* * *
Ўсё, што ўчора было яшчэ марай,
заўтра сном непаўторным міне...
Пад паглядам стаю, як пад карай,
хочаш чуць ад мяне пра мяне?
Што я маю? Не многа не мала...
Ты смяешся, я плачу скрозь смех,
ўсё слязамі табе расказала...
Ўчора снег...
Сёння снег...
Заўтра снег...
* * *
Калісьці ў зелень апрануцца дрэвы
i свет раслін пяройдзе на мажор,
запросіць салаўя на ўрокі спеваў
начы святлюткай месяц — дырыжор...
Пакуль жа ўсё размалявана ў вохру,
галіны жальбы ўспомнілі свае...
I ўжо сняжок пакінуў свой аўтограф
пад лаўкай, дзе прамень не дастае.
Ды гуд пчаліны, спеў i расцвітанне,—
усё не раз паўторыцца ізноў,
а ты, хто даў сустрэчу i расстанне,
гаворыш: не вяртаецца любоў...
* * *
Любі траву, i першы гром, i гай,
суніцу, што на промніку пячэцца,
а сэрца i трывогі ўсе аддай
радку, што пачуццем на нервах
тчэцца.
Сакратам будзь ці закаснелым снобам,
насі пячатку ўдачы на ілбе,—
задума застанецца толькі спробай,
калі ей цалкам не аддаць сябе.
ПАРАЛЕЛЬ
Няма ні камара, ні мошкі ў спёку,
тады пачне разважлівасць даймаць:
юнацтва ўжо ўсміхаецца здалёку,
a старасці пакуль што не відаць...
I ўецца камарэча, бы малькі,
калі на ўзмежак стаць перад заходам:
па бок адзін — смяюцца васількі,
па бок другі — пайшлі ў калоссе ўсходы...
НА ВАЙСКОВЫХ МОГІЛКАХ
Напэўна, слоў апошніх не сказала.
Цяпер знайшліся словы ля пліты...
Каго бабуля колісь пахавала,
якога сэрца бераг залаты?..
У поўдзень светлы паспяшае ранне,
чапляючы на кожны куст цяпло.
Бабуля спадзяецца на спатканне,—
яно маўклівай кветкаю ўзышло.
А тут жывем...
Спрачаемся без меры,
спрабуй, чужую пыху заглушы,
калі, бывае, добраму не верыш
у самай блізкай, дарагой душы.
Не зробіш дням усім былым агляд,
ды хочацца з харошым пагалскаць,
i шлях у сінь смугі... за далягляд
ўжо не здаецца доўгім i далёкім.
* * *
Ад калыханкі да радка —
бы ў поле матчына дарога,
дзе каля кожнага грудка
спакой матулін і трывога...
Што ні размова, то пра свет —
вірлівы, мройны, адмысловы,
а ў свеце цесна ад ракет,
і стала менш даверу ў словах.
Пагроза страшнага агню...
А мне іскрынка згоды трэба,—
мая дачушка ўпершыню
усмешліва зірнула ў неба.
Там аблачынка растае,
маладзічок сады вартуе...
Дачка Сусвету штось буркуе,
я з лёсам гутару яе.
СТЭФАНОВА
Шукаюць вёску Стэфанова
аблокі сорак два гады...
Дзядок з касой сядзеў на дровах,
стаяла цётка ля грады.
Хлапчук выцягваў з пальца стрэмку
над дошкай з гэблікам карпеў...
Дзяліла маці дзецям семкі
і бурачынне несла ў хлеў.
Пад плот адцягвала балею
бабуля — светлае чало...
Да хат зіхоткаю лілеяй
з усходу сонейка плыло...
Прымрою вёску Стэфанова,
хоць не была ў ёй да вайны...
Бур'ян глухі шуміць за ровам,
там сховы ладзяць кажаны.
ЛІПЕНЬ НЕ ДОМА
Ліпень знае ўтому грабель
ліпень бульбу абгарэ...
А на хуткаплыннай Лабе
касяком ідзе фарэль.
У глухую шапку хмары
лезе свердзелам гара...
I ад спёкі на чынары
міражом блішчыць кара.
Легка ўецца пыл гарачы,
за тынамі — алыча,
i сінее даль, як сачык,
што на маміных плячах.
* * *
У сэрцы затрымцеў няясны гук
мелодыі, душой неразгаданай,
ды не звяду ў абдымку верных рук,
не ўмею быць назойліва-адданай.
Заўжды ёсць боязь паглядзець здаля
на ўсё, што ёсць у свеце нашым цесным;
туман з вачэй сыходзіць снакваля,—
мелодыя... шкада, яшчэ не песня.