Пачалося, як заўжды, будзённа і проста. Доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў спальню, а гэта былі яшчэ тыя часы, калі ён прымаў ванну без дапамогі, і стаў апранацца ў цемры. Яна, як вялося ў той час, знаходзілася ў цеплыні эмбрыянальнага стану: вочы заплюшчаныя, подых лёгкі, а рука паднятая над галавой, як у рытуальных скоках. Але ўсё ж яна драмала, так было заўжды, і ён гэта ведаў. Ладна пашоргаўшы ў цемры накрухмаленай ільняной вопраткай, доктар Урбіна сказаў нібыта сабе самому:
— Пэўна, ужо цэлы тыдзень мыюся без мыла, — так ён сказаў.
Вось тады яна прачнулася канчаткова, успомніла і задрыжэла ад злосці на ўвесь белы свет, бо сапраўды забылася пакласці мыла ў ваннай. Што мыла няма, яна заўважыла тры дні назад, калі ўжо стаяла пад душам, і вырашыла прынесці кавалак пазней, але потым забылася да наступнага дня. Тое ж здарылася і назаўтра. Насамрэч мінуў не тыдзень, як ён гэта сказаў, каб падкрэсліць яе вінаватасць, але тры недаравальныя дні — так, і злосць узнікла, бо яе выкрылі ў няўважлівасці, і гэта вывела яе з сябе. Як звычайна, яна пачала абараняцца нападаючы:
— Але я мылася ўсе гэтыя дні, — закрычала яна, ужо не стрымліваючы сябе, — і мыла заўсёды было на месцы.
Хоць ён і ведаў ужо ейныя метады вядзення вайны, на гэты раз не змог стрымацца. Прыдумаўшы падставу, штосьці накшталт таго, што трэба, маўляў, паназіраць за станам хворых, доктар перабраўся жыць у інтэрнат пры шпіталі Міласэрнасці, дзе былі пакоі для персаналу, а дома з’яўляўся толькі пад вечар, каб пераапрануцца для візітаў. Толькі пачуўшы, што ён прыехаў, яна тут жа сыходзіла на кухню, прыкідвалася занятай, і заставалася там, пакуль з вуліцы не далятаў тупат капытоў, і мужава пралётка не аддалялася. Усе спробы пакончыць з разладам за тры месяцы толькі раздзьмулі полымя злосці. Ён не збіраўся вяртацца, пакуль жонка не прызнае, што мыла ў ваннай не было, а яна адмаўлялася прымаць яго, пакуль ён не пацвердзіць, што свядома схлусіў, каб насаліць ёй.
Інцыдэнт, безумоўна, даў ім мажлівасць прыгадаць мноства іншых дробных сутычак, якія здараліся раней у цьмяны перадзолкавы час. Адныя крыўды варушылі іншыя, раскрыліся старыя шнары, якія зноў прыносілі боль, і абое спужаліся, бо адчай падвёў да разумення: гэтулькі гадоў сумеснага жыцця яны адно што гадавалі прыкрыя крыўды. Ён нават прапанаваў разам пайсці на адкрытую споведзь, запрасіўшы найсвяцейшага арцыбіскупа, калі трэба, каб сам Бог у апошняй інстанцыі вырашыў, ці было мыла ў мыльніцы, ці яго не было. Тады яна, што выдатна ўмела стрымліваць сябе, страціла ўсялякі самакантроль, і з душы вырваўся покліч, які ўвайшоў у гісторыю сямейства:
— У сраку твайго найсвяцейшага арцыбіскупа!
Гэткая знявага скаланула ўвесь горад, спарадзіла самыя неверагодныя чуткі, якія цяжка было абвергнуць, і навечна ўвайшла ў простанародную мову: яе паўтаралі як падпеўку з Аперэткі: «У сраку твайго найсвяцейшага арцыбіскупа!» Яна ўцяміла, што гэтым разам перайшла ўсялякія межы, а таму апярэдзіла рэакцыю мужа, прыгразіўшы яму, што пераедзе ў стары бацькоўскі дом, які яшчэ належаў ёй, хоць часова быў здадзены ў наём пад дзяржаўныя канторы. Гэта не было бравадаю: яна насамрэч хацела пераехаць, яе не турабавала магчымасць публічнага скандалу, і муж спахапіўся своечасова. У яго не хапіла мужнасці кінуць выклік сваім прымхам. Не ў тым сэнсе, каб пагадзіцца, было, маўляў, мыла ў ваннай, бо гэта было б абразай для праўды, а ў тым, каб жыць пад адным дахам, але ў асобных пакоях, не звяртаючыся адно да аднаго. Вось так і елі, упраўляючыся з такім зайздросным спрытам, што навучыліся перадаваць даручэнні з аднаго канца стала да другога праз дзяцей так, каб тыя і не здагадваліся, што бацькі не размаўляюць. Паколькі ў кабінеце ванны не было, новая формула іхных паводзінаў вырашыла ранішнія канфлікты: цяперака ён мыўся пасля падрыхтоўкі да лекцыі і сапраўды імкнуўся не будзіць жонкі. Часта яны падыходзілі да ваннай адначасова і па чарзе чысцілі зубы перад сном. Праз чатыры месяцы доктар лёг пачытаць у сужэнскі ложак, пакуль жонка яшчэ была ў ваннай, як бывала раней, і раптам заснуў. Яна легла побач даволі рэзка, каб ён прачнуўся і сышоў. Так і атрымалася, ён сапраўды прачнуўся, але замест таго, каб устаць, выключыў начнік і зручней прымасціўся на падушцы. Яна ўзяла яго за плячо і патрэсла, нагадваючы гэтым, што ён мусіць пайсці ў кабінет, але той так добра пачуўся на фамільнай пярыне, што вырашыў капітуляваць.
— Дазволь мне застацца, — сказаў ён. — Так, мыла было.
Прыгадваючы эпізод ужо на паваротцы да старасці, ні ён, ні яна не маглі паверыць, што ўсё гэта было, яны здзівіліся, але тая сварка была найстрашнейшай за паўстагоддзя сумеснага жыцця і адзінай, якая выклікала ў іх жаданне здацца і пачаць жыццё па-іншаму. Нават у глыбокай і паблажлівай старасці яны засцерагаліся прыгадваць той канфлікт, бо слаба загоеныя раны здольныя нанава краваточыць, нібыта іх нанеслі ўчора.