Раслі твае аднакласнікі і раслі аднакласніцы, а ў цябе рос горб — нібы жывая істота, цябе высмоктваючы, нібы рука штукара, камечачы і ўбіраючы... Ты адставаў: даганялі цябе маладзейшыя і адштурхоўвалі... адціралі... А спрабаваў бараніцца — не здолеў, толькі адчайна ўчаперваўся доўгімі гнуткімі пальцамі: яны вырываліся, апярэджваючы...
Ты быў ім усім апраўданнем у іхніх няўдачах і скрухах: ...у Карпяча яшчэ горш...— самы нявартасны, стаў ім апорай... З верхняга пазванка вырасла галава, а са спінных — горб, і ён, незаўважна ўсім, прыўзняў цябе над усімі... Ты стаў разумець, што і ты можаш мець перавагу, і меў тады перавагу: ва ўсім, але толькі не ў целе...
У кожнай частцы чалавечага цела паўтараецца ўвесь чалавек, царства жывёл паўтарае яго таксама... Галава паўтарыла тулава — што паўтарае горб?.. што адбіваецца ў горбе?.. Чым багацейшая ракаўка на прыкметы, тым болей адметны слімак.
Вабіла вельмі цябе — у чым сам быў ушчымлены — цела: мужчынскае і жаночае, стрункае, моцнае, круглае цела... Нібы звярок у аблозе, таіўся і цікаваў, як на пляжы пануе і множыцца цела: запаўняе ваду, і зямлю, і сонца, цябе выцясняючы, цела... Знаходзіў на беразе ракаўкі, трушчыў і назіраў: канае жывое і слізкае... А дзе было пуста — думаў: куды дзяваюцца слімакі?.. Куды дзяваюцца слімакі з ракавак?..
З году ў год расце ракаўка — страшная пастка, якая сціскае, бязлітасна скручвае слімака і прымушае звівацца ў спіралях. Спіральная форма ракаўкі спачварыла слімака: яна не падпарадкоўваецца асноўнаму закону жывёльнага свету — двухбаковай сіметрыі...
У чым справядлівасць — што людзі жывуць або што паміраюць?.. У чым справядлівасць для іх і ў чым для цябе?.. Каб усе былі роўныя або гарбатыя — і справядлівасць была б аднолькавая, і ці можа быць не аднолькаваю справядлівасць?!.
Маці казала: ...ёсць рай і ёсць пекла. Хто на зямлі пакутуе — будзе ў раі... Але не сказала — якім... у якім абліччы: гарбатым ці простым, з памяццю ці без памяці, сабою ці не... А ты забаяўся спытаць і паўтарыць пытанне: у чым справядлівасць?!. Калі гарбатым — у чым?.. І не гарбатым — у чым?..
Слімаку аднолькава шкодзяць і лішкі вады, і засуха. Таму і паводзіць ён, быццам капрызіць: то ўзлазіць на дрэва або сцяну, то поўзае па траве вільготнай — то Сцыла, а то Харыбда...
З памяці выраслі рукі твае — не з цела, доўгія рукі, і ты не па іх, а памяццю сталі вада і бераг і апусцелая ракаўка ў форме рэха...
Паўзе слімак па дарозе, якую сам пракладае: слізіць... слімачыць... Калі пакласці яго на попел — а слізь не бярэцца да попелу,— ён спыніцца, ўздыбіцца, а потым схаваецца роспачна ў ракаўцы і будзе чакаць пакорліва смерці... Па следзе сваім слімак знаходзіць дарогу да месца свайго жыхарства, нават калі запаўзе далёка...
Доўга ты бачыў адну толькі розніцу, жорсткую розніцу: быў ты, былі іншыя, быў ты і была дасканаласць, быў ты, і быў Бог, і была розніца ў падабенстве... Па чыім падабенстве ты вырас, па чыім падабенстве ты рос, па чыім падабенстве ты нарадзіўся?! У дасканаласці — форма рэха...
Ты ўзіраўся ў людзей... Ці адпаведныя людзі жыццю?.. Ці адпаведныя целы натурам?.. У каго не стае рукі, хто кульгае, хто кепска чуе, хто без вока — а разам калекі... Але ты і між іх незвычайны: у іх аднята, табе прыкладзена...
Неяк спаткалі вы Юлю, сляпую Юлю: самую ганьбаваную і занядбаную ў вёсцы, не прамінулі — смяяліся, а ты быў наперадзе... Адзіная ў вёсцы зямлянка — Юлі, адзіная, хто па хатах пабіраецца — Юля, у Юлі — два Кулічы, а ў іх ніводнага бацькі, і вока адно — у Юлі... Спынілася Юля і стала клясці вас — хваробай і смерцю, вы сумеліся і адступіліся, а яна ўсё крычала: ...вы горшыя за мяне, а Карпеч ад усіх найгоршы...
О, як ты пасля адцураў і сябе і сваіх сябрукоў — быццам смех той з цябе быў... Заможны Юлін сусед хадзіў у царкву акуратна, а Юля — калі-нікалі... І ён яе ганіў: паслаў Бог суседства... Ганіў, чаму не хадзіла, а чаму хадзіла — найболей, і проста так ганіў — бо Юля... Ягоныя дзеці выносілі словы з хаты, дражніліся з ёю і снег закідалі ў комін зямлянкі... Ніводную ў вёсцы дзяўчынку дасюль не назвалі Юляй і, пэўна, не назавуць: Юліна — Юлі, табе — Карпячовае і слімаковае — слімаку...
Па слімаковых рэштках можна дазнацца пра ўмовы іх існавання, прычыны ўзнікнення і гібелі. Незаменныя дзеля гэтага ракаўкі: яны добра захоўваюцца шмат мільёнаў гадоў.
Куды паміраюць людзі? Куды паміраюць людзі?.. Куды паміраюць людзі?!. Нават зямля не схавае і не паправяць стагоддзі, што ты быў гарбаты... Часова — навечна: вечная памяць у форме рэха... Ты вырастаеш з памяці...