Папугай жыў з імі больш за дваццаць гадоў, і прадавец, калі яго набывалі, не ведаў ягонага веку. Штодня пасля сіесты доктар Урбіна сядаў з ім на тэрасе — самым прахалодным месцы ў доме — і цярпліва праяўляў неверагодныя мажлівасці свайго педагагічнага таленту, пакуль папугай не навучыўся размаўляць па-французску, як акадэмік. Потым, з чыстага энтузіязму, ён навучыў папугая паўтараць на памяць харальныя тэксты набажэнства на лаціне і выбраныя фрагменты з Евангелля ад Мацвея. Аднак спроба ўбіць птушцы ў голаў механічнае веданне чатырох арыфметычных дзеяў скончылася няўдала. З адной з апошніх вандровак у Еўропу доктар прывёз першы фанограф з трубой і мноства кружэлак з запісамі модных мелодый і твораў сваіх улюбёных класічных кампазітараў. Дзень пры дні на працягу некалькіх месяцаў ён пракручваў папугаю песні Івэты Гільбэр і Арыстыда Бруана, якія пакарылі французскую публіку мінулага стагоддзя, пакуль папугай не вывучыў іх на памяць. Ён спяваў жаночым голасам альбо тэнарам у залежнасці ад таго, хто спяваў на кружэлцы, і заканчваў спевы нахабным гогатам — люстэркавай копіяй смеху мясцовых прыслужніц, калі тыя слухалі ягоныя спевы па-французску. Слава пра папугаевы таленты зайшла так далёка, што часам пабачыць яго прасілі дазволу слынныя вандроўнікі, якія прыплывалі з цэнтральных раёнаў краіны на рачных караблях, а ангельскія турысты, якія шмат вандравалі на нью-арлеанскіх бананавых суднах, аднойчы паспрабавалі набыць папугая за любы кошт. Аднак самы слаўны для птушкі дзень настаў, калі дом адведаў прэзідэнт рэспублікі дон Марка Фідэль Суарэс з кабінетам міністраў у поўным складзе і таксама захацеў упэўніцца ў праўдзівасці чутак. Яны прыйшлі прыкладна а трэцяй, задыхаючыся ад палючага жнівеньскага паветра, бо былі ў сурдутах і цыліндрах — нябогі не здымалі іх на працягу трох дзён афіцыйнага візіту. Але з’ехалі яны такімі ж заінтрыгаванымі, як і прыехалі, бо папугай не выдаў ані слова, нягледзячы на мальбу, пагрозы і публічны сорам доктара Урбіна, які рызыкнуў запрасіць высокіх гасцей, не зважаючы на мудрыя папярэджанні жонкі.
Папугай захаваў свае прывілеі і пасля гістарычнага фіяска, што канчаткова пацвердзіла ягоную суверэннасць. Ніякія іншыя жывёліны ў дом не дапушчаліся, за выключэннем хіба што земляной чарапахі, якая зноў з’явілася на кухні пасля трох альбо чатырох гадоў адсутнасці, калі ўсе лічылі, што яна знікла назаўжды. Але на чарапаху не глядзелі як на жывую істоту, а, хутчэй, як на скамянелы амулет на шчасце, і ніхто не мог сказаць дакладна, дзе яна поўзае. Доктар Урбіна не хацеў прызнацца ў гідлівасці да жывёлінаў, спасылаючыся на самыя розныя навуковыя байкі і філасофскія высновы, якія шмат каго ўпэўнілі, толькі не ягоную жонку. Ён тлумачыў, што аматары жывёлы здольныя на самую неверагодную жорсткасць у адносінах да людзей. Ён казаў, што сабакі не так адданыя, як паслужлівыя, каты — апартуністы і здраднікі, пава — вяшчун смерці, чырвоны ара — залішняе ўпрыгожанне, трусы даводзяць да хцівасці, малпы перадаюць гарачку юрлівасці, а на пеўнях — праклён, бо праз іх людзі тройчы выракліся Хрыста.
Але Фэрміна Даса, яго сямідзесяцідвухгадовая жонка, у якой тады ўжо знікла мінулая і надта жаноцкая хада аленіхі, да шаленства любіла трапічныя кветкі і хатнюю жывёлу, а ў першыя гады шлюбу, карыстаючыся з палкага кахання мужа, заводзіла жывёлінаў без усялякай меры і здаровага сэнсу. Спачатку набыла трох далмацінцаў, названых імёнамі рымскіх імператараў, — яны разадралі адзін аднаго з-за сучкі, якая цалкам апраўдала сваю мянушку — клікалі яе Месалінай, — бо яна яшчэ не паспявала ашчаніцца дзевяццю шчанюкамі, а ўжо была цяжарная дзесяццю іншымі. Затым у доме з’явіліся абісінскія коткі з арліным профілем і норавамі егіпецкіх фараонаў, касавурыя сіямцы, палацавыя персы з аранжавымі вачыма, якія блукалі па доме, як прывіды, і распуджвалі ноч віскатаннем падчас сваіх оргій. На ланцугу каля мангавага дрэва, што расло ў двары, некалькі гадоў трымалі амазонскую малпу-ўістыці, якую шкадавалі, бо з твару была падобная да сумнага арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя, з той жа цнатлівасцю ў вачах і красамоўем рук. Але не з гэтае прычыны Фэрміне Дасе давялося пазбыцца малпы: гэны самец меў дурную звычку спаталяць сваю прагу, пазіраючы на сеньёраў.