9
Не збылося. Тая ноч забыта.
Ты не помніш. Дзе яе святло?!
Фортка ці душа мая адкрыта
ўсім дажджам, што стукаюцца ў шкло.
«Мілы!» — не скажу табе ніколі.
«Родны!» — навучуся забываць.
Многа кветак у айчынным полі,—
не спяшайся поле рабаваць...
Думала, гляджу замілавана,
вочы — два вугольчыкі ўначы,
страшна прачынацца некаханай
на душой прыдуманым плячы.
Акіян далёкі буркатлівы,
блізкая, разгублена шапчу,—
бедным будзь, але заўжды шчаслівым
бачыць цябе звоццаля хачу...
10
Спатыкнуцца, пахіснуцца, ды не ўпасці.
Будзень скрозь, а свята ходзіць госцем.
Свет сярдзіты рэдка песціць шчасцем,
a знябыты ў ім не бачыць злосці.
Кожны міг расстаўлены да кропкі,
сёння, як i заўтра, як заўжды...
Спраўны майстар Час такі таропкі! —
i ляцяць, ляцяць мае гады.
Поўня, як астылая фаерка,
вечар летні, вечаровы сум,
i не трэба раіцца з люстэркам,
a шчацэ гарэць ад скрытных дум.
З зайздрасці не зойдзецца зайздросны
з тых, што бачаць ноч, як кажаны...
Свет, бы тайна, гэтым i дзівосны,—
што ў ім праўда?.. Што сіло маны?..
Летні сон i душны, i дрыготкі,
бы дыміцца блізенька абрыў...
Сню цябе. Спаткання час кароткі.
А жыцце пытае ўжо: «Ці быў?»
11
Теперь, когда мне звезды ближе.Аляксандр Блок
Шумяць дажджы... a ліпень з ружай прыйдзе.
Кап-кап з лістка, бы снежка растае.
Дачка шчэ не глядзела ў вочы крыўдзе,
смяшліва мые боцікі свае.
Ёй даспадобы сцежак раздарожжа,
каменьчыкаў памытых лёгкі хруст.
Дачушка, мы працягнем падарожжа,
то проста хустка чэпіцца за куст...
То проста дожджык падае напеўна
на тратуар, дзе стыла шкло ільдзін.
Прахожы азіраецца няпэўна,
а сэрца мае б'ецца: «Не глядзі!..»
Ты! — а вочы шчэ не вераць —
праўда ці гульня ілжы?
Ты! — рыпяць паблізу дзверы.
Ты! — з галін ляцяць стрыжы...
Ты! — забілі кроплі гулка.
Той жа голас... крок... яшчэ...
Ты! — i стала цеснай вулка.
Хустка падае з плячэй...
Ты! — глядзіць дачка здзіўлёна.
Як шчыток яе ўзніму...
Дожджык цёплы, дол зялёны...
Ты! — навошта мне ў зіму?
12
Зіма... зіма... з паводкай адыходзіш.
З лістком апалым надыходзіш зноў...
Ты квецені ніколі не народзіш,
i ўсё ж люблю абшар тваіх снягоў.
Твой ледзяшок, прымерзлы да карніза,
як дар у лёс з багатае казны,
i першы твой капеж, нібыта віза,
у подых немінучае вясны.
Люблю тваё сцюдзёнае дыханне,
яно пры стратах самы лепшы фон...
...Як нецярпліва звоніць тэлефон! —
(Ў радок апошні просіцца —
КАХАННЕ.)
* * *
Чаму? Навошта? — што ні дзень
з пытання.
Вышукваеш нуды маёй прычыны,
а я заўсёды думала, мужчыны
ніколі не ўдаюцца ў сэнс кахання.
Як часам незаўважна ўскрыліць мара,
надзея ўспыхне з аднае усмешкі,
хто знае, на якіх кастрах згараем,
раздзьмухваем якія галавешкі?..
Дзеля чаго? Спрадвечная пакута.
Чакаем ночы, каб не спаць да дня.
Адзін гаворыць — мёд,
другі — атрута,
i кожны выпіць хоча ўсё да дна.
НА ДОСВІТКУ Ў ЛЕСЕ
...Парожні кошык просіць нахіліцца.
Дупло вавёркі бачу на сасне.
Лісічкі расштурхоўваюць ігліцу,
і, як ніколі, сёння лёгка мне.
Паблізу дзесь павінна быць крыніца
расточак пасярэбранай вады,
у сэрцы можна несці таямніцу,
згараць навошта сэрцу ад нуды?
Яшчэ чужы і снам маім далёкі,
ды радасней за вестку аб вясне,
тэлеграфуюць сэрцу біятокі,
што недзе ты падумаў пра мяне...
Ты светла думай...
Сонцу пасміхайся.
Няхай бруяць крыніцы і гады.
Яшчэ чужы...— такім і заставайся,
няўлоўнае — найдаражэй заўжды.