РАЗВІТАННЕ
Што задумвалася — не збылося.
Год прайшоў, як праплыў па сцяне,
i ўсміхаецца блізкая восень
гронкай горкай рабіны ў акне.
I над полем будзённай работы
невясёлае мары туман,
ні чакання, ні слёз, ні пяшчоты,
толькі злога бяссоння дурман.
I пакуль маладзік не патоне
ў прыбярэжных зялёных вірах,
стану ярасна мыць падваконне,
пыл з пакрэсленых стосаў сціраць.
Каб жа выжыла дужае сэрца,
стану піць дзівасіл з гладыша,
a няўцямны сусед рассмяецца:
«Бач, пяе ў маладзіцы душа».
* * *
Не дастаткам, a сэрцам расла.
Я да шчасця сябе рыхтавала...
Ты не помні тых слоў, што сказала
не падумаўшы,— з гневу, ca зла...
Гэта слабасці прыкрай начынне,
ты дакорам пустым не ўкалі
i жанчыну пазнай у жанчыне,
бы ў дзяўчынцы дзяўчынку калісь...
ПОЗНЯЯ ВОСЕНЬ
Які пейзаж... як страшна восень плача.
Хоць шчодры, хоць бязбожны эгаіст
у днях сырых нічога не зыначаць,—
апошнім прывітаннем б'ецца ліст...
А мне дык добра праз выццё i стогны
ісці ў імжаку — свету не відно...
Мігцяць слатой захуканыя вокны,
як кадры шматсерыйнага кіно.
Сцяну дажджу i ветру завыванне
наматвае на мокры ствол імгла,
i столькі ў голлі стылым шкадавання...
Я гэта ўсе раней перажыла.
* * *
Спадзе раса, i адшуміць калоссе:
раса пад сондам, колас пад сярпом...
Усяго даўжэй —
з абложнай скрухі восень,
ўсяго цяжэй — згінацца пад гарбом
надзей, чакання ці расчаравання...
То ўніз, то ўгору хваля пачуцця,—
i гэта ёсць пачатак шчыравання
душы ў будзённым рэчышчы быцця.
* * *
Жыву з жыцця, i можна было б лепей,
мудрэй, святлей, але вазьму дачку,
i, як дыхнуць, у два старанні злепім
снегавіка на снежным пятачку.
Парадуемся, сядзем, памяркуем,
фантазіі дае крыло — запал,
i вось ужо не лепім, а будуем,
бы на аблоках, з аблачын квартал.
Мы садзім лес,
вяртаем рэчкам воды,
мы думкамі імкнём за небакрай
i ў свет далёкі пад сцягамі згоды
пускаем поўны шчырасці трамвай.
Хтось прыадкрые звыклай позы маску
(адкрыты твар мільгае ўсё радзей),—
а мы хутчэй!.. А мы ствараем казку:
свет новы i не новы для людзей.
Балотца, гай i журавель над гаем,—
чутно, як трызніць казкаю зіма...
I мы яе вясёлаю ствараем,
а сумная народзіцца сама.
СУСТРЭЧА
Час для Вас не лекар, не грымёр...
Дзверы насцеж,—
Вам, як ветру, рада,
толькі клён за шыбкаю замёр,
бы рысак
пад пугай канакрада.
Памяць наша — бездані сувой...
Дзе ж сасна,
што слухала, як плачам
разрывала крокаў Вашых шво
ў спадзяванні,
што змагу зыначыць
Ваш прысуд:
ад сэрца адарваць...
Адарвала.
Дзякую.
Не помню
ні сасны, ні спробы дараваць...
Засталіся толькі словы-промні
у радках збалелых сумаваць.
Словы — промні...
I туга — радзей...
Смутак губ i адзінота локцяў
прытулілі лета да грудзей,
вернутае гронкай белых флёксаў.
Ix прынёс...
Ці варта, хто прынёс?
Выпілі бабулі нашы гора,
i ўсміхнуцца вырашыў мне лес,
ды пра гэта гучна не гавораць.
Што маё?.. Пра Вас хачу найперш
чуць цяпер, далёкі мой i светлы...
Ціха як...
Я ж рада Вам, як ветру...
Боль той даўні —
мой найлепшы верш.
САЛАМЕЯ