Выбрать главу
ці ветру свіст за схілам:
«Хачу, каб ты журылася па мне і белы свет заўсёды быў нямілым».
Нямілым свет? —
і лотаці, і дрэў,
дзе ўсё цвіло, то раптам адцвітала, бо я цябе яшчэ тады кахала, калі пра гэта думаць ты не смеў.
Танюткай вольхі выгінасты ствол гайдаецца, бы сто ражкоў зайграла... Толькі тады і бачна хараство, калі душа адценні ўсе ўвабрала.

МАЗУРКА

Адкуль тут мазурка Шарэна? Галіны да шклін падплылі. Я вам абяцаю напэўна вярнуцца сюды хоць калі...
У кожным садку Беларусі сягоння пазёмка ў гасцях, раскладваць гады не бяруся, ды ў нейкім — шчаслівы працяг
начы, дзе блукае Спягурка... Я думала, гукі з-пад ліп, а гэта дыхнула мазурка,— то смех, то шаптанне,
то ўсхліп...
Як дзіўна жадаць летуценна таго, што яшчэ не прайшло, я знікну надоўга, а ў сценах запыніцца сэрца цяпло...
Апрануты ў белыя буркі ўсе дрэвы, і кружыцца снег, надхоплены шалам мазуркі,— то ўсхліп, то шаптанне, то смех...

* * *

Здзіўляемся загадцы Баальбека і некалі загадкай станем самі, час замяце крылатымі вякамі імгненне, што завецца нашым векам.
Парушацца глыбокіх нетраў дахі, тысячагоддзяў расхінецца полаг, адкрые нас дасужы археолаг, адкрыўшы нашых збудаванняў гмахі.
I будзе зачароўваць рамяство майстроў, чые пагубяцца імёны, і вершы нашы будуць, як пісьмёны, што тояць дум высокіх хараство.
Стварэння прага ў будучыню кліча, мой найхарошы, сэрцам не грашы, хачу заўсёды бачыць за абліччам мне любым — прыгажосць тваёй душы.

* * *

Бывала, ў ціхае начы маю пяшчоту разгаворыць, сам замыкаецца, маўчыць, нібы канала сэрца ў горы.
Захутвалася ў лёгкі плашч, а на сцяжынах іней слаўся, і мне здавалася, што плач з губ непакорлівых зрываўся.
Вярталіся ў халодны дом, там сцены дыхалі спакоем, але пякучай крыўды ком пужаў прыгнечаным настроем.
Да тых начэй цяпер прыкута дасюль нязнаным пачуццём, ён быў тады маёй пакутай, ён стаў шчаслівым забыццём.

* * *

А дзень на сад святлом пральецца, сцяжынка згубіцца між траў... Я ведаю: ён адгукнецца, ён з'явіцца, калі кахаў...
Бо ці змагла б злятаць так лёгка язміну квецень на зямлю і я сярод прыроды вогкай, як і раней, шаптаць: «Люблю...»

ДЗЕНЬ. ВЕЧАР. РАНІЦА

*
Застыў вясёлым роспісам алей. Спалох закалыхала слоў калыска. Стаў пэндзлік непатрэбным...
Як Вы блізка!
Тушуе густа дзень наша д а л е й... (аддаю ў запісную кніжку юнай
паэтэсе, думаючы аб сваім...)
*
У вокнах вечар гаманлівы згас, і паглыбела пад паглядам неба. Папера, стол... Душа пяе пра Вас, ды Вам пра гэта знаць зусім не трэба.
*
А раніца прарвала ліўнем лета і на паляне ў рост пайшла трава. За хмарай шызай неба сінява... Я і такім пачаткам дня сагрэта.
Жыццё — тартак,
пілуе нервы час,
адчай, мана і здрада — пілавінне... Я не зайздрошчу Вашай палавіне — жанчыне, што пры Вас не знае Вас.
Затканы ліўнем сцежкі і дамы, пераспяваць прыроду я не ў сіле, хоць і ў слабога вырастае крылле ад думак, што зліліся лёгка ў «Мы»...
Здалося, што па Вашаму загаду зляцеліся да вокнаў галубы, і, нібы кліч прызыўнае трубы, азваўся спеўна гром з-за далягляду.