi чалавек I велiч сваю, I ўладу, Але спусташае вечнасць,