Кажуць, у такіх выпадках гены наймацней праяўляюцца праз некалькі пакаленняў. Баюся, што гэта праўда. Калі сустракаю цыганоў, душа мая трывожна і ўадначас соладка сціскаецца, і я нібыта чую ў ёй звон крышталёвых келіхаў. Раз-пораз кроў майго безыменнага чарнявага продка ўладна змушае мяне забыцца пра найпільнейшыя турботы і з'ехаць на колькі дзён проста ў свет, начаваць у гатэлях і на вакзалах ці, прынамсі, ад'ехацца на спадарожнай машыне на паўсотні кіламетраў ад горада і, закінуўшы рукі за галаву, да ночы ляжаць недзе пад стогам, сочачы аблокі.
У мяне нядобрае вока: варта мне пільна паглядзець на чалавека, як ён - асабліва калі гэта жанчына - спатыкаецца. Цыганкі ніколі не бяруць з мяне грошай за варажбу. Што да іхніх прароцтваў, яны, нібы змовіўшыся, абяцаюць мне нейкую «наглую» смерць.
Цыганкаю была і тая юная, кучаравая і ўмелая істота, якая зрабіла мяне мужчынам.
Калі я бачу сучасны табар: пасцеленыя паміж вакзальных лавак коўдры, мурзатых дзяцей, маладзёнаў, што проста ў прыцемным кутку могуць адважна займацца любоўю, мяне часам перасмыквае, але насуперак усяму вусны ўсё адно шэпчуць немаведама калі і як запалыя ў памяць словы: «Лачо дывэс тумэн, гэ ромалэ!» - «Шчаслівай дарогі вам, цыганы!..»
На цыганскім сучку абломваецца жаночая галіна мамінага радаводу і застаецца апошняя мая надзея і паратунак - маміны продкі па мячы.
Прадзед Дзяніс, бацька дзеда Максіма, не вярнуўся з апошняе расейска-турэцкае вайны. Калі ў менскім храме Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках, я перачытваю імёны беларускіх воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, палеглых 18 ліпеня 1877 года пад Плеўнаю, - «Канониры Іосіфъ Вайшвіло, Іаковъ Чирка... Рядовые Іоаннъ Гунька, Францъ Тваска, Стефанъ Комаръ, Григорій Мурашка, Стефанъ Сысъ...» - зазвычай на імені «Іосіфъ Войничъ» ува мне пачынае звінець струна загадкавага хвалявання. Якая сувязь існуе паміж мною і гэтым воінам? Магчыма, ён ваяваў разам з дзедам, спаў з ім побач на балгарскіх камянях, а магчыма...
Хто скажа, што пераважыць на вагах гонару: смерць за свабоду іншага народа ці жыццё, аддадзенае за вызваленне свае зямлі? І ўсё ж невыказна горка ад таго, што ўжо два стагоддзі, як на першую з гэтых шаляў - за свабоду нашых далёкіх і блізкіх суседзяў - пакладзена беларускіх жыццяў нязмерна болей, чым за свабоду ўласную.
Мой прапрадзед Баўтрамей, народжаны (паводле запісу на некалькіх, дзівам ацалелых старонках царкоўнае кнігі) у 1830 годе, меў ва ўзросце Хрыста магчымасць абраць другі з двух гэтых шляхоў.
Якраз у тых мясцінах Прыдняпроўя дзейнічаў атрад Ігната Будзіловіча, пазней расстралянага царскімі карнікамі ў Воршы. Звабліва думаць, што Баўтрамей валіў тэлеграфныя слупы, вазіў па вёсках паўстанцкі маніфест чырвоных і з адчаем асуджанага на смерць біўся з казакамі 26 красавіка 1863 года ў няроўным баі пад Пагосцішчамі. Але верагоднасць гэтага досыць малая. Архіўныя дакументы сведчаць, што сярод прыдняпроўскіх беларусаў непараўнана болей было не тых, хто пайшоў пад штандары Касы-Будзіловіча і Тапара - паўстанцкага вайсковага начальніка Магілеўскага ваяводства Людвіка Звяждоўскага, а тых падманутых, што дапамагалі лавіць і забіваць інсургентаў, атрымліваючы ад улады пяць рублёў за жывога і тры за мёртвага.
Мяркуючы па імёнах, якія захаваліся ў матчынай праваслаўнай Капысіцы да сёння - Баўтрамей, Домна, Якуб, Базыль, Цыпрыян, - мае продкі па кудзелі былі, бясспрэчна, вуніятамі, або, дакладней, грэка-католікамі ці католікамі ўсходняга абраду. Як падлічыў адзін наш паважаны гісторык, напрыканцы XVIII стагоддзя да Вуніі належала болей за тры чвэрткі жыхароў Беларусі, у праваслаўі ж заставалася толькі каля шасці працэнтаў. Такім чынам, мае суродзічы слухалі казані, спявалі і гаманілі ў храме са святаром па-беларуску. Яны ані не здагадваліся пра антынародную сутнасць вуніяцтва, што пагражала беларусам знікненнем, ад якога іх выратаваў, вядома ж, цар-бацюхна з памагатымі, у 1839 годзе перагнаўшы цэлы народ у расейскае праваслаўе, што вельмі хутка не пакінула ў храмах анічога беларускага.
На памятку пра царкоўнае «ўз'яднанне» па ўказе імператара Мікалая I быў выбіты вялікі медаль з вобразам Спаса Нерукатворнага і надпісам: «Отторгнутые насилием (1596) возсоединены любовію (1859)». Аб гэтай любові мог бы распавесці нам беларускі хлопчык з-пад Горадні, якога, як паведамляў у сваім «Колоколе» Аляксандар Герцэн, хвасталі бізунамі, пакуль на трэцяй сотні ўдараў не прыняў прычасця ад праваслаўнага папа.