- Што ж ты, - паскардзілася Мар'я. - Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.
- Маўчы, - сказаў той. - Глядзі, што будзе.
- Так ёй, - сказаў Ігнат. - Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.
А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў Россып. Дзецца няма дзе.
Мар'я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.
- Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.
Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.
- Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы. - Пастаў варыць дзецям.
У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.
- Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.
І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.
Пачакалі яны крыху - з'явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.
- Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.
Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.
- Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні. А кусцікі ўжо амаль кусты.
І вось на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.
- Вось цяпер можаш іх памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы. - Гэта як дзеці галодныя.
І выняў два камяні з-пад куста.
Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.
- Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы. - І з суседзямі падзяліся.
- Ясна, - сказала Мар'я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух. - З суседзямі найперш.
- Мне! Мне! - кінуўся Ігнат. - Мне перш за ўсё! Я іх кармлю-паю!
- І на работу наймаеш? - спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці. - І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?
- Мне! Мне! Наймаю, кармлю.
- Добра, - сказаў незнаёмы. - Набяры кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.
Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.
- Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.
- Слёзы, - сказаў незнаёмы. - Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод.
- Мне! Мне! У мяне і камні.
- Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.
- Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?
- А што? Галадранцы. Самога з'ядуць, як мяккі будзеш.
Незнаёмы махнуў рукой.
Камні пачалі расці. Усе ўтрох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі - камні - камяні - камяніскі. Усё поле закрылі. Ігнат аж падскочыў.
- Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне прыбяжыце. Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ.
Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў.
- Ну вось, маеш, - сказаў.
- А чаму яны не зарываюцца?
- А таму, што вечна ім заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасці, як кожнай нелюбові да людзей, як кожнай Несправядлівасці.
І пайшоў з жанчынай да яе хаты.
Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля - не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі.
Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце «камяні» - усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат.
А пасля незнаёмы ўстаў.
- Пайду, - сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу.
- Чым мне табе аддзячыць?
- Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала.
- Пайду пагляджу, як сусед. Звар'яцеў, пэўна.
- Нічога. Я ж кажу... дабра ў нас хапала. Залішне.
І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся - Мар'я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі.
- Гэй! А імя ёй будзе - Бульба! - крыкнуў ім незнаёмы.
І так з'явілася на Беларусі Бульба.