Г а л ь п і р
Няпраўда, я даўно цябе не бачыў
i вось прыйшоў пад наш старэнькі дах.
Я знаў — ты тут, я не з благім намерам,
не бойся... Лепш прысядзем да стала...
Зноў пахнуць валасы твае аерам,
ракою... Ты такая ж, як была.
С а л а м е я
( здзіўляецца )
Была?.. Я — ёсць...
Г а л ь п i р
(з сумам)
Ты — ёсць i доўга будзеш...
У гэтым доме госць часовы — я!
Прачнешся i начное ўсё забудзеш,
спакойнай стане зноў душа твая.
С а л а м е я
Спакойнай?.. Ты гаворыш з дзён былых,
ім аніколі ўжо не паўтарыцца,
ці знаеш ты, як можна на крутых
шляхах на камянях душой разбіцца?
Г а л ь п i р
( пранікліва )
Я знаю ўсё... Таму я сёння тут...
Сам чалавек — віна сваіх пакут,
табе патрэбна сэрцам адагрэцца.
Спынілася б... Адкрыла б лазарэт...
С а л а м е я
Якуб, я лазарэтам бачу свет,—
хто хворы на сумленне, хто на сэрца...
Г а л ь п i p
Няпраўда, ты не думает пра час...
Свет — міг жыцця, i гэты міг салодкі,
я колісь многа горычы адпас,
яе не помню, знаю — век кароткі...
Задумайся.
С а л а м е я
Хвалюешся дарма.
Жыву былым, цяперашнім i дальнім,
i анідзе няяснасці няма,
мо толькі над каханнем ёсць пытальнік.
Г а л ь п i р
Каханне... На яго яшчэ ляціш
i кожны раз ратуешся ва ўсхліпе!
Якой жа думкай зараз ты гарыш?
С а л а м е я
Я думаю паехаць у Егіпет,
пасля... дамоў, дзе паляваў на звера
калісьці ты, a выгледзеў мяне,
ты помніш, ля ракі на валуне...
Г а л ь п і р
I пахлі валасы твае аерам...
АПОШНІ ЗАПІС У ДЗЁННІКУ
Душу сваю не выкупаўшы ў зле,
жыццё мае чытайце, як паданне,
дзе ўсё ў адным звязалася вузле —
любоў...
Айчына...