Выбрать главу

* * *

Гэтай начы неспакойнае назва— спрэчка разгневаных дзвюх навальніц, тайны жанчыны другой — не расказвай, цесна ў душы ад сваіх таямніц.
Грымнула громам густым з бліскавіцай хмара адчаем падстрэленых фраз, дзіўны, ці ж трэба душы таямніца тая, што лішняю будзе якраз.

* * *

Разважаеш пра штормы і мелі у кутку спакон веку лясным і гаворыш, што гора займелі, бы й не чулі дыхання вясны.
Я адказваю:
— Дзе ж тое гора?
Сцены светлыя, чыстая столь... Незгаворліваю непакорай неапраўданы сцішваю боль.
Не завітваю ў дом мураваны, дзе звычайна гаіла адчай... Хай ілжэ: «Прападай з некаханым», голас злы ля другога пляча.

ТЫ ГАВОРЫШ...

*
Ты гаворыш, лепшае ў былым... Дні былі напраўду дарагімі, ды ці трэба жыць далёкім тым,— мроямі і радасцямі тымі.
Ты гаворыш, светлае ў былым... Божа мілы, многага не вернеш, але глянь, здаецца залатым колас, поўны наліўнога зерня.
Пэўна, сёння ўспомніць ты схацеў, як страсала летні ўбор чарэшня, а лісток адзіны ацалеў,— што ён сніў над калыханкі снежня?
Многа снежняў зведае зямля, ды цяпер мне мілы яе колас... Ты прыцішвай раздражнёны голас, каб не шкадаваць чаго пасля.
*
Чуеш,
побач будзіць былку чмель.
Бачыш,
разгуляліся стракозы...
Не ўяўляла колісь, каб бружмель адцвітаў і... наплывалі слёзы. I не чула, каб рака раней на крутых парогах ледзь шумела І каб я, ледзь позірк твой кране, замаўляць надоўга жаль умела.
*
Пасля імглістай хмурнае пары, калі нарэшце сцішыцца залева, спакойна спіць змяя ў траве ля дрэва, ты ж пеначку ў галлі пазнай па спевах і, нібы з ёй, са мной пагавары.
Пра навальніцы і пра збажыну, пра новы дзень і невыноснасць тлуму, яшчэ пра тое, што мяне адну ты прывучыў, як да сябе,— да суму... I, сумнай, сніцца рук тваіх сіло, а ты гаворыш,— лепшае было.

* * *

Бязмежнасць жыве ў снегападах, завейныя мрояцца дні, а позірк шукае ў паглядах іскрынку жывой цеплыні...
Абудзяцца досвіткам крыгі, і недзе ўздыхне Белавеж... Вясны маладзенькай інтрыгі ад вашых дзівацтваў не лепш!..
Не добрым спрыяюць удачы, не злоснік нямее ад звад... Штось кожны ў жыцці перайначыць, ды толькі на ўласны свой лад.
Мне добра: мяне Вы не зналі... Мне горка: я ўжо не скажу, як свецяцца чыстыя далі пасля праліўнога дажджу.
I страшна за Вас беспрычынна, Вы, мілы, далёка не бог! Дык як жа адчайнейшы ўчынак памілаваць сёння Вас мог!..
Вось я адыходжу святая — такой застануся для Вас, ды што, як не святасць, штурхае у тайны вялікія нас?!

ДЗВЕ ГАДЗІНЫ НАВАГОДНЯЙ НОЧЬІ

Не д'яблік з чараўнічай табакеркі, а вечар шчодры ўсім раздаў дары... Дзяўчынкам — лялькі, хлопчыкам — цукеркі, а мне — твая пяшчота да зары.
Сукенак жар, усмешкі, як пагоня... Сярод знаёмых твараў ты адзін, хто расказаў маёй душы сягоння ўсю радасць святу дадзеных гадзін.
Магу смяяцца, лёгенька кружыцца пад позіркам, што ўзнёс мяне да зор... Ці поўні бляск, ці цацка заіскрыцца, ў паглядзе — пал,
адчайнасць
і дакор...
«Люблю цябе...» — выводжу на сурвэтках, люблю цяпер... Хацелася б — заўжды. I твар хаваю ў папяровых кветках, і чую пах духмянай рэзеды.