Г о л а с з ц е м р ы
(з непрыхаванай ціхавасцю)
А вам нашто?..
С а л а м е я
(ціха, ласкава)
Ці ж лезці нам за тын?
Скажы, ласкавы...
Г о л а с з ц е м р ы
( памарудзіўшы)
.,? Добра!.. Гэй, Пільштын!..
С а л а м е я
(разгублена)
Ён тут! Ён зараз прыйдзе... Як раптоўна
Адкрыць душу адразу — рызыкоўна!
Вось ён ідзе...
П і л ь ш т ы н
(як быццам i не здзіўлены)
Пытаўся хто мяне?
С а л а м е я
(паспешліва, трошкі збянтэжана)
Усе пасля... А зараз лепш без крыку!
Я за цябе дам заўтра бею выкуп...
П і л ь ш т ы н
Хто ты?
С а л а м е я
Пасля... Ад сэрца, не з раскошы
лаві кашэль, не ў клопат будуць грошы!
(Кідае Пільштыну кашэль з грашыма.)
П а к а ё ў к а
(ад нечаканасці)
Ах, пані!..
СУМНЕННІ САЛАМЕІ ПАСЛЯ ТАГО, ЯК ПІЛЬШТЫН СТАЎ ЯЕ МУЖАМ
Аццвіў даўно ў садах міндаль.
Пабляклі ўзвышшы
i нізіны,
але чужой прыроды жаль
мне не ў маркоту,
мой адзіны.
Жартуй з другой
i гавары,
што ў валасах яе камеі,
як жар паўдневае зары,
а вер заўсёды
Саламеі...
Я — тая,
што жыве з агню,
чужая выхадцы манернай,
i калі позіркам зманю,
дык застануся
сэрцам вернай.
Шапчы:
«Мая!» не мне ў адказ,
ды спамяні ў гарачай стоме
ноч,
што злучыла палам нас
у гэтым выстуджаным доме.
Цябе папрок мой не кальне,
заўжды сустрэну,
як на крылах,
каб сэрца білася вальней,
я вочы радасцю прыкрыла...
Стаў весялейшым краявід,
ў пясках міраж размыты скача,
i я ўсміхаюся наўзрыд,
а ты гаворыш —
мучу плачам.
*
Радасць мая, на далоні пахукай...
Доля карае i помсціць за грэх,
а я без віны пакарана разлукай
з чародкай бяроз ля зажураных стрэх.
Да лугу не выведуць сцежкі чужыны,
багатая я, ды багаццем не тым...
У лета май не ўварвуцца рабіны
з жа рынка мі гронак у голлі густым.
Пранізлівы позірк маркотнай сялянкі,
ды бачыш за ім не чужую душу,
гасцінцы,
балотцы,
лясныя дзялянкі
даўнютка па мне адспявалі імшу.
Няпраўда!
Я — вольная... Чуеш, каханы,
абжытая хата яшчэ не жытло!
Да дрэў не вярнуцца лісткам адарваным,
мы ж — людзі...
Нам трэба радзімы святло.
ПАСЛЯ ВЯРТАННЯ НА РАДЗІМУ. У НЯСВІЖЫ
Я падрасла ці неба паднялося?
Дзе сажалкі, там блізка хутары...
Адвечны гімн зямлі пяе калоссе,
i пахнуць кменам хмурыя двары.
Ўсе роднае!..
А сэрца не ў гуморы,—
да скону дабрачыннасці служы,
a ўсе адно жыве паўсюдна ў горы
той, хто ярма яго не заслужыў.
Сляпы ідзе з павадыром-дзяўчынкай,
пад спеў яго ўздыхае грамада,
ды ці пракорміць сем ратоў катрынка,
ды ці ад ix адступіцца бяда?..
Ўзвяло багацце моцныя парканы,—
там сытая не ўскаланецца ціш!
Айчына! —
бераг, лотаццю затканы,
ты вольнасць залатую толькі сніш.
ВЕРШ ДА ПІЛЬШТЫНА
Сказала б я, напэўна, пазаўчора,
што ты жыцця пачатак i працяг...
Цяпер маўчу, бы перад бурай мора...
Як мала ў шчасця пабыла ў гасцях!
Што трэба ад цябе — ужо не знаю,
а ты зірнеш, i я затрапячу,
i ў палкасці уласнае згараю,
i за пакуты гонарам плачу.
Прынізіць можаш...
Я цярплю абразы
i ведаю: нічым не дагаджу,
i сіл няма адсекчы ўсё адразу,
ты — неба без святла
i без дажджу.
Навошта ж мне імкнуцца ў твае высі?
Зямная я — са смеху i ca слез.
Я — жонка — лёс упрошваю: скарыся!
I мне ў адказ: «Паўстань!» —
крычыць мой лёс.
Паўстань!
Адрынь той шлях, дзе паабапал
адна насмешка, што ні крок — то ўкол!
Ці ж то жыццё, дзе сэрца смокча д'ябал,
a ў вочы зазірае, як анбл...
Купі атруты — раіш штохвілінна,
ці знікні, як мага далей хаця б...
Каханне, ты — прывабная быліна,
дзе з двух герояў нехта вечны раб.