* * *
Голас мой, не дрыжы.
Вочы... а вы — глядзіце:
парасткі першай ілжы —
бомба ў зеніце!
Што ж ты мне абяцаў?
Любові гаючае поле.
Можна збегчы ад спраў,
ад сэрца — ніколі!
Таму і стаіш цяпер
(сцерліся ўсе паняцці),
як вельмі разумны звер
з бездапаможнасцю дзіцяняці.
* * *
З пяшчоты словы зноўку ткуцца.
Залее над дажджом зямля.
Не зможаш назусім вярнуцца,
прыйдзі спагадаю здаля.
Душа даўно не ў тым узросце,
каб нараджаў варожасць боль,
маўчаць мы будзем на пагосце,
здзіві прыветным слоўкам золь.
Пад небам роднае прыроды
вясну абвесціць крыгалом,
а вобраз твой асвеціць годы
нязгасным, дарагім святлом.
Блукае смутак каля хаты.
У полі звянуў васілёк...
Няма ў расстаннях вінаватых,—
ты пасміхайся мне здалёк.
* * *
Зачэпіцца сонца за снежную горку,
і хлыне ў даліну патокам вада...
Забуду апошнюю нашу гаворку,
а ўсё-такі... нечага трошкі шкада.
Ніколі не выспее яблык дачасна,
за радасцю часта прыходзіць нуда,
сказаць не магу, каб была я няшчаснай,
ды ўсё-такі... нечага трошкі шкада.
Бывае, заўважу ў аконным праёме,
пытаюцца, хто ты — такая бяда! —
спакойна адказваю — проста знаёмы,
і ўсё-такі... нечага трошкі шкада.
* * *
Сумна між сухіх кустоў карынкі
помніць лета ягаднага пах.
Горыччу апаленай скарынкі
разлілася ўсмешка па губах.
Смех аддам за кветку іпамею,
зваблівасць — за пышныя лугі...
Як жа сэрца сумаваць умее
голасам пяшчоты і тугі.
Палыхне трывожна сінь кітайкі,
жар з плячэй саб'е хадодны шоўк...
Гэй, мастак на трапяткія байкі,
што ж ты рана ў прошласць адышоў
Я сама прыгожа ўмею баяць,
слова дарагога не займаць,
мара адбалелая, што заяц,
шаснула ў аўсяны шум за гаць.
Байкаю апошняю хваліся,
слоў не знойдзеш,— я дапамагу! —
любай сёння ў ногі пакланіся
за маю салодкую тугу.
* * *
Мільёны дзён мяне кахаў,
мільёны дзён ішоў з нябыту,
з'явіўся ўрэшце і сказаў:
«Як дзіўна, мною ты забыта».
Пачнуць на горцы наракаць
па ўрокі юныя мінчане,
што ж, я змагла б ім выкладаць
прадмет над назваю «маўчанне».
Маўчу... Ні клопату, ні спраў,
прайшоў праз сэрца, выйдзе ў дзверы
той, хто мільёны дзён кахаў
і... ў гэта сам не змог паверыць.
ВЕРШЫ БЕЗ АПОШНЯГА РАДКА
Шукайце сцежку па карчах,
калі прыйшла пара паводцы...
Шануйце шчырасць у вачах,
душы адкрытае ў гаворцы.
Не адчужайцеся па тым,
хто колькі вам пакінуў болю,
i не спяшайцеся на волю,
калі былое — горкі дым...
1
Цяпер сачы... ў сяброў маіх
распытвай.
Здавалася,—
лес назаўжды адсек
твой позірк у гады мае, як брытвай,
i знікла я...
i думала — навек! —
У той зіме сумётнай i шумлівай,
нібы жанчына, што сказала:
«Мой!»,
спытайся, ці была пасля шчаслівай,
я адкажу: той самаю зімой.
Знаходзіць шчасце ў сытай асалодзе
здаволены, о, ён не мой герой...
Душа заўжды малілася прыродзе
душы, што носіць спадзяванняў рой.
Хай спадзяецца варты спадзявання.
Хай тужыць, каму дадзена тужыць.
Я страчвала зімою той каханне,
на справе —
толькі пачынала жыць...
2
Фантазіі ў жыцці няма мяжы,
любы мастак тады б мне пазайздросціў...
З насмешак,
з непрытульнасці,
з ілжы —
надоўга трапіць да адчаю ў госці.
Я потым зразумела: не адчай!
Звінелі нечым даўнім сцены ўпотай,
i раненька будзіла адзінота,
спярша яна...
пасля птушыны грай.
Ёй многім абавязана цяпер,
пакінуўшы яе шкляныя дзверы,—
да ix з жыцця таму вядзе знявер,
што ўмее адзінота ўзняць да веры.
Перш у сябе...
У здольнасць палюбіць
травінку,
дрэва,
постаць чалавека,
што цягне дзён немітуслівых ніць
з хмурынкай стомы на цяжкіх павеках.
У адзіноты нораў не круты,
яна для сэрца,
як для зерня глеба,
хоць ратавала ў скрусе частай неба,
жылося тым,
што мне пакінуў ты...