Выбрать главу

* * *

Як часта ў свеце, бы ў бязладнай хаце, перад якою госцяю стаю, бяссрэбранік гаворыць пра багацце, а хцівы пра нішчымніцу сваю. Пакрыўджаны глыбей хавае слёзы, бяздушны — непрыяззі пачуццё... Няма фальшывых, што жывуць без позы... - ёсць свет і розны погляд на жыцце.

* * *

Адорыць глеба рупны клопат злакам, чаканых верне мараю шаша, дзе лёс вучыў пакутаваць i плакаць, смяяцца навучылася душа. A чэрвень па цяплу прайшоўся градам, a жнівень спапяліў пяшчоту граў, як можна зараз захапляцца садам, што завязі ніводнае не даў? Ды ёсць жа, есць жа ісціна на свеце: ва ўласнай долі — кожны садавод, я на слязе ізноў гадую квецень, пакутую: ці дасць жаданы плод?!

ПЭПКА

Цвіў лён. Жаўцела дзе-нідзе свірэпка. I раптам з хмаркі лёгенькае — град... Я з хаты ў двор, a наўздагон: «Там Пэпка! крычаў дзядуля.— Пэпка там... Назад!» Там Пэпка! — чула ля віхлястай кладкі, у лесе — Пэпка, ён жа i ў стажку... Я да лілей цягнулася з аглядкай, а што, як Пэпка ўхопіць за руку?.. Бывала, цемра... ані зоркі слепкай, не ноч — а апраметны дэтэктыў, ды пазіраў з-за шыбак дзіўны Пэпка, так, як дзіця глядзіць у аб'ектыў... Ён не лякаў. Я ведала, што стогне на печы дзед. А Пэпка... ён — дзівак! Зусім нядаўна залячыў мне вогнік, смяяўся ж дзед,— ад Пэпкі мёду гляк! ...Зноў лён цвіце, каля мяжы свірэпка, мой сын бяжыць да кладкі, да вады, i я крычу: «Назад, сынок... Там Пэпка!.. Хутчэй вярніся... Чуеш, ты?.. Куды?!» Куды-ы! — плыве па лугавым кіліме. Там Пэпка-а! — рэха ўецца па траве. Даўно памёр дзядуля мой Ладзімер, а Пэпка i дасюль усё жыве...

* * *

Не кожны мае ўладу, як халіф, не кожны грошы гэтаксама мае, ды кожны носіць пры сабе свой міф, спярша стварае, потым разбурае. Вось ты... яшчэ прыходзіш гаманлівы, і словы часта кружаць галаву, а ўжо не помню дзён сваіх шчаслівых, у прадчуванні шчасця зноў жыву.

* * *

Не верыць ні ўгаворам, ні слязе прамоўца слоў і правільных, і смелых, ён сёння маці кволую вязе з глухой сядзібы ў дом для састарэлых. Ужо сабрана ў клункі ўсё, што ёсць, да сцен бацькоўскіх не прывыклі дзеці, дзе маці пахавала маладосць, мо старасць больш утульныя асвецяць? Ах, цётачка, надзея — не віхор, каго заўгодна можна абнадзеіць, мажліва, праўда, састарэлых хор развейвае самоту штонядзелю... Тут — адзінота стрэламі ў вушах, там — фільм штодня ад скрухі і ад гора. Шчакою трэшся аб стары вушак, што быў заўжды надзейнаю апорай. Перавярнуўся з ног на галаву старэнькі свет пад стрэсамі, няйначай, ды не шапчы ты: «Дня не пражыву!». ды не залатвай лёс ціхуткім плачам. Як б'ецца часам ён за кругам круг, наш лёс, калі руку прыложаць злыдні, не плач, а лепш з адчаю ўсяго вытні таго, хто ўжо не помніць ласкі рук...

* * *

А давай як у даўнішнім... Зноўку мы сустрэнемся ў Доме кіно. Лісце прыме ў шадёр свой салоўку, ты далонню прыкрыеш акно. Ты не мой!.. Мы яшчэ незнаёмы. Нас не вяжуць разладам гады. Толькі там... у аконным праёме дражняць квеценню белай сады. I паглядам разгубленым цесна, і рука неслухмяна дрыжыць, і астатнім нячутная песня з губ у губы праз залу бяжыць. I паркет закалыхвае слізкі, ну хутчэй, родны мой, падбяжы... Стань, як день неадступны мой, блізкім, каб сказаць без сумнення — чужы!

НЕ ТРЭБА СЛОЎ

Як лёгка спудзіць касякі малькоў на сініх пашах бацюхны Нептуна... Не трэба слоў узвышаных, хвалько, калі пясм свой лёс на розных струнах. Мая туга амаль i не гучыць, трывожны гук, а сэрца адспявала... Завуць да згоды рукі на плячы, ix жар — агонь бенгальскі карнавала. Тады навошта ж быць такой цярплівай, што ні світанак — сонечны настрой, каб ты дасюль лічыў мяне шчаслівай i адпаведна гаварыў ca мной?!