Мусіць, нешта ведаў пра тую любоў і мой продак-рыбар, што прыстасаваў царска-праваслаўную рэліквію пад грузіла. Разам з тым няма сумневу, што гэтая «любоў», мэтаю якой было духоўнае заняволенне і перараджэнне нашага народа, дала плён ужо ў наступным пакаленні, дапамагаючы беларускім мужыкам праз нейкія два дзесяткі гадоў зарабляць крывавыя царскія траякі і пяцёркі.
Я набліжаюся да пачатку мінулага стагоддзя, і свечка сямейнага падання, што асвятляе мне шлях, пакрысе ператвараецца ў маленькі агарак. Але перш чым патухнуць, зліўшыся з няпамяццю, яна яшчэ раз успыхвае, вырываючы з цемры апошняе імя - Баўтрамеевага бацькі Цыпрыяна.
Калі адкінуць відавочна легендарныя звесткі пра тое, што Цыпрыян «адбіў у пранцуза самога Кутуза» і пасля быў узяты да яго за кухара, бо рабіў надзіва смачныя, пханыя пальцам кілбасы (прычым генерал-фельдмаршал так яго любіў, што нават вазіў з сабою па тэатрах), дык атрымаецца, што мой прапрапрадзед нарадзіўся недзе паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай. Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы ўжо былі захопленыя Расейскаю імперыяй, і Беларусь, што ніколі не ведала рэкруцкіх набораў (бо Вялікае Княства Літоўскае мела прафесійнае войска), пачала спраўна пастаўляць юнакоў спачатку на пажыццёвую, а потым на мала чым ад яе адрозную 25-гадовую царскую службу. Дарэчы, пад час напалеонаўскага нападу ў расейскім войску служыла, паводле некаторых падлікаў, не меней за 50 тысяч беларусаў. Не нашмат меней было іх і пад сцягамі французскага імператара.
Што да супольных з генерал-фельдмаршалам паходаў майго продка па тэатрах, дык, можа стацца, згадкі гэтыя не зусім і легендарныя. Ці не захавалася ў іх памяць аб прыгонным тэатры графа Зорыча, якому з 1788 года належаў недалёкі ад Капысіцы павятовы Шклоў? У Зорычавым тэатры наладжваліся паказы алегарычных балетаў з хорамі, міфалагічных пантамім, камедый і трагедый, камічных опер і феерый. Імёны шасці актораў са шклоўскае трупы можна знайсці ў Беларускай энцыклапедыі. Чаму б не ўявіць, што мой продак Цыпрыян трапіў на нейкую з тых камедый ці феерый? І ці не ў тыя часы ўзнікла ў матчынай радзіне трывалая прыхільнасць да тэатральнага мастацтва, якую нядаўна пацвердзіў абураны ліст аднае з маіх цётак. «Ты там, дзетка, у сваім Мінску, - пісала цётка, па засвоенай у школе завядзёнцы пагарджаючы знакамі прыпынку, якія я расстаўляю толькі цяпер, - схадзі ў ваш тэатр і скажы, што калі прыйшоў чалавек у клуб на пастаноўку прыабшчыцца, як той ваш міністр па цілівізары казаў, к сталічнаму іскуству, дык няхай яго ў клуб пускаюць і ў ботах, і ў кухвайцы, бо ён, чалавек гэты, - тружаніца, і ў клуб адразу з фермы прыйшла, а на ферме ў нас гардзяробаў нямашака, бо каровы калгасныя могуць з галадухі ўсе нашыя гардзяробы за малінку з'есці».
За прапрапрадзедам Цыпрыянам пачынаецца сцяна непрасвяцімае цемры, у якой бясследна губляюцца карані майго радаводу; пра крону ж, спадзяюся, паклапоцяцца мае сыны і ўнукі, калі, вядома, не ўмяшаецца кашчавая рука Чарнобыля.
Апошняе, пра што, улучыўшы нагоду, хачу тут сказаць, - адкуль у мяне расейскае прозвішча.
Найперш пакаюся, што быў час, калі я зусім паважна меўся перамяніць яго на іншае і нават пачаў падпісваць тым, іншым, свае літаратурныя практыкаванні. На шчасце, Бог утрымаў мяне ад больш рашучых захадаў, і я не зняважыў памяці вядомых і невядомых мне продкаў, якія мелі гэтае прозвішча і большасць якіх, хочацца верыць, належала ўсё ж да людзей сумленных.
Што датычыць самога прозвішча, дык трэба пачаць з таго, што, калі Расея захапіла нашы «исконно русские» землі, Кацярына II, а потым ейны сын Павел I «пожаловали» тут свайму дваранству 208,5 тысячы душ «мужеска полу». Такім чынам, блізу паўмільёна беларусаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў, нібы менавіта ў гэтым была адвечная мара нашага народа, які, паводле нашых афіцыйных герадотаў, ніколі не меў большага клопату, як чакаць з усходу вызваліцеляў. Нават пасля таго, як Іван Грозны вызваліў Полацак ад палачанаў, а ваявода Шарамецьеў - Мсціслаў ад мсціслаўцаў. Нават пасля таго, як у сярэдзіне XVII стагоддзя ў войнах з Маскоўскай дзяржавай за няпоўныя пятнаццаць гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася ў два разы. Нават пасля таго, як у тым самым стагоддзі былі перапоўненыя палоннымі беларусамі астраханскія нявольніцкія рынкі, дзе «вызваліцелі» прадавалі нашых продкаў у рабства па тры рублі за галаву.
Былы Сенненскі павет, адкуль родам мой бацька, уваходзіў у Магілеўскую губерню, у якой дзесяткі вёсак і тысячы прыгонных атрымаў адзін з фаварытаў расейскае імператрыцы граф Арлоў. Вядома, часам мяне апаноўвае спакуса вывесці свой радавод менавіта ад яго. Канчаткова не закрэсліваючы і гэтую версію, мушу зазначыць, што, пэўна, усё было больш банальна, бо ў роднай бацькавай вёсцы Арловы жывуць амаль у кожнай хаце. Маю спадзяванне, што сыны парупяцца, каб людзей з гэтым прозвішчам не менела.