* * *
Яшчэ ў вачах насіць жыцця святло
i мерацца з прыродай часта сілай,
a дрэва, што ў юнацтве пасадзіла,
ужо даўно мяне перарасло...
Жыве нязменнай ісцінай на свеце,
што колісь справай дум i рук было,
з зародка пераходзіць хутка ў квецень,
а дрэва долі нашай... адцвіло.
ЗАЗІМАК
Ну як табе пад інеем, вяргіня,
ты нібы радасць позняга кахання,
а вось жа кажа: святамі пакіне,
бы абяцае раніцы змярканне.
Ды ўжо было: не раз мяне кідалі,
прывязваючы да надзеі юркай,
адны, што караблі, з вачэй знікалі,
другія — нібы мышы ў сваіх норках...
Як заўтра быць?
Не трапячы, вяргіня,
яшчэ растопіць іней твой заранка...
Падумаць толькі — святамі пакіне!
Стаіць жа вунь i без бусла буслянка.
ДОЛЯ
Не шкадавала ціхага святла,
якiм цвіце палеская каліна,
зыначыла дарогу да сяла,
дзе ботам i мясілі бабы гліну.
Запомніўся ламачча зябкі хруст,
калі мой дзед унукам для ўспаміну
садзіў ля той дарогі кволы куст
загадкавага пахкага язміну.
Цяпер той куст здаецца дварняком,
што некалі ляцеў усім пад ногі,
ён за любым бяжыць таварняком,
бяжыць... i застаецца ля дарогі.
ПАСТУКАЙСЯ Ў АКНО МАЁ ГАЛІНАЙ...
Памяці Алы Кабаковіч
1
Каму з'яўляцца, а каму старэць.
Што сеецца, няхай расце са спорам...
У свеце шчасця можна не займець,
затое ў ім адчайнай скрухі мора.
Наш побыт звёў нішчымную куццю,
няма патрэбы ў казачных жаронцах,
часцей за роскаш дзякуем жыццю,
а трэба яму дзякаваць за сонца.
За ласку непакошанай травы,
дзе ў росах мые крылцы чмель
бухматы...
Жадаю дня наступнага жывым
з адным багаццем —
сонца ў вашу хату.
2
Пад сонцам легка шчодрым
i скупым,
пад ім жыве i радасць,
i трывога,
а свет стаіць спрадвеку на адным:
пазнай у бліжнім друга дарагога.
Ўсе вырастае з ісцін прапісных,
як з-пад страхі трывушчых дрэў —
падлесак,
чым больш лясных праталін у вясны,
тым больш у лесе веснавым пралесак.
Раслін бясплодных хілыя камлі
рассунуць прад калоссем свае краты,
i чым мацней буянне на зямлі,
тым адчувальней горыч кожнай страты...
3
Старэнькі свет...
Але не стаць адчаю
музейнаю старызнаю пад шклом,
шчэ снепрка прывыкла прывячаю,
a ўжо трашчыць на рэчках крыгалом.
I там, дзе зімавалі трыснягі,
вярба галінкай крыгу надламала,
мароз на шапкі разабраў снягі...
Вясна прыйшла другім дыханнем, Ала.
4
Далёкі ад турбот зямных Харон,
a Сцікс не зазвініць лясной крыніцай...
Як рана ты спасцігла таямніцу,
што ад жывых хавае повязь дзён.
Жаданых дзен,
прастрочаных святлом
пад купалам дрыготкае сінечы,
дзе слова развітання ў нас было,
яно пачатак сцежкі да сустрэчы...
Не твар да твару, не рука ў руку,
што да чаго —
пакуль мне невядома,
як павадак вяртаецца ў раку,
прыходзіш сном у сцены майго дома...
5
Ты сном прыйшла,
прарваўшы небыццё.
Што там?.. Што там?..—
пакутуе пытанне,
ты на яго адказваеш маўчаннем,
вяртаючы свой вобраз у жыццё.
Вымерваем працягласцю гадоў
жыццё, не беручы ў разлік хвіліны...
Пастукайся ў акно мае галінай,
сцяжэлаю пад завяззю пладоў.
Багаты на цяпло зямны абсяг...
Паўторыцца ў жывым з нас кожны генам...
Ты адышла...
Прыйдзі ж пад сонца ценем,
жыві ўспамінам там, дзе твой працяг...
6
Вясну пачула ў шчытных нетрах мыш,
лягчэй пад талай наледдзю пагорку...
Ты рэхам непрыкаяным ляціш
на самую аддаленую зорку.
Яна ўзышла, яна ужо гарыць...
Праменне ліць i ўлетку ей, i ўвосень,
мігцець штоноч надзеяй угары,
каб дадалося там, дзе аднялося...
Каб нехта з тых,
што шлях свой не прайшлі,
асвечаны яе святлом высокім,
зірнуў увысь i пагукаў з зямлі:
«Ты есць...
Ты свеціш...
Я — не адзінокі».