Выбрать главу

Пра што пыталіся людзі, пра што гаварылі? — нібы і помніш, а ўсё прыпомніць ніяк не можаш: ва ўсім было падабенства, у розным было адно — і ўжо смугою акрылася.

Увіваліся дзеці, мужчыны сыходзіліся дзеля размовы, зазіралі ў куфэрак з таварам кабеты — і неслі з двароў, што было ім калісьці патрэбна, а цяпер перастала, і ты забіраў: старое, нявартае, папсаванае...

Клікалі дзедам і не ўяўлялі, што й ты быў інакшы: быў горды ў слове і ў кроку і любіў казаць: потым... ва ўсім разбярэмся потым... І вось разбіраешся, і не горды, і воз калываецца па дарозе.

Адзін аргумент дадаецца, другі адымаецца, і ці апошні найбольш праўдзівы?!. Рахмана гняды тупаціць, а перад ім быў сівы: пашкадавалі на бойні — вывелі з-пад абуха, і быў яшчэ адзін сівы — з хворай панылай шыяй, і быў вараны, наравісты, а сёння апошні твой конь...

Да восені — і развітаемся...— вырашанае варушыш... І развітанне нязвыклае будзе, бо разам з гнядым развітаешся з імі ўсімі, і хто ведае: можа, якраз іхнія косці ты зараз вязеш на возе.

Яшчэ развітаешся з тым, што не сталася: яно і назвы сабе не мае — авохці, не сталася, і, як перад полем асеннім, перад сабой паглядзіш адкрыта.

І, можа, нарэшце прызнаешся, у чым нікому не прызнаваўся: усяляк выпадала, а выпала ўсё ж не гэтак... О як ты лёсу свайму пярэчыў, о як на яго спадзяваўся пярэчачы: вывезе... І біў нізавошта каня, і лютаваў у хаце...— Па незнаёмай мясціне цягнецца воз анучніка.

Які з цябе быў гаспадар — і над сабою не ўладны: то чорная скруха, то бесклапотнае блазнаванне, то непрабудныя п'яныя тыдні, калі ўсёй хаце балючы і невыносны, то хворы — не адарвешся ад ложка.

Умеў распачаць і не ўмеў давесці: застаўся на пляцы плот неацеслены, у хаце падлога наскора ўсланая, а на падворку падмурак да нейкай будовы, якой так ніхто і не ўбачыць.

І крыўду на маці сваю гадаваў як сабе апраўданне — бязлітаснае апраўданне, што ты такі... А на яе пахаванні начамі сядзеў не сплючы, лісты чытаў зберажоныя — у клетачку і ў лінейку, а там пра цябе ўсё — пра мужа і бацьку... Нібы старонні, сябе перачытваў, а прачытаўшы, паліў і плакаў...

У маўтгазенаўскім крэматорыі згарэў твой нумар: незнаёмы нябожчык памёр за цябе таксама, і яго тайком пераняты нумар, нібы язык полымя, нібы пасма дыму, кранаў цябе да самага вызвалення, як зараз краналі лісты пра цябе...

Каму б ні прыйшлося, радзіў: і што казаць старшыні калгаса і што не казаць, радзіў, куды падавацца з рублём, а куды са скаргай — нібы пабываў усюды, і толькі сабе не нарадзіў нічога. Калі было шмат — не трымаў, і ні ў чым не ўтрымаўся, усё спахапляўся: нават з анучнікаў адлічалі — судом заступіўся, нават застолле не цешыла — цяжыла...

З кім ні раўняўся — не параўняўся: мяняліся шапкамі, але ўсё роўна сваю знаходзіў, і свае чобаты, і ватоўку, і рукавіцы, якія сам сабе шыў... А можа, няварта было спахапляцца, а можа, няварта было перайначваць час?!.

Дома цяпер амаль не трывожаць — скарыліся: дроў не хапае... сена не косіцца... гніе бярвенне і конь марнуецца стойма...— але сабралася пры табе і з табой вандруе трывога: чаго не хапіла ўсё-ткі?

Аднойчы згубіў ты ключы ад крамы — быў крамнікам, хадзілі шукаць іх усёю хатай: па розных баках, па розных закутках, дзе ты быў напярэдадні — і адшукалі... А як растлумачыш сёння, дзе быў і што страціў?

Прыгадваюцца аднавяскоўцы, якія памерлі, як і ты сам хацеў бы, раптоўна: адзін — калі вывеў калоць вепрука, другі — ідучы ў сябрыне, бы ён паслізнуўся...

А недзе — ужо за смугой — нязбытнае адчуванне: ты спіш у кусце чаромхавым, а на падворак прыйшлі па цябе з абрэзамі... Пытаюцца ў маці, шныраюць, а сонца пахнюткае і густое, і ты ні за якую справу яшчэ не браўся.

«Знайшлі б — зрасходавалі б»,— паабяцалі... Не паслізнуўся тады твой лес, тады не здзівіўся, а зараз дзівуешся, тады быў упэўнены: так і трэба, а зараз не ўпэўнены, тады больш адказваў, зараз — пытаешся...

Апраўдваўся — звінаваціўся, дамагаўся адменнага ладу — і простага не дамогся. Струхлела бярвенне — на дровы парэзалі, не ставала сена — кармілі хлебам скаціну.

Неабходна заворваць поле, неабходна разворваць, станеш іначыць — і прападзеш... О як табе — і не жадаўшы таго — іначылася: заўжды прападаў, шанцавала часам.

А прызнавалі — цешыўся. Доўга не мог нахваліцца і цяпер не дахвалішся, якую ўдалую вывеў печку: хадзіце, глядзіце, а нават не ведаў, што ўмею... А ад таго, што рупіла, што вымагала ўвагі, як назнарок адхіляўся ў неймаверны, ў далёкі клопат.

І прыпавесць нам расказваў аб рыбаках і рыбінах: усе лавілі звычайных і толькі адзін незвычайную, усе вярталіся з рыбаю, а ён ні з чым... Кпілі з яго, жартавалі з яго, а ён разлічыў найлепей: калі ёсць звычайная рыба, павінна быць незвычайная, і, значыць, хто ловіць яе, той зловіць.