Тры гадзіны яго не маглі дастаць. Прыслужніцы і іхныя сяброўкі з суседніх дамоў прыдумвалі ўсялякія хітрыкі, каб папугай спусціўся, але ён упарта заставаўся на недасягальнай адлегласці, смяяўся як шалёны і крычаў: «Хай жыве ліберальная партыя, хай жыве ліберальная партыя, каб вас!», а гэты адважны вокліч ужо каштаваў жыцця не аднаму вясёламу п’янтосу. Ледзь бачачы папугая ў лістоце, доктар Урбіна спрабаваў угаварыць яго па-іспанску і па-французску, нават на лаціне, а папугай адказваў яму на тых самых мовах, з такою ж пыхай і тым жа тэмбрам голасу, але так і не паварушыўся. Доктар Урбіна ўпэўніўся, што ніхто папугая пераканаць не здолее, і загадаў паклікаць на дапамогу пажарную каманду, якая была апошнім ягоным захапленнем.
Фактычна, да нядаўняе пары, пажары гасілі добраахвотнікі, у ход ішлі мулярскія лесвіцы, а вёдры з вадою цягнулі, адкуль маглі, і спосабы гашэння былі такія недарэчныя і прымітыўныя, што часам прыносілі больш шкоды, чым уласна пажар. Але з мінулага года, дзякуючы збору сродкаў, праведзенага Таварыствам грамадскага ўпарадкавання, ганаровым старшынёй якога быў сам Хувэналь Урбіна, горад меў прафесійную пажарную каманду, машыну з цыстэрнай, сірэнай і звонам, а таксама два брандспойты. Пажарныя сталі настолькі папулярнымі, што школы, калі ў цэрквах пачыналі біць трывогу, спынялі заняткі, каб дзеці пабачылі, як яны вядуць барацьбу з агнём. Напачатку яны толькі гэтым і займаліся. Але доктар Урбіна распавёў вышэйшым муніцыпальным чыноўнікам, што ў Гамбургу бачыў, як пажарныя вярталі да жыцця амаль змерзлае немаўля, якое знайшлі ў сутарэнні пасля трохдзённага снегападу. Ён таксама бачыў у адным неапалітанскім завулку, як яны спускалі труну з балкона дзясятага паверха, бо лесвіцы старога дома былі надта пакручастыя і сям’я не магла вынесці нябожчыка на вуліцу. Гэтак і тутэйшыя пажарныя пачалі рабіць іншыя тэрміновыя паслугі насельніцтву: узломвалі замкі або забівалі атрутную змяю, а Школа медыцыны наладзіла для іх адмысловыя курсы першай дапамогі пры лёгкіх траўмах. Так што нічога заганнага не было ў просьбе спусціць з дрэва знанага папугая з не меншымі заслугамі, чым у якога паважанага кабальера. Доктар Урбіна прамовіў: «Скажыце ім, што папрасіў я». І пайшоў у спальню пераапрануцца да святочнага абеду. Праўду кажучы, ён быў разбіты лістом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і лёс папугая не вельмі турбаваў яго.
Фэрміна Даса ўбралася ў шырокую шаўковую сукенку з падоўжанай таліяй, каралі з натуральных перлінаў у шэсць даўгіх, але няроўных нітак і атласныя чаравікі на высокіх абцасах, якія трымала для самых урачыстых выпадкаў — узрост не дазваляў ёй апранацца так без дай прычыны. Модны строй нібыта быў не да твару бабулі паважных гадоў, але ёй усё гэта пасавала: яна была высокай, яшчэ хударлявай і асаністай, на гнуткіх руках не было ніводнай старэчай радзімкі, валасы, падстрыжаныя пад вуглом на роўні шчакі, паблісквалі стальным блакітам. Адзінае, што заставалася ў ёй ад вясельнага партрэта, — гэта вочы колеру светлых мігдалаў і ўласцівая ёй годнасць, а тое, што адымаў узрост, кампенсавалася характарам і яшчэ стараннасцю. Яна пачувалася добра: далёка ззаду засталіся часы жалезных гарсэтаў, зацягнутай таліі і прыўзнятага хітрыкамі мадыстак азадка. Свабоднае цела цяпер дыхала, як хацела, і дэманстравалася такім, якім яно было. Няхай сабе і ў семдзесят два гады.